Карэспандэнта «Белсату» затрымалі ў Расеі


Карэспандэнта «Белсату» Рамана Янчанку затрымалі паліцыянты ў Навакузнецку. Ён асвятляў пікет супраць здабычы вугалю, які прайшоў ля ўваходу ў федэральнае агенцтва па выкарыстанні нетраў. Удзельнікаў акцыі мясцовыя сілавікі адвезлі ў пастарунак.

Каля будынка ведамства некалькі экаактывістаў правялі адзіночныя пікеты. Пасля заканчэння удзельнікаў затрымала паліцыя, каб высветліць іх асобы і ўзяць тлумачальныя запіскі. Затым іх адпусцілі. Далей журналісты разам з гэтымі ж актывістамі адправіліся ў суседні горад, дзе таксама хацелі вывучыць праблематыку здабычы вугалю. На выездзе з Навакузнецку іхні мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДІБДР.

Расея, Навакузнецк, 13 сакавіка / Супрацоўнік ДІБДР забараняе карэспандэнту «Белсату» публікаваць відэазапіс яго дзеянняў. Аўтар фота – Раман Янчанка, Belsat.eu

У карэспандэнта «Белсату» Рамана Янчанкі яны запатрабавалі прад’явіць дакументы і папярэджвалі яго, што ён нібыта не мае права публікаваць у сеціве відэа дзеянняў праваахоўнікаў:

«Нас затрымалі прыкладна на гадзіну. За гэты час з мяне ўзялі тлумачальную, што я здымаў законны мітынг. Прычым гэты факт, што я здымаў законныя дзеянні пікетоўцаў, яны нават не хавалі. Сам я закон не парушаў, але ўсё роўна павінен напісаць тлумачальную, што здымаў законныя дзеянні і сам дзейнічаў законна. Вельмі дзіўна», – распавёў Раман.

На момант публікацыі аўтобус з журналістамі і актывістамі супрацоўнікі ДІБДР адпусцілі.

Расея, Навакузнецк, 13 сакавіка/ Супрацоўнік ДІБДР спыніў аўтобус з журналістамі. Аўтар фота – Раман Янчанка, Belsat.eu

Кузбас, або Кузнецкі вугальны басейн, – найбуйнейшы вугальны басейн у Расеі, на долю якога прыпадае 59 % усёй здабычы вугалю.

Стужка навінаў