Ігар Марзалюк – пра змены ў Канстытуцыю, апанентаў на выбарах і свой заробак


Давераная асоба Ігара Марзалюка Андрэй Лебедзеў на пярэднім плане. Фота belsat.eu

Сустрэча з кандыдатам на дэпутацтва ад Магілёўска-Ленінскай акругі № 84 Ігарам Марзалюком распачалася са скандалу. Давераная асоба кандыдата Андрэй Лебедзеў і дырэктарка СШ № 12, дзе праходзіла сустрэча, Марына Зубарэнка прыгразілі выклікаць міліцыю на здымачную групу «Белсату».

Прычына такога стаўлення – адсутнасць акрэдытацыі ў журналістаў. Аргумент, што для здымкаў публічнай асобы ў публічным месцы не трэба аніякай акрэдытацыі, не пераканаў ні Зубарэнкі, ні Лебедзева, і яны нібыта сталі выклікаць міліцыю. Выбарнікам запрапанавалі пачакаць 10 хвілінаў да развязання сітуацыі.

Праз 10 хвілінаў журналісты не сышлі, а міліцыя не прыехала. Каманда кандыдата і прадстаўнікі школы знайшлі іншае выйсце. Выбарнікаў запрасілі ў суседняе памяшканне, а журналістаў туды не прапусцілі. Дырэктарка школы Зубарэнка і давераныя асобы Марзалюка ўласнымі целамі загарадзілі дарогу журналістам. У гэты момант паказаўся і сам Ігар Марзалюк, які паскардзіўся, што парушаюцца правілы роўнасці для ўсіх кандыдатаў. У чым заключаюцца гэтыя правілы роўнасці, дакладна невядома.

Дзверы ў памяшканне, куды перанеслі сустрэчу Ігара Марзалюка з выбарнікамі, перад журналістамі зачыніліся, іх паабяцалі прапусціць толькі без відэакамеры. Давялося пагаджацца на гэтыя ўмовы, каб усё ж такі запытаць кандыдата на дэпутацтва пра змены ў Канстытуцыю, якія ён анансаваў падчас папярэдніх сустрэчаў.

Ігар Марзалюк на сустрэчы з выбарцамі ў Магілёве. Фота belsat.eu

Змены ў Канстытуцыю

– Насамрэч ёсць зададзеныя опцыі, звязаныя з тым, што змянілася грамадства, змяніўся соцыум. Насуперак таму, што кажуць на розных дзівосных тэлеканалах, грамадства стала структураванае. У нас дастаткова доларавых мільянераў, законных і шчырых, якія сумленна зарабілі грошы. У нас ёсць свой сярэдні клас, які не збіраецца нікуды ўцякаць, ён жыве тут і хоча больш актыўна браць удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. І гэта выдатна разумее чалавек, якога так не любяць на вашым польскім тэлеканале «Белсат».

Я толькі адно хачу сказаць. Беларуская ўлада вельмі шмат зрабіла для таго, каб Беларусь умацавала свой суверэнітэт, каб мы не страцілі ніводнай прыкметы суверэннай дзяржавы, каб мы не разваліліся і не ўпалі. І яна зрабіла ўсё магчымае, каб выкарыстаць і савецкі рэсурс, і іншы рэсурс. Беларуская ўлада гатовая зрабіць яшчэ адзін рывок, каб нашая краіна годна выглядала і ў Еўропе і ў свеце, і пра гэтыя рэчы, якія былі анансаваныя ды якія цяпер прапрацоўваюцца ў тым ліку ў Канстытуцыйным Судзе, казаў я. Але я нідзе і ніколі не казаў пра 17 гатовых Канстытуцыяў.

Пра якія канкрэтна змены ідзе размова?

– Гэта ўсё было сказана ў пасланні кіраўніка дзяржавы: пра пераразмеркаванне ўладных функцыяў; пра тое, што за эканоміку больш будзе адказваць парламент; што будзе большы кантроль у тым ліку над Саўмінам; што некаторыя функцыі пяройдуць да парламенту, у тым ліку для кантролю за прэм’ер-міністрам.

Экспансія беларускай культуры

– Я мару пра экспансію беларускай культуры і традыцыі. У мяне ў прыяцеля была касуха, там было выбіта «Беларусь ад Прыбалтыкі да Ціхага акіяну». Не пра тэрытарыяльную экспансію вялося, а пра тое, каб нашыя канцэрны, нашыя транснацыянальныя карпарацыі, якія будуць, і наш нацыянальны лад жыцця – нашыя дранікі, нашыя вышыванкі, нашая культура, наш цывілізацыйны код – былі вядомы так, як вядомая, да прыкладу, японская традыцыя. Я пра гэта мару і я ведаю, што мы можам гэта зрабіць.

Беларуская і амерыканская медыцына

– Калі пагледзіце на ўзровень забяспечанасці медычным абсталяваннем у Беларусі, а таксама на ўзровень даступнасці гэтай медыцыны, то вы пераканаецеся, што мы ў нармальным стане. Адзін прыклад: сын Вінцука Вячоркі, Франак, паехаў у ЗША, дзе ў яго здарыліся праблемы з нагою. Была страхоўка на 16 тысяч долараў, яму ў Амерыцы ножку зрабілі, але за 95 тысяч долараў. Шмат якія рэчы медычныя, абсалютна даступныя і бясплатныя ў нас, у іншых краінах каштуюць грошай.

Марына Зубарэнка – старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, дырэктарка школы, у падпарадкаванні якой знаходзяцца ўсе астатнія сябры камісіі. Фота belsat.eu

Пра подлыя каментары

– Пастаўце сябе на хвіліну на месца іншага, на месца ягонай сям’і. Магчыма, тады вы не будзеце пісаць подлых каментароў пад рознымі дзівоснымі «аналітычнымі» тэкстамі, дзе змешваюць з брудам нармальных людзей, якія не здзяйснялі гэтых рэчаў. Помніце пра гэта. Бо кожнае дзеянне нараджае супрацьдзеянне, і як гукнеш, так і адгукнецца. І ўжо даруйце, калі аддача вас замучыць.

Навошта ісці ў дэпутаты

– Для чаго ідзе чалавек у дэпутаты? Калі ў яго ёсць сумленная душа і нармальны абавязак перад людзьмі, ён абавязаны заканатворчаю дзейнасцю палепшыць умовы гульні ў эканоміцы ды спрыяць лепшаму развіццю навукі, культуры ды адукацыі. Вось галоўнае заданне дэпутата, калі ў яго ёсць сумленне, калі ён адказвае за свае ўчынкі, калі ён адказвае за тое, чым ён займаецца. Мне, яшчэ раз паўтару, не сорамна, я не ад сельскай акругі іду.

Памочнік Ігара Марзалюка Аляксей Аўласовіч на сустрэчы з выбаршчыкамі. Фота belsat.eu

Пра свой заробак

– З 1998 года я заўсёды шмат зарабляў. Я ганаруся тым, што я ўваходжу ў дзясятку самых высокааплатных кандыдатаў. Я зарабіў гэтыя грошы, не скраў. Я заплаціў падаткі і, як вы бачыце, сярэднестатыстычны дэпутат – гэта недзе 40 тысячаў, а ў мяне больш за 60, здаецца, 63 тысячы. Я ўжо не памятаю. Я навуковец-практык, і сэнс у тым, што, не парушаючы закону аб статусе дэпутата, не парушаючы закону аб дзяржаўнай службе, я працягваў займацца і практыкаваць дзяржаўную прафесію. Я гэта рабіў, раблю і буду рабіць.

Пра апанентаў на выбарах

– Я вас заклікаю: прыйдзіце на выбары і выберыце таго, хто прыйшоў да вас, таго, хто прайшоў усё – і прыватны сектар, і кожны дом са сваймі даверанымі асобамі. Бо іх толькі частка тут, усе астатнія ходзяць і распаўсюджваюць вось гэтыя ўлёткі. Мне сорамна за так званых апанентаў з адной простай прычыны. Гэтыя людзі нават на дошку абвестак не павесілі сваіх праграмаў. Я бачыў агітацыйныя матэрыялы толькі двух чалавек, і тое не паўсюль.

Увайсці ў кабінет, дзе мелася адбыцца сустрэча з Ігарам Марзалюком, перашкаджалі ягоныя давераныя асобы. Фота belsat.eu

Палітычныя погляды

– Мне ўсё роўна, якія ў вас тут палічныя погляды. Вось я – правацэнтрыст. Мне вельмі падабаецца кансерватыўная ідэалогія. Мае іконы стылю – гэта Людвіг Эргард і Конрад Адэнаўэр. Я вельмі люблю Рузвэлта і ягоны «Новы курс», а калі нам прапануюць пячорны капіталізм і кажуць, што гэта Міжнародны валютны фонд так хоча, калі нам прапануюць нейкія рэчы, якія не зрабілі шчасліваю ні адной краіны, то мы на гэта не пойдзем. Іншая рэч, што нам патрэбная новая мадэрнізацыя, новая індустрыялізацыя. Усё гэта дае падставы для аптымізму, і ўлада гэта разумее лепш за тых, хто яе крытыкуе.

  • Ігар Марзалюк нарадзіўся ў Краснаполлі на Магілёўшчыне. Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў мінулага склікання.

АC belsat.eu

Стужка навінаў