Хто вінаваты ў правале Даманеўскага і якой была роля памочніка Лукашэнкі? Тлумачыць эксперт


Цяпер ужо былы старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Даманеўскі мог паспяхова кіраваць вобласцю, калі б яму не перашкаджаў памочнік прэзідэнта Генадзь Лаўранкоў – чалавек, які зрабіў кар’еру выключна дзякуючы асабістай лаяльнасці і вернасці Александру Лукашэнку. Такую думку ў інтэрвʼю belsat.eu выказаў кандыдат эканамічных навук, каардынатар руху «За Свабоду» па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі.

26 сакавіка падчас наведвання аграхолдынгу «Купалаўскае» кіраўнік краіны зладзіў кадравы разнос. Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Даманеўскі адхілены ад пасады, прадстаўнік прэзідэнта на Магілёўшчыне Генадзь Лаўранкоў паніжаны ў пасадзе і зойме месца старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Часовым выканальнікам абавязкаў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму прызначаны Мікалай Кароцін, які быў першым намеснікам Даманеўскага. Экс-старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюнаў зойме пасаду кіраўніка аграхолдынгу «Купалаўскае».

Belsat.eu абмеркаваў апошнія кадравыя перастаноўкі ў вобласці з Пятром Мігурскім.

Пётр Мігурскі. Фота pyx.by

– Чым запомніўся на пасадзе старшыні аблвыканкаму Даманеўскі і як вы ставіцеся да ягонага звальнення?

Справка

Уладзімір Даманеўскі нарадзіўся 14 лютага 1960 года ў Дзяржынску. Працаваў у гаркоме КПСС, у Дзяржынскім гарадскім, а потым раённым камітэце. З 1998 па 2006 год – у Менаблвыканкаме, потым у апараце савету міністраў. З 2009 па 2013 год – старшыня Слуцкага райвыканкаму, у 2013-2014 – памочнік Лукашэнкі па Гарадзенскай вобласці. У 2014-м быў прызначаны старшынёй Магілёўскага аблвыканкаму.

– Даманеўскага мне трохі шкада. Чалавек інтэлігентны, пісьменны. Чалавек, які не можа падвысіць голас на сваіх падначаленых. Іншая справа, што ён не ўпісаўся ў гэтую сістэму – у гэтым сэнсе вынік заканамерны. Самае галоўнае ў яго няўдалай кар’еры губернатара тое, што ён дазволіў працаваць побач з сабой Лаўранкову. Лаўранкоў – тормаз для ўсёй Магілёўскай вобласці і, як аказалася, для карʼеры Даманеўскага. Нельга, вядома, ва ўсім вінаваціць Лаўранкова. Вінаватая перш за ўсё тая сістэма гаспадарання, якая існуе ў Беларусі. Але нават на гэтым фоне можна было нешта зрабіць. Сваёй інтэлігентнасцю, не здольнасцю супрацьстаяць Лаўранкову, Даманеўскі паставіў крыж на Магілёўскай вобласці і на сваёй кар’еры.

Генадзь Лаўранкоў. Скрыншот з відэа «Беларусь-1»

– Чаму Лаўранкоў, на вашу думку, зʼяўляўся тормазам у вобласці?

– Мы ж яго ведаем з таго часу, калі ён працаваў начальнікам аддзелу эканомікі Шклоўскага райвыканкаму. З якой прапановаю да яго не прыйдзеш – яна абавязкова зарубалася. Чаму? Бо чалавек хацеў спакойна жыць і ні за што не адказваць. Потым ён стаў нечакана старшынёй райвыканкаму і ўсё пакацілася ўніз. Паспяховы раён скаціўся на апошняе месца ў вобласці па шэрагу паказнікаў. Потым, натуральна, яго перакінулі на іншыя пасады. Нідзе ён нармальна не працаваў. Прызначалі кіраваць падатковай інспекцыяй у Магілёўскай вобласці – і адразу пачаўся ціск на рэальны сектар эканомікі, высветлілася поўнае неразуменне праблемаў прадпрымальнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Потым стаў кіраўнікам Упраўлення справаў прэзідэнта і таксама ўсе за галаву хапаліся, што ён там рабіў. І вось нарэшце яго прызначалі памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці. Гэта пры Лаўранкове вобласць заняла адно з першых месцаў у краіне па ўзроўні карупцыі. Пры ім на пасады прызначаліся людзі, што мелі судзімасць. Бюракратычны дэбілізм ахапіў Магілёўскую вобласць і, у прыватнасці, Шклоўскі раён. Школу Лаўранкова добра засвоіў Васіль Віцюнаў – з ім, кажуць, нават прыём на працу даярак узгадняўся.

– А як Лаўранкову атрымалася зрабіць такую карʼеру?

– Выключна дзякуючы лаяльнасці Лукашэнку. Калі Лукашэнка яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, ён атрымліваў усе дадзеныя па сітуацыі ў Шклоўскім раёне, вельмі пісьменна імі апеляваў і ўсе здзіўляліся, адкуль ён браў гэтую інфармацыю. Натуральна, атрымліваў з райвыканаму, дзе тады працаваў Лаўранкоў. Усе ў раёне разумелі гэта. Таму Лукашэнка ведае, каму ён абавязаны. У Шклоўскім раёне было некалькі чалавек, што дапамагалі яму раскручвацца, і вось ён стаў прэзідэнтам, а ўзамен гэтыя людзі атрымалі асабістае заступніцтва Лукашэнкі.

– У чым погляды Лаўранкова і Даманеўскага разыходзіліся? Можа вы маглі б прывесці канкрэтны прыклад?

– Канкрэтны прыклад прывесці не магу, я ж кажу пра агульную атмасферу. Даманеўскаму проста не давалі працаваць, пачынаючы з пытанняў кадравай палітыкі. Няма прыкладаў, каб Даманеўскі з сабою прывёў людзей з Гарадзенскай або Менскай вобласці. У гэтых абласцях хаця б было нейкае развіццё, а навошта яны будуць паказваць свой розум у Магілёўскай вобласці побач з Лаўранковым? Гэта ўсё не маё асабістае меркаванне. Я знаёмы з многімі працаўнікамі аблвыканкаму і яны наўпрост кажуць: Даманеўскі мог бы някепска працаваць, калі б у яго пад нагамі не блытаўся Лаўранкоў.

Hавiны
«Яна ж уся абасраная!» Лукашэнка абараніў кароў ад чыноўнікаў
2019.03.26 17:01

– А намеснік Даманеўскага Мікалай Кароцін – што ён за чалавек?

– Я адзін раз сустракаўся з ім і ён пакінуў вельмі добрыя ўражанні. Дзелавы мужык. Калі Лукашэнка зацвердзіць яго кіраўніком аблвыканкаму, то вобласці гэта будзе ў плюс.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў