Хроніка Курапатаў: 1937–2019


Жарсці вакол расстрэльнага ўрочышча не могуць спыніцца ўжо 30 гадоў: з моманту адкрыцця першых пахаванняў ахвяраў і ажно да знішчэння 4 красавіка гэтага года 70 памятных крыжоў, усталяваных актывістамі. Прыгадайма вехі гісторыі Курапатаў ХХ і ХХІ стагоддзяў.

Зразумела, мы не здолеем змясціць тут усіх падзеяў, усіх імёнаў герояў і катаў, ахвяраў і сведкаў, але паспрабаваць намаляваць агульную храналогію пастараемся. Такім чынам…

1930-ыя. У Курапатах, ва ўрочышчы на поўнач ад Менску, ствараюць спецаб’ект НКВД. Як ён выглядаў паводле планаў, якія будынкі там месціліся, калі месціліся наагул, невядома. Пад пытаннем застаецца і першасны функцыянал аб’екту. Сведкі, з якімі размаўлялі даследнікі ў 1980-ыя, згадваюць адно пра трохметровы драўляны плот.

Знаходкі чалавечых парэшткаў у Курапатах, 1988

1937–41. Менавіта цягам гэтых гадоў, паводле даследнікаў, аб’ект НКВД пераўтвараецца ў месца масавых расстрэлаў. Вязняў тут не трымалі, але прывозілі са следчых ізалятараў у Менску, каб прывесці ў дзеянне смяротную кару. Тут жа забітых і хавалі ў брацкіх магілах, зразумела, без ніякіх пазнавальных знакаў.

1941–44. Што рабілася ў Курапатах цягам нямецкай акупацыі, невядома. Са сведчанняў вынікае толькі, што драўляны плот жыхары навакольных вёсак разабралі на дровы, то бок сам расстрэльны аб’ект не працаваў паводле свайго прызначэння, інакш яго б ахоўвалі.

1956–63. Вакол Менску будуюць двухпалосную кальцавую дарогу, якая прайшла праз Курапаты. Ці знаходзілі падчас працаў нешта будаўнікі? Версіі разыходзяцца. Паводле адной, парэшткі знайшлі і вывезлі. Паводле іншай, знайшлі толькі гільзы і набоі пачатку ХХ стагоддзя, нібыта з савецка-польскай вайны 1920 года.

Легендарны артыкул «Курапаты – дарога смерці»

1970–80-ыя. У Курапатах дзякуючы новым лесапасадкам гадуецца малады лес. Цікава, што сваймі абрысамі ён паўтарае стары, перадваенны. Тыя дрэвы, якія мы бачым ва ўрочышчы сёння, акурат паваенныя. Тады ж, у брэжнеўскі час, праз урочышча пракладаюць газаправод. Ён працінае горку, сёння больш вядомую як Галгофа, ды ідзе паралельна Менскай кальцавой. Прараб знаходзіць парэшткі падчас працаў і выклікае міліцыю. Паводле адной з версіяў, начальства дало загад «закапаць усё назад», паводле іншай – следчыя вывезлі парэшткі.

«Крыж пакуты» перад усталяваннем, 1989

3 чэрвеня 1988-га. У часопісе «Літаратура і Мастацтва» з’яўляецца артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці». У ім яшчэ няма дакладных фактаў і доказаў, адно сведчанні жыхароў навакольных вёсак пра «стрэлы, якія чуліся штоночы з Курапатаў на працягу некалькіх год перад вайной». На хвалі перабудовы і ўсё новых фактаў пра злачынствы савецкай сістэмы артыкул меў эфект разарванай бомбы.

14 чэрвеня 1988-га. Пракуратура БССР распачынае крымінальную справу па фактах, апісаных Пазняком і Шмыгалёвым. Следства ўзначальвае Язэп Бролішс, следчы ў асабліва важных справах.

Сведкі растрэлаў з суседніх вёсак і Зянон Пазняк на Дзядах, 1989

Сярэдзіна ліпеня 1988-га. Паколькі справа набывае ўсё шырэйшы рэзананс, Савет Міністраў БССР стварае дзяржаўную камісію для расследавання забойстваў у Курапатах. Туды ўваходзіць безліч уплывовых на той момант персонаў: ад пісьменніка Васіля Быкава да кіраўнікоў МУС і КДБ БССР. Кіруе камісіяй намесніца старшыні Савету Міністраў БССР Ніна Мазай. Ейны намеснік – Генеральны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі. І яшчэ багата герояў Савецкага Саюзу, партызанаў і падпольшчыкаў.

Ліпеньлістапад 1988-га. Чым займалася следства і камісія? На ўсёй плошчы ўрочышча, якая складае прыблізна 30 гектараў, былі выяўленыя 510 западзінаў (імаверных праселых магілаў). Некаторыя былі ўскрытыя і даследаваныя археолагамі: чалавечыя парэшткі, абутак, асабістыя рэчы, гільзы збольшага ад нагана ды мосіна – упадабанай зброі НКВД. Дапыталі таксама жывых сведак трагедыі з навакольных вёсак: Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Драздова.

30 кастрычніка 1988-га. Жорсткі разгон міліцыяй і ўнутранымі войскамі мітынгу ў Курапатах, ініцыяванага Пазняком. Паводле ўспамінаў Быкава, людзей збівалі, труцілі газам з балончыкаў, арыштоўвалі… У выніку мітынг-рэквіем прайшоў у чыстым полі, побач з урочышчам, дзе людзі станавіліся на калені для малітвы. З шэрага неба падаў першы снег.

Пажарныя і міліцэйскія машыны на Дзяды, 1988

Лістапад 1988-га. Генеральны пракурор Тарнаўскі агучвае вынікі расследавання, згодна з якімі забойствы ажыццяўляліся працаўнікамі камендатуры НКВД БССР. Лічбу ахвяраў ацэньваюць мінімум на 30 тысячаў чалавек. З забойцамі ніхто не разбіраецца, бо яны або самыя пазней былі ліквідаваныя тымі ж савецкімі органамі бяспекі, або памерлі. Таму і спытаць, маўляў, няма з каго.

Гэтым годам акцыю на Дзяды сілавікі не чапалі – у выніку яна сталася шматтысячнаю. Людзі не толькі дайшлі да ўрочышча, але і паставілі там сяміметровы Крыж пакуты, а таксама запрасілі для выступу жывых сведкаў падзеяў – бабуль з навакольных вёсачак.

Усталяванне «Крыжа пакуты», 1989. Фота «Радыё Свабода»

З гэтага моманту Курапаты і самая вулічная акцыя на Дзяды адназначна набываюць не толькі гістарычнае, але і грамадска-палітычнае значэнне. Таксама яны набываюць асацыятыўную звязку з Беларускім Народным Фронтам «Адраджэнне», які ўзначальвае Пазняк.

28 лістапада 1991-га. Жахлівыя факты пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах выклікаюць хвалю пратэстаў з боку ветэранаў ды артадаксальных камуністаў. Нават дзяржаўнай камісіі і следству з такім зорным складам яны не вераць. Таму ўтвараюць альтэрнатыўную грамадскую камісію пад кіраўніцтвам супрацоўніка Акадэміі навук Валянціна Корзуна. Яе заданне – давесці, што стралялі ў Курапатах… нацысты!

Прычым расстрэльвалі не беларусаў нават, але габрэяў з Еўропы. Усё гэта выглядае смешна, бо даследнікі з камісіі апелююць да знойдзенага абутку «несавецкай вытворчасці» (дзіўна было б, каб у Заходняй Беларусі да 1939-га карысталіся савецкім абуткам). Або да гільзаў ад браўнінга (зброяй заходняй вытворчасці актыўна карысталіся і ўзнагароджвалі адно аднаго ў НКВД). Дзейнасць камісіі нічым не канчаецца, затое яе довады пра нямецкі след робяцца ідэалагічнаю платформаю для рыторыкі праціўнікаў мемарыялу ажно да сёння.

Шушкевіч, Клінтан і Пазняк у Курапатах, 1994

Студзень 1994-га. У Курапаты прыбывае прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у суправаджэнні Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча. З гэтага часу ва ўрочышчы з’яўляецца лава Клінтана – падарунак ад народу ЗША. Каменную лаву з 1994-га неаднаразова ламалі вандалы, апошнім разам зусім нядаўна, на пачатку 2019-га.

1991–2001. Жарсці ў Курапатах не сціхаюць. Гэтак званая грамадская камісія працягвае пісаць лісты ўва ўсе структуры, але кропку на тэме з габрэйскім следам ставіць іерусалімскі інстытут «Яд ва-Шэм»: немцы і забівалі, і хавалі па-іншаму. Рэчы таксама ўсе ў забітых адбіралі, а ў Курапатах поўна асабістых рэчаў ахвяраў…

Абаронцы Курапатаў 2001 года і байцы АМАПу

У залаты час БНФ Курапаты стаюцца сапраўды народным мемарыялам: тут ставяць усё новыя крыжы, арганізоўваюць прыбіранні і варты. Афіцыйная прапаганда ж пасля 1994-га тэму Курапатаў працягвае ігнараваць або выкарыстоўваць супраць апазіцыі: у знакамітым прапагандысцкім фільме Азаронка «Дзеці ілжы» прагаворваецца ўсё тая ж версія пра нацысцкія расстрэлы.

Намёт абаронцаў Курапатаў, 2000-2001 гг.

Верасень 2001-га – чэрвень 2002-га. Пасля таго як улады пастанавілі пашырыць МКАД з дзвюх палосаў да шасці, грамадскасць сустракае будаўніцтва пратэстамі. Дарожнікам перашкаджалі актывісты «Маладога фронту», Беларускай партыі свабоды, КХП БНФ ды інш. Узімку ў Курапацкім лесе ўтвараецца лагер пратэстоўцаў, перыядычна адбываюцца сутычкі з міліцыяй, штурханіна і затрыманні. Неяк уночы найбольшы намёт невядомыя асобы нават падпалілі – актывіст БПС атрымаў сур’ёзныя апёкі… Не зважаючы на пратэсты, МКАД усё ж такі быў пашыраны.

З паўночнага боку Курапатаў пачынаюць будаваць жылы пасёлак Сонечны. Не зважаючы на абурэнне грамадскасці і папяровыя баталіі, паселішча ўсё ж паўстае.

Пашырэнне МКАД, 2001

Згодна з новым генеральным планам Менску, уздоўж МКАДу спатрэбіўся прыдарожны сэрвіс. Спачатку пляцоўку на заходняй мяжы Курапатаў узяла нейкая прадпрымальніца, праз некалькі гадоў – «БелРэстІнвест», пасля – сумнавядомы «Бульбашъ Холл». Праз спрэчкі з-за ахоўных зонаў рэстаран так і не адкрыўся, хоць у 2012-ым будоўля ўжо была скончаная.

2002–2017. Курапаты пераўтвараюцца ў грамадскую пляцоўку, дзе працуе на ніве добраўпарадкавання некалькі груповак: КХП БНФ, «Эксперты ў абарону Курапатаў», рух салідарнасці «Разам» ды інш. Актывісты ладзяць прыбіранні, замяняюць пашкоджаныя вандаламі ці спарахнелыя крыжы на новыя, садзяць кветкі, у выходныя ганяюць з лесу аматараў шашлыкоў ці нават бясхатнікаў, якія ладзяць тут свае ляжанкі і сховы.

Знаходкі чалавечых парэшткаў у Курапатах, 1988

Ужо традыцыйная акцыя Дзяды з пратэставай пераўтвараецца ў жалобную ды збірае штораз усё менш людзей: апошнімі гадамі – прыблізна 1000 чалавек.

Люты-сакавік 2017-га. Калі з боку Зялёнага Лугу пачынаюць будаваць бізнес-цэнтр, на месца прыязджаюць маладафронтаўцы разам са Змітром Дашкевічам, каб перашкодзіць будоўлі. Пасля нападу на лагер пратэстоўцаў у ноч на 23 лютага ў лагер прыходзяць усё больш людзей. Пасля супрацьстаяння з міліцыяй і будаўнікамі ды сходаў незадаволеных жыхароў раёну, забудоўнік пастанаўляе асабіста сустрэцца з Дашкевічам, а пасля адмаўляецца ад сваіх планаў. Будоўлю спынілі.

Зміцер Дашкевіч у Курапатах, 2017

Кастрычнік 2018-га. Пасля пратэстаў 2017-га сярод афіцыёзу пачынаюць гучаць галасы за ўшанаванне і дэпалітызацыю Курапатаў. Адным з вынікаў стаўся конкурс на памятны знак ва ўрочышчы, які з’явіўся 6 кастрычніка ад скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Лета 2018-га – вясна 2019-га. Памятаеце, мы пісалі пра «Бульбашъ Холл»? У 2018-ым гэтую ўстанову ўсё ж адкрываюць, але пад іншаю назвай – «Паедзем паядзім». Адкрыццё рэстарану ўзбуджае новы ўсплёск грамадскай незадаволенасці праз шумныя гулянкі ў рэстаране з феерверкамі і музыкаю непадалёк магілаў.

Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у лютым-2017, фота belsat.eu

З моманту адкрыцця ля брамы рэстарану дзяжурыць курапацкая варта: актывісты на чале з Ганнаю Шапуцькай і Паўлам Севярынцам уступаюць у перапалкі з наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарану, раздаюць улёткі, фіксуюць аўтамабілі і твары кліентаў ды пастаўнікоў для сваіх базаў. Пратэсты ў падобнай форме выклікаюць неадназначную рэакцыю: варта так і не робіцца масаваю.

4 красавіка 2019-га. Пакуль ля рэстарану стаіць варта, Зміцер Дашкевіч з сябрамі паспявае сабраць грошы, зрабіць і ўсталяваць вакол курапацкага лесу 70 шасціметровых крыжоў, добра бачных з кальцавой. Аднак 4 красавіка дзясяткі работнікаў лясгасу пад аховаю міліцыі ды АМАПу вырываюць і вывозяць у невядомым кірунку крыжы, 15 актывістаў затрыманыя.

Абноўлена
Крыжовы шлях у Курапатах. ОНЛАЙН
2019.04.04 18:28

Інцыдэнт з крыжамі выклікаў шалёны рэзананс, яго пракаментавалі ў адмоўным ключы прадстаўнікі дамінантавых хрысціянскіх канфесіяў, пра выпадак напісалі найбуйнейшыя інфармацыйныя выданні па ўсім свеце. Паводле адной з версіяў, інцыдэнт стаўся вынікам нядаўняй рэплікі кіраўніка дзяржавы пра неабходнасць «спыніць дэманстрацыі з крыжамі ў Курапатах».

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Стужка навінаў