Гісторык: «Калі будзе пагроза для дзяржавы – Каліноўскага ўшануюць»

Кароль земляў ад Дняпра да Буга і генерал паўстанцаў. Так Кастуся Каліноўскага называлі ўдзельнікі ўшанавання памяці кіраўніка антыцарскага паўстання 1863-1864 гг. у Вільні. Ягоныя парэшткі змесцяць у саркафагу і разам з двума дзясяткамі ідэнтычных трунаў пахаваюць у старой капліцы на могілках Росы ў Вільні. На кожным пахаванні будзе імя вертыкальна і гарызантальна па-літоўску і па-польску. І толькі на адным пахаванні – яшчэ і па-беларуску. Літоўскі ўрад змяніў ранейшы праект перапахавання герояў 1863 г., і на магіле Кастуся Каліноўскага будзе подпіс па-беларуску. Змены дамагліся беларусы. Падрабязнасці рэпартажы Сяргея Пелясы з Літвы.

Кастуся Каліноўскага разам з двума дзясяткамі іншых удзельнікаў антыцарскага паўстання 1863–1864 гг. на землях былой Рэчы Паспалітай перапахаваюць у капліцы на могілках Росы ў Вільні. Пачаткова літоўскі ўрад не планаваў подпісу на беларускай мове.

Распавядае Томас Тамілінас, дэпутат Сейму Літвы:

«Я размаўляў з міністрам культуры. Ён вялікі знаўца літаратуры. Ён ведае, што Каліноўскі пісаў па-беларуску. Калі я яго папрасіў, каб гэты надпіс быў на беларускай мове, ён навёў некаторыя даведкі ды сказаў, што гэты праект будзе зменены. Там, менавіта на магіле Каліноўскага, з’явіцца надпіс на беларускай мове».

Могілкі Росы ў Вільні стануць сімвалічным месцам, якое аб’ядноўвае тры народы – беларусаў, літоўцаў і палякаў. Кастусь Каліноўскі будзе спачываць побач з пахаваннямі галоўных герояў палякаў – пахаваным сэрцам Юзэфа Пілсудскага і магілаю Ёнаса Басанавічуса, аднаго з ідэолагаў адраджэння незалежнасці Літвы.

«У Літве ўсе дакладна добра ведаюць, што Каліноўскі гэта адзін з беларускіх галоўных герояў. І з гэтым літоўцы не маюць ніякага клопату і не дыскутуюць на гэты конт», – працягвае Томас Тамілінас.

А таму ў Вільні беларусы разам з літоўцамі, а таксама палякамі ды ўкраінцамі 22 і 23 сакавіка ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага. Гаворыць галоўны арганізатар акцыі:

Анатоль Міхнавец, «Беларуская нацыянальная памяць»:

«Сёння 155-ая гадавіна з дня смерці Кастуся Каліноўскага. Роўна а 10:30 на Лукішскім пляцы зазванілі званы касцёлу святых апосталаў Якуба і Філіпа. Гэты касцёл быў сведкам трагедыі, якая адбылася 155 гадоў таму. Таму мы сюды прыйшлі, каб ушанаваць памяць нашага нацыянальнага героя».

Пасля беларусы чыталі прозвішчы паўстанцаў.

Каментуе гісторык Язэп Янушкевіч:

«І тады, і сёння для свядомых грамадзянаў былога Вялікага Княства Літоўскага ён і ёсць апошнім каралём гэтай зямлі, што раскінулася ад Дняпра да Бугу, паміж Дзвіною і Прыпяццю. Ён духоўны правадыр».

Ушанаваць памяць кіраўніка паўстанцаў прыйшла і прапраўнучка паўстанца Людміла Пяткявічуце, дзіцячая пісьменніца:

«Мой бацька ведаў з першых вуснаў. Ягоная бабуля была паўстанкаю. Яна ўсё гэта распавядала. Мой бацька – вядомы пісьменнік Вітаўтас Пяткявічус. Практычна я пра ўсё даведалася з першых вуснаў. Я вельмі паважаю гэтую асобу. Гэтаму правадыру, магчыма, не ўсе ведаюць, яму было ўсяго 26 гадоў».

Менавіта 26 паходняў запалілі ўвечары вакол памятнага крыжа на месцы забойства Каліноўскага.

На наступны дзень, 23 сакавіка, на ўрачыстым шэсці ды мітынгу апроч беларускіх луналі літоўскія, польскія і нават сцягі Украіны і Тыбету. Першы кіраўнік незалежнай Літвы назваў Каліноўскага генералам паўстання.

«Будзем памятаць Каліноўскага. Ён наўрад ці мог разлічваць на тое, што Беларусь у сілу гэтага паўстання стане свабоднай, дэмакратычнай. Ён ведаў, што гэта адзіны шлях, па якім варта ісці, жыць і якому варта прысвячаць сябе», – кажа Вітаўтас Ландсбергіс.

Гжэгаж Пазнаньскі, віцэ-амбасадар Польшчы ў Літве па-беларуску працытаваў словы Кастуся Каліноўскага з другога ліста з-пад шыбеніцы, напісанага ў царскай турме перад павешаннем:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі маскаля над табой не будзе».

Пасля ўрачыстасцяў на Лукішскім пляцы ў гістарычным музеі Літвы, што месціцца пад гарой Гедыміна, беларускія і польскія гісторыкі прэзентавалі найноўшыя даследаванні пра паўстанцаў.

Распавядае Васіль Герасімчык, гісторык, аўтар кнігі «Канстанцін Каліноўскі. Асоба і легенда»:

«Цудам на Раство 2017 г. паплыў схіл гары, і адкрыліся парэшткі паўстанцаў. Першымі з якіх, як нам сёння навукова давялі археолагі, хутчэй за ўсё былі парэшткі Канстанціна Каліноўскага. Нічога не бывае проста так у нашай гісторыі. Гэта нешта павіннае значыць. А што – няхай кожны з беларусаў адказвае для сябе сам».

Цяпер археолагі ідэнтыфікавалі ўсіх з 21-го паўстанца. Большасць з іх расстралялі, а частку павесілі. Расстраляных і павешаных пахавалі асобна.

«Павешаных паўстанцаў было толькі трое – Серакоўскі, Каліноўскі ды Калышка. Мы вызначылі Серакоўскага паводле шлюбнага пярсцёнка. А Калышка быў высокага росту. І ён таксама супаў», – распавядае літоўскі археолаг Гіціс Грыжас.

Застаецца толькі Каліноўскі. Са знойдзенымі парэшткамі таксама супалі ягоны ўзрост і параўнанне чэрапа з фотаздымкам. Каб мець 100-адсоткавую ўпэўненасць, патрэбная генетычная экспертыза, параўнанне з парэшткамі брата Кастуся – Віктара, які пахаваны ў Беларусі. І з гэтым праблема. Адначасова з адкрыццём парэштак Каліноўскага дэпутат Савету Рэспублікі, археолаг Ігар Марзалюк пачаў спробу выкрасліць правадыра паўстання са спісу беларускіх герояў.

Марзалюк, Каліноўскі і шмат-шмат «фашыстаў»

Каментуе Алесь Смалянчук, прафесар, гісторык:

«Уся гісторыя Каліноўскага ў 20 стагоддзі, ідуць баі за яго. Сёння зноў пачалося такое. З пазіцыі заходнерусізма, які не прызнае права беларусаў быць народам, нацыяй, мець сваю дзяржаву, наезд на Каліноўскага. Сцвярджаюць што гэта польскі дзеяч, не беларускі і, хутчэй, беларусам шкоду нанёс, чым нейкую карысць».

Паводле Васіля Герасімчыка, падыход Ігара Марзалюка адрозніваецца ад беларускай традыцыі.

Працягвае гісторык Васіль Герасімчык:

«Назіраюцца змены ва ўспрыманні постаці Каліноўскага пасля падзеяў у Беларусі ў 2006 г. Калі з’явілася ў Польшчы праграма Каліноўскага і калі з’явілася плошча Каліноўскага, як абвесцілі тыя, хто падтрымліваў іншае бачанне Беларусі».

Плошчай Каліноўскага назвалі Кастрычніцкую плошчу ў цэнтры Менску, дзе адбываліся пратэсты супраць недэмакратычных выбараў прэзідэнта. Улады заўважылі пагрозу ў рэвалюцыйнасці правадыра паўстання.

«Сёння запыту на Каліноўскага няма ў дзяржаве. Калі будзе вонкавая пагроза для дзяржавы, зноў да Каліноўскага вернуцца на дзяржаўным узроўні ды ўшануюць так, як трэба», – ацэньвае Васіль Герасімчык.

Беларускія гісторыкі раздалі ўсім ахвотным мяшочкі з зямлёю з месца пахавання Кастуся Каліноўскага. Ідэя ў тым, каб кожны мог узяць яе з сабою і пасадзіць на ёй кветкі.

Ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага скончыліся імшою ў беларускім Касцёле св. Барталамея. Літоўска-польскае перапахаванне паўстанцаў запланаванае на восень. Дэпутат Эмануэліс Зінгерыс ад імя Сейму Літвы запрасіў і беларусаў. Яшчэ ёсць час, каб афіцыйны Менск далучыўся да ўрачыстасцяў.

Фота на застаўцы: Сяргей Пеляса

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» с Сяргеем Пелясою 29.03.2019.

belsat.eu

Hавiны