Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан можа прыехаць у Беларусь ужо на гэтым тыдні. Пра гэта паведамляе выданне Foreign Policy.
Foreign Policy адзначае, што візіт Болтана з’яўляецца апошнім знакам размарожвання стасункаў з «апошняй дыктатурай Еўропы» і гэта можа раззлаваць Маскву. Выданне таксама адзначае, што візіт адбудзецца на фоне спробаў Расеі ўзмацніць інтэграцыю з Беларуссю.
«Болтан добра разумее, што Пуцін праводзіць агрэсіўную палітыку, і што агрэсіўная палітыка Пуціна таксама можа ўключаць нейкія захады ў дачыненні да Беларусі», – заявіў Джон Гэрбст, былы амбасадар ЗША ва Украіне.
У артыкуле не паведамляецца, якія сустрэчы запланаваныя падчас візіту і якія тэмы будуць абмяркоўвацца.
Афіцыйна ні Вашынгтон, ні Менск пакуль не заяўлялі пра візіт Болтана. Тым часам, сам дарадца Трампа анансаваў сваю паездку ва Украіну.
The President had productive meetings in Biarritz at the #G7. I’m looking forward to my upcoming meetings with our partners in Kyiv. We support President Zelenskyy’s reform efforts and vision to create a stronger and more prosperous Ukraine.
— John Bolton (@AmbJohnBolton) August 26, 2019
«З нецярпеннем чакаю будучых сустрэч з нашымі партнёрамі ў Кіеве», – адзначыў Болтан у «Twitter».
Раней СМІ паведамлялі, што беларускія ўлады паставілі сабе мэту атрымаць дазвол на продаж нафтапрадуктаў і набыццё сырой нафты ў ЗША. У прыватнасці, Беларуская нафтавая кампанія наняла амерыканскага лабіста Дэйвіда Джэнкарэлі, які мусіць дабіцца ад Вашынгтона ліцэнзіі на гандаль.
ІІ belsat.eu