ЕЗ асудзіў выкананне чарговага смяротнага выраку ў Беларусі


Еўразвяз зноў заклікаў Менск увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Заява была зроблена ў сувязі з выкананнем смяротнага выраку ў дачыненні да Аляксандра Жыльнікава, асуджанага за забойства трох асобаў.

«ЕЗ паўтарае свой рашучы пратэст супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах і заклікае Беларусь увесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку да яе адмены», – падкрэсліла вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Мая Кацыянчыч.

У заяве ведамства адзначаецца, што ЕЗ выказвае спачуванне сваякам загінулых у выніку злачынстваў Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі. Але падкрэслівае, што смяротнае пакаранне нельга выкарыстоўваць у любым выпадку.

Пра расстрэл Жыльнікава стала вядома 13 чэрвеня, пра гэта праваабаронцам паведамілі сваякі асуджанага. Імаверна, расстраляны і другі фігурант справы – Вячаслаў Сухарка.

  • Нагадаем, у снежні 2015 году ў Менску здарылася трагедыя – у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла правучыць суперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў) перастараліся – адбылося забойства выбранніцы хлопца і яго самога. А адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.
  • 29 траўня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксандра Жыльнікава. Спачатку мужчына атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Менскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне.
  • Amnesty International выступіла з заклікам да людзей з усяго свету напісаць беларускім уладам, каб спыніць расстрэлы Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, абвесціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў і замяніць усе смяротныя прысуды пазбаўленнем волі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў