«Дапамажыце сёння, бо заўтра не будзе каму ратаваць хворых». Барысаўскія медыкі просяць дапамогі


Патрэбныя грошы на маскі, акуляры, рэспіратары ды шмат што іншае.

На пошту Belsat.eu прыйшоў ліст нібыта ад барысаўскіх медыкаў, якія просяць аб дапамозе.

«У гэты складаны час мы, медыкі, знаходзімся ў авангардзе барацьбы з пандэміяй каронавіруса. УАЗ «Барысаўская больніца №2» прыняла першых кантактных хворых з Менску і вобласці. Ужо ўсім зразумела, што Беларусь абсалютна не падрыхтаваная да падобных надзвычайных сітуацыяў. І мы засталіся ў прамым сэнсе кінутыя на волю лёсу. У нашай больніцы вельмі абмежаваныя сродкі асабістай аховы і абароны нашых пацыентаў.

Фота: borisov-bolnica2.103.by

8 красавіка памёр наш калега, фельчар станцыі хуткай і неадкладнай медычнай дапамогі Васіль Ліпілін. Яму было ўсяго 50… І гэта толькі пачатак. Калі ласка, дапамажыце медыкам сёння, бо заўтра не будзе каму ратаваць хворых.

Hавiны
У Барысаве памёр 50-гадовы фельчар «хуткай дапамогі». У яго выявілі COVID-19
2020.04.09 07:34

Нам патрэбныя прабіркі з віскознай ватай для збору мазкоў (з-за іх адсутнасці затрымліваецца абследаванне не толькі пацыентаў, але і саміх медыкаў). Патрэбныя 600 шматразовых СЧК (супрацьчумных касцюмаў), якія мы зможам хаця б праць. Цяпер у нас ёсць толькі 300 аднаразовых СЧК (якіх хопіць на 5 дзён). Катастрафічна не хапае масак (трэба 10000), рэспіратараў (трэба 500), ахоўных акуляраў (трэба 500), бактэрыцыдных апрамяняльнікаў (трэба 100) і бактэрыцыдных рецыркулятараў (трэба 150), апаратаў ШВЛ (трэба 15 штук).

У нас інтэнсіўная цякучка кадраў: неабходныя санітары (14-16 чалавек), медсёстры (18 чалавек), лекары…

Толькі дзякуючы галоўнаму лекару, яго намаганням, галоўнай медсястры мы не апускаем рукі і змагаемся з каронавірусам. Многія нашы работнікі, нягледзячы на ​​тое, што ўваходзяць у групу рызыкі па ўзроставых прычынах, застаюцца на працы і даглядаюць хворых.

Мы таксама хочам падзякаваць прадпрыемствам Барысава за аказаную нам дапамогу (пластыкавая тара, так патрэбная нам для дэзынфекцыі, ахоўныя экраны, мінеральная вада і харчаванне для медыкаў). Гэта Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, «Беларуснафта Менск», «Веста», «Барысаўбытсэрвіс»».

Ліст быў падпісаны галоўнай медсястрой Барысаўскай больніцы №2 Аленай Засковец і галоўным лекарам той жа больніцы Паўлам Хацько. Таксама ў лісце папрасілі падзяліцца рэквізітамі для пералічэння сродкаў (яны ёсць напрыканцы артыкулу).

Павел Хацько.
Фота: borisov-bolnica2.103.by

Мы звязаліся з галоўнай медсястрой Барысаўскай больніцы №2 Аленай Засковец, каб пацвердзіць інфармацыю.

«Памёр фельчар хуткай дапамогі ў Цэнтральнай раённай больніцы. Таму, каб нам не паўтарыць гэтых памылак, мы павінны сваіх людзей забяспечыць усім неабходным», – сказала Алена Засковец.

Яна таксама пацвердзіла, што тыя сродкі медычнай абароны, што пералічаныя ў дасланым лісце, сапраўды патрэбныя. Але сам ліст яна не пісала.

«Я яго не пісала. Не ведаю, хто яго мог напісаць».

Тады мы звязаліся з галоўным лекарам Барысаўскай больніцы №2 Паўлам Хацько. Ён папрасіў даслаць яму змест ліста. А пасля паведаміў:

«Я пад гэтым лістом не падпісваўся, я яго бачу ўпершыню. Так, спонсарскія рахункі былі выстаўленыя. Яны ёсць у інтэрнэце, дзе іх сапраўды выставілі для аказання дапамогі, але не ў такім ракурсе, як тут усё апісваецца».

На старонцы Барысаўскай больніцы №2 сапраўды просяць аб фінансавай дапамозе. На той жа старонцы выказаныя спачуванні родным і блізкім фельчара хуткай дапамогі Васіля Ліпіліна, які памёр 8 красавіка.

Скрыншот старонкі www.borisov-crb.by

Belsat.eu таксама заклікае дапамагаць работнікам медычных устаноў і дублюе рахункі Барысаўскай больніцы №2 і Барысаўскай цэнтральнай раённай больніцы:

Учреждение здравоохранения Борисовская центральная районная больница

р/с BY74AKBB36420000023056200000

БИК AKBBBY2X, УНП 600135902

ОАО «АСБ «Беларусбанк»

Назначение платежа: Приобретение изделий мед. назначения, мягкого инвентаря, иные цели.

Учреждение здравоохранения «Борисовская больница №2», в лице главного врача Хатько Павла Валерьевича, действующего на основании Устава.

УНП 691908882 ОКПО 304565656000.

р/сч BY26AKBB36420000023476200000 в ОАО «АСБ Беларусбанк» ЦБУ № 612 в г. Борисове

БИК AKBBBY2X.

Назначение платежа: Приобретение изделий мед. назначения, мягкого инвентаря, иные цели.

Hавiны
Разам супраць COVID-19: як дапамагчы, не выходзячы з дому
2020.04.09 20:23

ДР Belsat.eu

Стужка навінаў