Быць геем на фронце — як гэта? Гісторыя байца з пазыўным Француз


Фота з асабістага архіва Віктара Піліпенкі. Крыніца – Facebook

Украінскія вайскоўцы, вяртаючыся з фронту, спрабуюць уладкавацца ў мірным жыцці. Гэтая гісторыя пра кіяўляніна Віктара Піліпенку. Ён – адзін з нямногіх, хто зрабіў публічны coming-out, і цяпер чытае адкрытыя лекцыі студэнтам і іх бацькам. Як быць геем ў мірным жыцці і на вайне – жыццёвая гісторыя сапраўднага мужчыны з пазыўным Француз у інтэрв’ю Belsat.eu.

Пазыўны «Француз»

На тэрміновую службу Віктар прыйшоў пасля 4-га курса універсітэта, дзе вучыўся на перакладчыка. Пайшоў у войска, каб сабрацца з думкамі і сіламі пасля кахання без адказу да сябра, у якім вырашыў яму прызнацца.

«Пазыўны Француз мне даў палітрук (намеснік па выхаваўчай працы – Заўвага Belsat.eu) на тэрміновай службе яшчэ ў 2009 годзе з-за таго, што я ведаў французскую».

З гэтым пазыўным Віктар пайшоў і на службу. На фронце быў спачатку санінструктарам, потым вывучыўся на гранатамётчыка. І адразу патрапіў у самую гарачую кропку расейска-ўкраінскай вайны – Шырокіна, непадалёк ад Марыўпаля.

Фота з асабістага архіва Віктара Піліпенкі. Крыніца – Facebook

У мірным жыцці Віктара больш не шакіруе смерць, а больш за ўсё здзіўляе тое, наколькі далёкая для многіх вайна, распавядае ветэран:

«На пахаванні я сябе адчуваю так жа, як на іншых афіцыйных мерапрыемствах. Хоць, калі хаваў дзеда і бабулю – плакаў. Расчуліць мяне цяжка, але калі плачу – тады напоўніцу. Былі людзі, якія падыходзілі да мяне і пыталіся – «а што там, на Данбасе? Я не зусім разумею». Ад такіх пытанняў мяне проста карабаціла. Шакуюць і «савецкія» людзі, якія гатовыя за палку каўбасы прадаць усё – сваю культуру, мову, сваю незалежнасць, права свабодна дыхаць. Яны гатовыя жыць бедным, але стабільным жыццём пад тыраніяй – гэта вельмі страшна для мяне».

Як быць геем ў жыцці і на вайне?

Вярнуўшыся з вайны, Віктар зрабіў так званы камінг-аўт, напісаўшы пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook. Цяпер, пры падтрымцы грамадзянскай супольнасці «Кропка Апоры», чытае лекцыі для моладзі. Адна з тэм – пра тое, як быць геем ў мірным і ў ваенным жыцці.

Апошняя з такіх паездак адбылася не так даўно, 13 траўня, ва ўкраінскі Крэменчуг. Там, у Еўрапейскім клубе Віктар быў «жывой кнігай» (тэматычная сустрэча, дзе ў ролі «жывой кнігі» выступае чалавек, а «чытанне» гэта размова – Заўв. Belsat.eu).

Віктар Піліпенка на сустрэчы ў Крэменчугу, 13 траўня. Крыніца фота – «Прастора ідэй – Еўрапейскі клуб»

«Надзвычай цікавы фармат, калі табе задаюць пытанне без абмежаванняў пра ўсё на свеце. Людзі сапраўды вельмі цікавіліся, як гэта – быць геем, і хто такія геі наогул. Казаў усё без аздобаў, ад баявых аперацый, крыві і смерцяў, да таго, як гэта – хаваць сваю арыентацыю, казаць, што гетэра, спаць з прастытуткамі, каб не западозрылі, што такое сэкс для геяў і чаму гэта ніяк не адрозніваецца ад гетэра адносін. Падчас гэтага мерапрыемства змог нават пераканаць двух гамафобаў, якія з цікаўнасці прыйшлі пагаварыць са мной. Адзін так і сказаў арганізатару – «я заўсёды быў супраць геяў, а цяпер, калі я гэтага ўбачыў, ужо і не ведаю». Сярод чытачоў маёй «жывой кнігі» былі не толькі студэнты, таксама прыйшлі і дарослыя людзі, была мама, якая падазрае, што яе сыны геі, мне ўдалося супакоіць яе».

Пасля сустрэчы са студэнтамі ў «Еўрапейскім клубе» былы гранатамётчык Француз меў размову з кадэтамі ваеннага вучылішча. Гэта быў іншы фармат сустрэчы – там ліцэістам выдзелілі адзін урок для цікавай гутаркі.

«Хлопцы былі апранутыя па форме, я быў у футболцы батальёна Данбас. Прадставіўся як ветэран. Тэма была «Барацьба з булінгам (цкаванне – Заўв. Belsat.eu) у воінскіх калектывах”, таму я пачаў распавядаць пра свой досвед тэрміновай службы, пра тое, як мне жылося ва ўмовах ганебнай з’явы дзедаўшчыны. Затым я распавёў пра тое, што на вайне гэтай бяды няма і ўсе роўныя. Тыя, хто больш ваяваў, наадварот спрабуюць хутчэй перадаць як мага больш навыкаў новаму папаўненню, каб у баі ўсе былі аднолькава эфектыўнымі.

Распавёў таксама, што ў нас у добраахвотніцкай батальёне былі прадстаўлены людзі амаль ўсіх грамадскіх узроўняў, розных этнічных паходжанняў, быў афраукраінец, габрэі, а яшчэ былі геі і лесбіянкі. Менавіта апошні факт выклікаў лёгкі шумок. Я падкрэсліваў, што мы, вайскоўцы, давалі прысягу на Канстытуцыі Украіны ўкраінскаму народу. А значыць, мы ўсе роўныя перад законам і нашай справай гонару з’яўляецца абараняць правы і свабоды маці Украіны і кожнага яе грамадзяніна (акрамя калабарацыяністаў-здраднікаў, якія парушылі гэты Закон)».

Фота з асабістага архіва Віктара Піліпенкі. Крыніца – Facebook

«Украінская мова – гэта мая ідэнтычнасць, як і тое, што я гей»

Змагацца з посттраўматычным сіндромам (ПТСР) Віктару не прыйшлося, былі зацяжныя дэпрэсіі, але іх удалося пераадолець з дапамогай захапленняў і працы. Было цяжка сацыялізавацца, шмат што змянілася ў паводзінах, з’явілася асаблівая нецярпімасць да несправядлівасці і часам успышкі агрэсіі, распавядае Віктар Піліпенка.

«Але ў параўнанні з сапраўднымі ПТСР, якія перажываюць іншыя хлопцы – гэта дробязі. У мяне асабліва слых пацярпеў. Бывала не раз трапляла выбуховай хваляй, калі па нас стралялі танкі. А таксама я вельмі часта працаваў з СПГ-9 – вельмі гучны гранатамёт 73 калібра, без слухавак. Усё гэта прывяло да таго, што мне дыягнаставалі тугавухасць на абодва вуха».

Зараз Віктар Піліпенка працуе праектным мэнэджэрам у «Кропцы Апоры» і рэдактарам на здымачнай пляцоўцы, дзе кантралюе гучанне тэкстаў на ўкраінскай мове падчас здымак.

Мірнае жыццё – праца рэдактарам на здымачнай пляцоўцы. Крыніца фота – старонка Віктара Піліпенкі ў Facebook

«Так, для мяне ўкраінская мова – гэта мая ідэнтычнасць, як і тое, што я гей. Праз першае і другое я ў свой час быў ізаляваны ў пэўным «гета». У сваёй кіеўскай украінамоўнай школе, дзе ўсе размаўлялі на расейскай, нада мной, бывала, здзекваліся за мой выбар размаўляць на ўкраінскай, хоць потым дзеці выраслі і некаторыя нават перапрашалі за гэта. Праз сваю гомасексуальную арыентацыю я дакладна гэтак жа жыў у пэўнай ізаляцыі».

Два пласта стэрэатыпаў

Такая ізаляцыя з’яўляецца следствам стэрэатыпаў, якія прысутнічаюць у грамадстве. У жыцці часта можна пачуць «так ён жа гей, такі нават зброю ў рукі не возьме». А з другога боку, ёсць іншы стэрэатып пра людзей, якія «любяць пастраляць, ім бы толькі ваяваць». На Віктара навалілася адразу два пласта стэрэатыпаў.

«І геі розныя бываюць, і гетэра-змагары таксама. Ёсць геі, якія вельмі маскулінна выглядаюць і любяць паводзіць сябе, як альфа-самцы. А ёсць гетэра, якія крычалі на ўсё горла, што ворагаў трэба забіваць, але схаваліся ад вайны. За такіх вельмі сорамна. Я не выглядаю ваяўніча, некаторыя часам хочуць гэтым скарыстацца ў сваіх мэтах. Асабліва, калі не ведаюць аб маім ваенным вопыце. Некалькі разоў ужо было, калі я некантралюема крычаў на такіх людзей, і яны больш сябе так не паводзілі – баяліся. Хоць я вельмі не люблю гэты агрэсіўныя стан.

Думаю, што агрэсія – гэта для слабакоў. Спакой, ўсмешка, дабрыня, добрыя справы – вось што высакародна і годна. Наша постсавецкае грамадства сапраўды хворае на крывадушнасць. Калі людзі апранаюць на сябе нацыянальныя сымбалі і ўніформу, але не для таго, каб ісці абараняць Радзіму на фронце, а каб разганяць геяў і лесбіянак, бо так жа лягчэй, так больш бяспечна. І так шмат у чым. Гэта ўсё негатоўнасць быць смелымі і несці адказнасць за свае словы, і галоўнае, падмацоўваць іх учынкамі!»

Фота з асабістага архіва Віктара Піліпенкі. Крыніца – Facebook

«Ахілава братэрства» пабрацімаў і «Посестры»

Не так даўно ў Facebook створаная група «Вайскоўцы ЛГБТ і іх саюзнікі», група актыўная, туды запрашаюць не толькі геяў, не толькі ваенных, а ўсіх гетэра-саюзнікаў, замежных сяброў, усіх, хто можа проста цікавіцца, хоча неяк дапамагчы, ці проста чытаць гэтую старонку.

«Пасля майго камінаўта, свае камінаўты таксама зрабілі лесбіянка Насця Канфедэрат (псеўданім у Facebook), яна – другі адміністратар групы, і Себасцьян Раманаў – трансгендэрны мужчына, ветэран. Ён таксама адмін групы. Яшчэ адміністратарам з’яўляецца гей-валанцёр Нік Будэрацкі. У гэтай агульнай групе ёсць таемныя падгрупы «Ахілава братэрства» і «Посестры» – яны створаныя ўжо для нефармальных зносін выключна вайсковых геяў і лесбіянак. У братэрстве нас ужо 32 Ахілы, сясцёр дзесьці больш за 10. І двое трансгендерных ваенных, якія выйшлі са мной на кантакт. Вядома, ЛГБТ плюс вайскоўцаў значна больш, многія шыфруюцца ці проста не хочуць свяціцца і мець зносіны з іншымі. Я ведаю, такіх шмат, якія, на жаль, у групу не ўваходзяць па тых ці іншых меркаваннях».

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Фота
Шырокіна – усцяж гарачая кропка на мапе Украіны
2019.02.28 13:34

Юлія Гаркуша-Галко/АА, belsat.eu

Стужка навінаў