Бруд, смецце, разлад… Пра боль Гарцуева, які павінен адчуць кожны

Галоўны рэжысёр Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў не верыць у светлую будучыню нашай краіны. Гэтае бязвер’е ўжо было заўважнае напрыканцы 1990-ых, а ў новым стагоддзі з кожным новым спектаклем набывае ўсё больш акрэсленыя рысы.

Гарцуеў з жахам глядзіць і на тое, што адбываецца сёння. Ён прыхільнік трагічных развязак. Ува многіх сваіх спектаклях, дзе трэба і не трэба, рэжысёр забівае сваіх герояў, бо немагчыма, каб яны жылі ў нашым страшным свеце. Новая пастаноўка РТБД, сатырычная камедыя (як пазначана ў праграмцы) «Мудрамер» – гэта адзін з яскравых твораў, што выразна акрэслівае смутнаглядную пазіцыю рэжысёра.

Фота прадстаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі

Бруд, смецце, няўтульныя, колеру пылу шэрыя абламаныя дошкі (мастак-сцэнограф – Юры Саламонаў), разлад у якім жывуць страшныя гратэскныя героі – вось Беларусь Гаруцева. Фонам заўсёды чуваць шум дажджу. Персанажы ходзяць у гумавых чобатах. Перад намі як быццам пачатак чыста біблейскага патопу, на фоне якога і адбываецца гісторыя. Дзівакаваты вынаходнік (Уладзімір Салаўёў) прапануе Міністру ўзгадненняў (Андрэй Дабравольскі) сваё ўнікальнае вынаходніцтва: яно павінна вызначыць ступень дурноты беларусаў.

Гарцуеў паказвае пачварны, амаль апакаліптычны свет, дзе жывуць аднамерна-гратэскныя героі. Яны крычаць, лаюцца, панічна баяцца мудрамера, ненавідзяць, здраджваюць, падманваюць і марна жадаюць, каб іх не чапалі. Няхітрая фабула пʼесы – яшчэ адна нагода для рэжысёра паказаць сваё чыста Гоеўскае (успомніце «Капрычас») стаўленне да нашай рэчаіснасці. Тут няма падтэкстаў, усё груба-плакатна, падкрэслена-навідавоку і ад гэтага становіцца яшчэ больш няўтульна. Падобнага эфекту, відаць, і дамагаецца пастаноўшчык. Ён стварае своеасаблівую шокавую тэрапію для гледача. Спадар Аляксандр не верыць, што яго спектакль можа нешта змяніць да лепшага. Гэты самотны, ня ўсмешлівы чалавек (прынамсі я ніколі не бачыў, каб Гарцуеў смяяўся, жартаваў, быў у гуморы) даўно развітаўся з ілюзіямі. Яго раздражняе сённяшняе бяздумна-самазадаволенае грамадства, якое не чуе, кажучы метафарычна, пагрозлівага шуму біблейскага дажджу. Рэжысёр вылівае з поўнае сілай сваё вялікае раздражненне, злосць і хоча, каб наша публіка, хоць на дзве гадзіны, вылузнулася са свайго камфортнага бытавання, апынулася ў інфернальнай рэальнасці, поўнай страху, хаосу і, яшчэ раз паўтаруся, смецця.

Фота прадстаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі

Артысты з такой жа адчайнай смеласцю і нейкай нават кафкіянскай апантанасцю ствараюць вобразы-маскі. Яны не баяцца здацца неабаяльна-карыкатурнымі. І ў кожнага ёсць магчымасць стварыць невялікі шэдэўр. У Людмілы Сідаркевіч ды Іллі Ясінскага гэта эпізоды, калі іх героі, карыстаючыся тым, што іх ніхто не бачыць, выпрабоўваюць на сабе мудрамер, правяраюць ступень сваёй дурноты. У манументальнага Андрэя Дабравольскага – сцэна, калі ён гаворыць па тэлефоне са сваёй маці. Максім Паніматчанка ўсю сваю невялікую ролю псеўдавынаходніка праводзіць з такой шалёнай энергетыкай, якая, мабыць, ня снілася самаму «варʼяцкаму» артысту ўсіх часоў і народаў Клаусу Кінскі.

Фота прадстаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі

У спектаклі і праўда шмат крыку, ляманту, рыку, хапанняў загрудкі. Гэта, безумоўна, стамляе, узнікае прадказальнае адчуванне празмернасці. Але ж, ці можа быць захавана нейкае пачуццё меры, калі выяўляеш праўдзівае пекла? Іначай гэта будзе проста падробка.

Фота прадстаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі

«Мудрамер» уражвае сваёй бескампраміснасцю. Няхітра-плакатная драматургія Матукоўскага, памножаная на непераадольны фаталізм Гарцуева, нараджае незвычайны твор мастацтва. Тут Дантаўскае «Пакінь, бядак, надзею, раз прыйшоў сюды» гучыць з такой адчайнай, істэрычнай зухаватасцю, што міжволі гэтая энергетыка перадаецца і табе. Гэта як баксёрскі паядынак, дзе ты прайграў, але атрымаўшы ад суперніка бязлітасна-моцныя ўдары, не адчуваеш надломленасці, бо прынамсі прачнуўся, можна нават сказаць узбадзёрыўся, выйшаў са сваёй камфортнай комы, зразумеў, што такое не падманны боль. Той боль, які працінае Аляксандра Гарцуева. Невыносны і, бадай што, невылечны боль, які прымушае яго ствараць такія хваравітыя, змрочна-зʼедлівыя, шчырыя спектаклі. Адчуйце боль Гарцуева і, магчыма, іначай будзеце глядзець на беларускую рэчаіснасць.

Фота прадстаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі

Сяргей Піліпчэня/Belsat.eu

Hавiны