«Білі па галаве, дзясяткі дагэтуль за кратамі». Ромы з Чапаеўкі скардзяцца на жорсткасць сілавікоў


Мікрараён Чапаеўка, Магілёў. 17 траўня 2019. Фота Надзеі Гацак

Пасля забойства лейтэнанта міліцыі ў Магілёве, якое адбылося ўвечары 16 траўня, міліцыя зладзіла зачыстку ромскіх сем’яў у пасёлку Чапаеўка. Паводле мясцовых, амапаўцы ўварваліся ў некалькі дамоў, ужывалі фізічную сілу і затрымалі дзясяткі мужчынаў – яны дагэтуль застаюцца ў ізалятары. Карэспандэнты Belsat.eu наведалі Магілёў, дзе апошнія содні атмасфера вельмі напружаная.

Цела 22-гадовага лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча знайшлі ўначы ў лесапаласе пад Магілёвам. 16 траўня ён быў на працы і мусіў выехаць у мікрараён Чапаеўка на месца ДТЗ. Мяркуецца, што лейтэнант ішоў пешшу і спыніў чорную «Волгу», каб папрасіць падвезці яго. А 18:27 ён даслаў калегам паведамленне ў вайбэры: «Тэрмінова. Чорная «Волга». Тры цыганы. Рэгістрацыйны знак расейскі». Цела знайшлі праз некалькі гадзінаў.

Hавiны
«Калі ўбачыў ягонае фота, я рэальна заплакаў». Забойцаў 22-гадовага інспектара ДАІ пакуль не знайшлі
2019.05.17 09:29

Міліцыя ўвяла план «Сірэна»: дзяжурыла на ўсіх выездах з гораду, а таксама на кальцавой. Чорныя «Волгі» ва ўсёй краіне спынялі ды правяралі ўласнікаў, аднак знайсці ні таго аўтамабіля, ні саміх злачынцаў увечары 17 траўня праваахоўнікам не ўдалося.

«Пачалі крычаць і кідаць усіх нас на падлогу»

Уначы ўзброены АМАП уварваўся ў хаты ромаў у Чапаеўцы. Як вядома belsat.eu, сілавікі паклалі мужчынаў і жанчын на падлогу, збівалі прыкладамі аўтаматаў, а потым забралі ў пастарунак. Дзясяткі ромаў дагэтуль застаюцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Мікрараён Чапаеўка, Магілёў. 17 траўня 2019. Фота Надзеі Гацак

Мікрараён Чапаеўка – даволі вялікі прыватны сектар, дзе побач жывуць беларусы і ромы. Мы аказваемся тут пасля абеду, калі большасць жыхароў яшчэ на працы. Вуліцы амаль пустыя, раз-пораз праходзяць людзі сталага веку. Пытаемся, дзе знайсці ромаў. «А вось дзе хата вялікая – там і яны!» – адказвае бабуля, махнуўшы рукою ў бок дому з драўляным разным гаўбцом. Кажуць, тут жыве ці то барон, ці то нехта з чальцоў ягонай сям’і. За плотам чуваць галасы, аднак адкрываць журналістам ніхто не спяшаецца.

«У прынцыпе, ніякіх праблемаў з імі ў нас не ўзнікала, але я стараюся іх абыходзіць – ці мала што зробяць? Яшчэ гадаць прапаноўвалі раней, а я гэтага не люблю, я верніца», – з недаверам пазіраючы на блакітны балкончык, кажа бялявая жанчына сярэдняга веку.

Мікрараён Чапаеўка, Магілёў. 17 траўня 2019. Фота Надзеі Гацак
Мікрараён Чапаеўка, Магілёў. 17 траўня 2019. Фота Надзеі Гацак

Раптам у канцы вуліцы заўважаем ромку, якая павольна ідзе, апусціўшы вочы. Побач бяжыць карычневы сабачка і тычацца ёй носам у нагу. «Я вяртаюся з ізалятару – насіла сыну перадачку, усё ўзялі, а цукеркі чамусьці нельга, сказалі». Люба (імя змененае на просьбу гераіні) выцягвае з бліскучай торбы зліплыя мармеладкі. «Учора мы сядзелі за сталом, вячэралі, да нас завіталі маці і мужаў брат. Пачулі грукат у дзверы, адамкнулі, уварваліся амапаўцы з аўтаматамі, пачалі крычаць і кідаць усіх нас на падлогу. Дзеці маленькія спужаліся, заплакалі – мы нічога не разумелі, чаму па нас прыйшлі», – распавядае жанчына.

У гэты момант з-за рогу выязджае чорнае аўта, за стырном – мужчына ў белай кашулі пола, Любін муж. «Я як убачыў, што яны бягуць – сам паклаўся на падлогу нават, каб не павалілі. Мяне ўдарылі прыкладам тройчы ў галаву і паміж лапатак. Выкрыквалі: «Сукі, заткніцеся, мы вас адсюль выжывем!» Побач ляжалі мае сыны – ім 24 і 26 гадоў, і я бачыў, як іх б’юць», – згадвае ён.

На месцы забойства. Крыніца – t.me/skgovby/1172

Паводле словаў сямейнай пары, пасля гэтага міліцыянты загрузілі іх і сыноў у машыну і завезлі ў РУУС Ленінскага раёну. «Там нас прывялі ў вялікую спортзалу, загадалі стаць на расцяжку каля сценкі. Трымалі ўсіх разам – мужчынаў і жанчын. Калі мужчынаў кудысьці забралі, супрацоўніцы даглядалі нас: сказалі раздзецца і прысядаць», – распавядае Люба. Яна сцвярджае, што ў памяшканні іх пратрымалі да 5-й гадзіны ранку, потым ім з мужам дазволілі сысці, але абодвух сыноў змясцілі ў ізалятар на 72 гадзіны. «Каб была фармальная падстава, ім прыпісалі «дробнае хуліганства», артыкул 17.1 КаАП, нібыта яны схадзілі ў туалет у публічным месцы. А на самой справе ім крычалі: «Будзеце сядзець, пакуль не знойдуць, хто забіў!» – гаворыць Люба.

Яўген Патаповіч.
Фота: mvd.gov.by

«У цыганоў не бывае «Волгаў», ва ўсіх – іншамаркі»

«Майго старэйшага сына завялі на допыт у кабінет, потым ён праходзіў міма ў кайданках і паспеў сказаць, што яго там білі ў твар трое міліцыянтаў адначасова. Разумееце, нашыя б ніколі не сталі забіваць міліцыянта! Калі б цыган такое зрабіў – мы б самі з ім разабраліся! А яшчэ ў цыганоў не бывае «Волгаў», ва ўсіх – іншамаркі». На гэтых словах муж Любы выцірае пот з ілба ручніком, дастае аднекуль флакончык парфумы і некалькі разоў з заплюшчанымі вачыма апырсквае сябе. Пад аўтамабільным люстэркам блішчыць пазалочаны крыж. Часам ён нешта кажа жонцы па-свойму, устаўляючы расейскае «понимаешь». Люба пачынае плакаць: «Пасля таго, як з’явілася інфармацыя, што лейтэнанта выкралі цыганы, мы адчуваем нянавісць ад іншых людзей. А міліцыянты з намі, як з быдлам, як са звяр’ём абыходзіліся…»

На месцы забойства другі дзень працуюць супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэту. Фота «Белсат»

Побач стаіць яшчэ адна ромская хата, ля яе прыпаркаваныя два аўтамабілі з расейскімі нумарамі. Падворак пусты, на грукат у дзверы ніхто не адгукаецца. Кажуць, гаспадара і ўсіх чальцоў гэтай сям’і забралі ў міліцыю і дагэтуль не адпусцілі. Толькі праз паўгадзіны з падсобкі выходзіць пажылы мужчына і цяжка, павольна падыходзіць да нас. Міхаіл дапамагае ромам у гаспадарцы. «Тэлефон мабільны ў мяне адабралі «оперы» ўчора… Я проста выпадкова апынуўся тут, калі міліцыя ўварвалася». На пытанне, ці білі яго, хітае галавой і прыкрывае чорна-бардовую пляму на швэдры. Прашу распавесці, як менавіта яго збілі, але той адказвае, што «спачатку трэба трошкі апрытомнець» і запальвае цыгарэту.

ВІДЭА
Следчы камітэт апублікаваў відэа з месца забойства магілёўскага інспектара ДАІ
2019.05.17 10:59

Афіцыйная пазіцыя

Прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова ў каментары радыё «Свабодзе» запэўніла, што «ніякай надзвычайшчыны» ў дачыненні мясцовых пасля рэзананснага забойства не адбывалася.

«Супольна з аператыўнымі супрацоўнікамі міліцыі ды экспертамі працягваецца высвятленне абставінаў здзяйснення злачынства. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сведкі. Ідзе планавая праца ў межах крымінальнай справы», – сказала Ганчарова.

Афіцыйнага пацверджання маштабных затрыманняў пакуль што няма. У міліцыі каментаваць сітуацыю з ромамі адмаўляюцца.

Hавiны
Міліцыя аб’явіла ўзнагароду за інфармацыю пра забойцаў магілёўскага лейтэнанта
2019.05.17 12:25

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў