Аляксандр Вечар шэсць гадоў таму вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё, адгукнуўшыся разам з жонкай на прапанову працы ў Саудаўскай Аравіі. Сёння ён абсалютна не шкадуе пра зроблены выбар. Пра пераезд, умовы працы і жыцця ў матэрыяле карэспандэнта belsat.eu Івана Лысюка.
Мянчук Аляксандр Вечар шэсць гадоў таму разам з сям’ёй пераехаў у Саудаўскую Аравію. Цяпер ён жыве ў Эр-Рыядзе і працуе ў прыватнай клініцы артапедам.
– Я карэнны мянчук, – пачынае размову Аляксандр. – У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, потым – інтэрнатура па артапедыі і траўме, два гады працы ў адной са сталічных паліклінік і год у шпіталі хуткай медычнай дапамогі ў прыёмным аддзяленні. Але ж, зразумела, жыў не толькі гэтым. Шмат розных падпрацовак было, бо грошы ж патрэбныя – спачатку на ўласныя інтарэсы, пасля заканчэння ўніверу сям’я з’явілася. Карацей, заўсёды актыўны быў.
Аляксандр яшчэ з дзяцінства быў заўзяты падарожнік, шукаў сапраўдных выклікаў, і адзін з такіх без ваганняў прыняў у 2013 годзе, калі даведаўся пра магчымасць атрымаць працу ў Каралеўстве Саудаўскай Аравіі (КСА).
– Як усё атрымалася? Ды даволі проста. У інтэрнэце вакансію пабачыў. Надта доўга з жонкай не думалі (яна ў мяне, дарэчы, таксама доктар). Сумоўе ў Менску адбылося – трэба было ведаць англійскую мову, з якой мы даволі добра сябравалі. Карацей, узялі нас. Спачатку я сам паляцеў у Саудаўскай Аравію, а праз восем месяцаў да мяне далучылася сям’я.
– Кажаш, Саудаўскай Аравія – экзотыка? – Аляксандр не да канца пагаджаецца з такім гледзішчам. – На мой погляд, сёння ў свеце экзатычных, малавядомых месцаў амаль не засталося. Вось у тыя ж Гімалаі штогод тысячы турыстаў спяшаюцца. КСА ж нядаўна шырока расчыніла свае брамы перад турыстамі. Шмат еўрапейцаў прыязджае. У вялікіх гарадах гэта кідаецца ў вочы. Плюс працаваць сюды едуць. Краіна ж вялікая, дынамічна развіваецца, сваіх кваліфікаваных працаўнікоў не заўсёды хапае. Асабліва там, дзе патрэбныя спецыялізаваныя веды.
Аляксандр – акурат той, чые прафесійныя навыкі тут вельмі запатрабаваныя. Попыт на добрых медыкаў заўсёды высокі. Цяпер ён працуе ў сталічным філіяле сеці прыватных шпіталяў. Спецыфіка саудаўскай медыцыны палягае на тым, што ў каралеўстве шпіталь – гэта адначасова і паліклініка, і стацыянар. Адзін-два дні на тыдні – гэта аперацыі, а ў іншыя доктар прымае пацыентаў у кабінеце. Аднак здараюцца і надзвычайныя выпадкі, калі прыходзіцца кідаць усё і спяшацца ў аперацыйны пакой.
– Абсталяванне клінік, аперацыйных, інтэр’ер, сістэмы кандыцыянавання, вентыляцыі – усё гэта на найвышэйшым узроўні. Цяжка параўноўваць з Беларуссю, дзе раней мне даводзілася працаваць узімку ў куртцы, а ў летнюю спёку няспынна выціраць пот. Памятаю, як, бывала, проста голымі рукамі прыходзілася з пацыента гіпс здзіраць. Сумняваюся, што шмат чаго змянілася з той пары.
Калі я тут першы кантракт адпрацоўваў, быў уражаны, што на Рамадан дактарам проста ў кабінеты прыносілі гарбату і каву. Не магу сказаць, што адміністрацыя заўсёды пазітыўна ставіцца да лекараў, але, калі робіш сваю працу сумленна і якасна, пытанняў амаль няма. Высокія стандарты, але і стаўленне да працаўнікоў іншае.
Патрабаванні да дактароў у прыватных клініках даволі высокія, адміністрацыя ледзь не пад мікраскопам адсочвае якасць іх працы, падтрымлівае высокі ўзровень канкурэнцыі, што часам стварае даволі нервовую абстаноўку. Усё гэта, паводле суразмоўцы, кампенсуецца добрым заробкам.
– Тут такая рэч: няма дакладна акрэсленых крытэрыяў вызначэння зарплаты таму ці іншаму доктару. Але нацыянальнасць, кваліфікацыя, досвед, нават пол – усё гэта можа мець значэнне. Каб знайсці добрую працу, трэба мець сувязі, ведаць рынак працы, але дзеля гэтага трэба быць тут.
Вось прыклады. Калегі з Грэцыі і Польшчы, якія працуюць кансультантамі, зарабляюць штомесяц 12–15 тысяч долараў. Кампенсуюцца пражыванне, страхоўка, нават пералёт дадому і назад. Я рэзідэнт, выконваю абавязкі спецыяліста – з гледзішча іерархіі, гэта ніжэй за кансультанта – таму зарабляю менш, – распавядае Аляксандр.
Аляксандр кажа, што жыццё ў заможных краінах Блізкага Усходу – даволі дарагое, калі не адмаўляць сабе ў маленькіх жыццёвых радасцях і не эканоміць на камфорце.
– Усё залежыць толькі ад вашых жаданняў. Хочаце прыехаць на пару гадоў, каб максімальна зарабіць, – будзеце эканоміць. Але мы сабе такой мэты не ставілі. Сямейныя, усё ж такі, людзі, жывем тут ужо шэсць гадоў, сын ходзіць у брытанскую школу. Пакуль знайшлі аптымальнага варыянту жытла, змянілі шэсць кватэраў. Цяпер жывем у своеасаблівай вёсцы (гэтак званы кампаўнд) з рэстаранам, басейнамі, спартовай залай ды іншымі прыемнымі дадаткамі.
Праца блізка, школа – яшчэ бліжэй, да якой сын Аляксандра ездзіць на ровары. З улікам таго, што жонка таксама працуе, з маленькай дачкой сядзіць няня-філіпінка. Нягледзячы на тое, што працадаўцы часткова аплачваюць жытло, на яго (а таксама на няньку і школу) сыходзіць большая частка выдаткаў. Хоць можна было і ашчаджаць, пагадзіцца на жытло ад шпіталю: «Але нам захацелася жыць у больш зручным месцы».
Аляксандр згадвае: спачатку было адчуванне, што прыляцелі на Марс. Бо і прырода, і адзенне, і ежа, і нават жытло – усё было іншым, чым у Беларусі. Але потым сям’я перабралася жыць і працаваць у сталіцу.
– У Эр-Рыядзе ўсё інакш. Гэта сучасны мегаполіс, у якім усё зразумела, але толькі не для пешахода. Нягледзячы на мадэрнізацыю, тут шмат дзе няма тратуараў, машыны пад’язджаюць проста да дзвярэй крамаў. Тлумачыцца ўсё спёкай: тэмпература дасягае +50 градусаў і робіць пешыя прагулкі тым яшчэ выпрабаваннем.
Ці ёсць яшчэ беларусы ў Саудаўскай Аравіі, Аляксандр не ведае. Аднойчы такое ж пытанне – ці шмат тут беларусаў – задаў пацыент з Іярданіі.
– Я кажу: не, няма беларусаў. А ён мне: «Не можа быць. Я яшчэ аднаго доктара-беларуса ведаю». Аказалася, што ён меў на ўвазе маю жонку.
Вяртацца ў Беларусь Аляксандр з сям’ёй пакуль што не збіраецца. Тут, у Саудаўскай Аравіі, яны пачуваюцца камфортна і ўпэўнена.
– Сумуем, канечне, па доме. Але дзеці большую частку свайго жыцця правялі тут, а ў Беларусі ім прыйдзецца адаптавацца. І нам здаецца, што яны растуць трошкі іншымі, чым мы, – больш адкрытымі, напэўна, незалежнымі.
Напрыканцы Аляксандр кажа, што з пераездам іхнае жыццё моцна змянілася ў лепшы бок – нягледзячы на выклікі, з якімі давялося сутыкнуцца.
– Я наагул чалавек вельмі пазітыўны, імкнуся паўсюль і ў кожным бачыць толькі добрае. А інакш і быць не можа, бо жыццё – цудоўная рэч, а разам са мною любімая сям’я! Ды і адпачынак хутка ўжо! – кажа Аляксандр.
Іван Лысюк belsat.eu