Беларус на Гоа: «Паліцыя супакоілася, надзеі вярнуцца не губляем»


Беларусы Мікіта і Наталля ў Індыі. Фота з прыватнага архіву

Толькі частка беларусаў, якія цягам некалькіх тыдняў былі заблакаваныя ў Індыі, змаглі вярнуцца ў Беларусь: адмысловы рэйс «Белавіі» з эвакуяванымі пасажырамі сёння прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Аднак па-ранейшаму ў Індыі, пераважна ў штаце Гоа, застаюцца дзясяткі нашых суграмадзянаў.

Belsat.eu паразмаўляў з беларусам Мікітам Герасімовічам, які заўтра меўся вылецець у Маскву, але ягоны рэйс адмянілі яшчэ ў мінулым месяцы, як і сотні іншых рэйсаў з аэрапорту Даболім.

– Сёння тут нашмат прасцей жыць, чымся яшчэ тыдзень таму, – кажа Мікіта. – Паліцыя ўжо нікога не лупцуе дубінкамі, спакойна рэагуе на людзей. Напэўна, атрымалі загад зверху нікога не чапаць, бо выглядала гэта як нейкае дзікунства. Цяпер паліцыянты сядзяць на лаўках і глядзіць у тэлефоны.

Што да турыстаў, якія жылі ў гатэлях, яны там і застаюцца – няма такога, каб кагосьці выганялі на вуліцу. Мы з жонкай здымаем жытло ў двухпавярховым доме: у адной з кватэраў жывем мы, у іншай – наш сусед з Расеі, які, мае від на жыхарства ў Беларусі і цяпер думае, куды яму лепш вяртацца. Гаспадары, як і іншыя мясцовыя жыхары, ужо не шарахаюцца ад еўрапейцаў, не крычаць услед – «Corona, go home!». Нашая гаспадыня нават дапамагае, чым можа: да прыкладу, аддала мне ўласны газавы балон, бо наш скончыўся, а заправіць свой я не меў аніякай магчымасці.

Мікіта Герасімовіч. Фота з прыватнага архіву

Зараз на Гоа, паводле Мікіты, знаходзіцца каля 170 беларусаў. Некаторыя з іх, даведаўшыся пра рэйс «Белавіі» з Дэлі, пачалі шукаць магчымасць дабрацца да сталіцы, бо як высветлілася, у самалёце заставаліся вольныя месцы. Беларусы звязаліся з амбасадай, аднак там параілі не рабіць гэтага, бо небяспечна.

Фота з прыватнага архіву

– Справа ў тым, што ніякага грамадскага транспарту ў Індыі паміж населенымі пунктамі зараз няма, нават паміж вёскамі не ездзяць аўтобусы, – распавядае беларус. Працаўнікі амбасады на сталай сувязі з намі, заклікаюць заставацца на месцы, маўляў, толькі праз мясцовы аэрапорт і пры дапамозе спецыяльна арганізаванага транспарту да аэрапорту можна будзе бяспечна дабрацца дадому. Дагэтуль людзі шукалі любой магчымасці, каб выбрацца адсюль. Шмат хто вельмі стаміўся ад гэтага незапланаванага адпачынку. Праз месяц жа на Гоа пачнецца сезон дажджоў, ужо зараз тут вельмі спякотна, мора вельмі хвалюецца. Але ў нас няма выбару – застаецца толькі спадзявацца на лепшае і чакаць. Хаця ёсць і тыя, хто лічыць, што лепш перачакаць тут, чым адпраўляцца ў дарогу дадому, якая невядома чым і калі скончыцца.

Фота з прыватнага архіву

Паводле афіцыйных дадзеных, на 6 красавіка ў Індыі, дзе пражывае больш за 1 мільярд і 300 мільёнаў чалавек, зафіксавалі больш за 4300 выпадкаў заражэння на каронавірус, 118 асобаў памерла. З 25 сакавіка ў Індыі дзейнічае каранцін: людзям забаронена выходзіць з дому, нават у харчовую краму, падчас «народнай каменданцкай гадзіны» – ад 7 раніцы да 9 вечара. Цяпер улады пайшлі на пэўныя паслабленні. Аднак рыхтуюцца і да кепскага развіцця падзеяў. Гэтак да 14 красавіка запланавана падрыхтаваць 20 тысяч цягніковых саставаў, каб ператварыць іх у аддзяленні для інфікаваных каронавірусам. Упершыню за 167 гадоў у краіне прыпынілася праца чыгункі, ездзяць толькі грузавыя цягнікі.

– Мы з жонкай запасліся харчамі загадзя, – кажа Мікіта. – Аднак праблемаў з прадуктамі ў крамах ужо няма: пасля хвалі ажыятажу паліцы ізноў поўныя, людзі могуць наведваць крамы, што праўда, захоўваючы дыстанцыю адно ад аднаго. Мясцовыя жыхары паставіліся адказна да гэтага, мяркую, гэтыя захады пайшлі на карысць. А вось як у Беларусі будзе развівацца сітуацыя, я не ведаю, а хацелася б вярнуцца і не баяцца за сваё здароўе і здароўе блізкіх.

Наталля, жонка Мікіты Герасімовіча. Фота з прыватнага архіву

Размаўляў Віталь Бабін belsat.eu

Стужка навінаў