Беларусь думае, як пастаўляць нафту з ЗША

Улады Беларусі прапрацоўваюць фармат працы ў справе імпарту амерыканскай нафты. Пра гэта 16 сакавіка паведаміў прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка, перадае БелТА.

Аляксандр Цішчанка адзначыў, што магчымасць паставак у Беларусь нафты з ЗША не выключаецца і «фармат прапрацоўваецца». Паводле яго, гаворка ідзе аб фармаванні перамоўных пазіцыяў.

Таксама працягваецца праца адносна аднаўлення трубаправодных паставак нафты з балтыйскіх партоў у Беларусь.

Самы лепшы момант «скіпнуць» ад Расеі? Што хаваецца за прапановай Саудаўскай Аравіі

Аляксандр Цішчанка дадаў, што канцэрн робіць усё, каб на фоне ваганняў сусветных коштаў на нафту выгадна яе купіць.

«Рынак мы кантралюем, вывучаем і працуем з усімі магчымымі пастаўшчыкамі», – сказаў ён і дадаў, што «на сёння буйных здзелак па новых коштах яшчэ не зафіксавана».

Між тым у Беларусь працягваюцца пастаўкі альтэрнатыўнай нафты. Гэтак, 17 сакавіка ў Клайпеду мусіць прыйсці яшчэ адзін танкер з 80 тыс. тонаў нафты.

Апроч таго, 15 сакавіка другі танкер з азербайджанскай нафтай прышвартаваўся ў адэскім порце «Паўднёвы» і стаў на сліў. Прапампоўка нафты з першага танкера ў напрамку Мазырскага НПЗ ужо пачалася, яна паступіць на завод для перапрацоўкі на гэтым тыдні.

Макей паразмаўляў з Майкам Пампэа пра «энергетычную бяспеку»

1 лютага дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа паабяцаў забяспечваць Беларусь нафтай на 100 %. Пазней кіраўнік Беларусі заявіў, што прасіў Пампэа «дапамагчы нам [Беларусі] з інфраструктурай і пастаўкамі нафты».

13 сакавіка адбылася тэлефонная размова міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея з Майкам Пампэа. Яны абмеркавалі вынікі візіту 1 лютага, а таксама пытанні двухбаковай супрацы, рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня ды тэматыку энергетычнай бяспекі.

МГ belsat.eu

Hавiны