Бабруйскія кіроўцы стварылі ялінку са сваіх машынаў


На паркоўцы каля «Бабруйск-арэны» мясцовыя аўтааматары правялі флэш-моб: цягам менш як дзвюх гадзінаў яны выбудавалі з 40 аўтаў навагоднюю ялінку, падае мясцовы інтэрнэт-партал «Bobr.by».

У акцыі ўзялі ўдзел паўсотні кіроўцаў, яны зарганізаваліся праз сацыяльныя сеткі. Склікаць акцыю дапамагалі таксама ўдзельнікі аўтаклубаў «DriveCity Bobryisk», «BMW Club Bobruisk», «Audi Club Bobruisk» і «BobrGarage».

«Усяго было каля 48 машынаў, тры аўты нават не змясцілася, – распавёў арганізатар флэш-мобу Сяргей Бурак. – Мы не спадзяваліся, што збярэцца столькі ахвотных. Большасць людзей мы не ведалі наагул і бачылі ўпершыню».

На афармленне навагодняй елкі сышло каля паўтары гадзіны.

«Святочнымі агеньчыкамі» аўтамабільнай ялінкі сталі агні фараў і ліхтароў. Фота – Bobr.by

Нешта падобнае ў Бабруйску прайшло ўпершыню.

«Галоўнай мэтай было пагутарыць і весела правесці час. Не перашкодзіў аўтамабілістам і мароз. Шмат хто назапасіў цёплыя пледы і гарачую гарбату ў тэрмасе. Пасля таго, як аўтаялінку зарэгістравалі на фота і відэа, усе ўдзельнікі адправіліся па сваіх справах. Рабіць елку вырашылі, зыходзячы з колькасці аўтамабіляў, якія прыехалі. Шчыра кажучы, было разлічана некалькі варыянтаў фігур. Але на месцы вырашылі рабіць ялінку», – дадаў Бурак.

ДД

Стужка навінаў