Арыштаваным актывістам даюць новыя «содні»

У Менску грамадскім актывістам, якія раней былі арыштаваныя, суды прызнаюць новыя «содні», паведамляе ПЦ «Вясна». Паседжанні праходзяць праз Skype.

17 траўня ў судзе Савецкага раёна актывіст і сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Валянцін Фралоў, якому 8 чэрвеня прызначылі 15 содняў, атрымаў яшчэ 15 содняў арышту.

Таксама дадатковыя 15 содняў учора атрымала актывістка Вольга Нікалайчык ад суда Першамайскага раёна. Яе судзілі за ўдзел у акцыі ля Камароўскага рынку, якая праходзіла падчас збору подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Яе вінавацілі ў тым, што яна выкрыквала лозунгі: «Стоп таракан!», «Ганьба!», «Жыве Беларусь!», «Сыходзь», «Свабоду Цііханоўскаму!». Жанчына паспела паведаміць, што цяпер знаходзіцца ў карцары. За апошні месяц Вольга агулам атрымала ўжо 43 содні арышту.

Акрамя таго, праваабаронцам стала вядома, што палітык Мікалай Статкевіч яшчэ 27 траўня атрымаў завочна 15 содняў за тое, што 8 траўня ўскладаў кветкі на Вайсковых могілках. За гэта ж мерапрыемства актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш таксама атрымаў 15 содняў.

Новыя «содні» падчас адбыцця папярэдніх таксама атрымалі палітык Павел Севярынец, актывісты «Народнай грамады» Вераніка Мішчанка, Аляксандр Грэчышнікаў, Валянцін Троцкі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

Севярынец парэзаў руку на знак пратэсту супраць катаванняў. Яму далі яшчэ 15 содняў

КА belsat.eu

Hавiны