Аршанца занеслі ў спіс «дармаедаў». Ён патрабуе за маральныя страты Br 675 тыс.


Жыхар Воршы Раман Кузьмянкоў, які летась ладзіў пікеты «Па 500 тут няма», цяпер судзіцца з камісіяй спрыяння занятасці насельніцтва пры Аршанскім райвыканкаме. Ён запатрабаваў у судзе 675 тысяч рублёў кампенсацыі за маральныя страты, якія прычыніў яму выканкам, уключыўшы яго ў спіс не занятых у эканоміцы. Суд Аршанскага раёну пазову не задаволіў. Апеляцыю ў Віцебскім абласным судзе разглядалі 31 кастрычніка.

Аб’ектыў
«Па 500 тут няма». Колькі насамрэч зарабляюць беларусы?
2018.05.15 21:44

Каб не быць «дармаедам» – прадаў кватэру

Раман Кузьмянкоў даведаўся аб тым, што трапіў у спіс так званых дармаедаў, у лютым 2019 году. Пасля гэтага ён некалькі разоў звяртаўся ў камісію з патрабаваннем, каб яго выдалілі са спісу, бо ўнесены туды незаконна. Але дамогся выключэння Раман толькі пасля таго, як прадаў у ліпені ўласную кватэру ў Воршы і перастаў такім чынам быць плацельшчыкам камунальных паслуг.

«Ведаеце, каб мы з мамай сапраўды паддаліся гэтаму «спрыянню занятасці» і скарысталіся тымі вакансіямі, якія мне прапаноўвалі, дык жылі б зараз за грошы, якія і заробкам назваць цяжка. Прапаноўвалі, напрыклад, уладкавацца прадаўцом у «Еўраопт» – на 370 рублёў. Дык прадаўцы ў Менску ўтрая больш у тым жа «Еўраопце» атрымліваюць! У выніку прадалі кватэру і пераехалі ў Менск. Хоць зараз плацім за здымную кватэру, усё роўна будзем мець больш грошай, чым у Воршы», – распавёў «Белсату» Раман Кузьмянкоў.

Суд не задаволіў позву Рамана Кузьмянкова.
Фота: Belsat.eu

Пад выглядам спрыяння – прымус да працы

Ужо пасля таго, як яго выключылі са спісу «дармаедаў», ён падаў на Аршанскі райвыканкам у суд, просячы спагнаць з дармаедскай камісіі 675 тысяч рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.

«Цікава, што на судзе юрыст райвыканкаму тлумачыў, што мяне ўключылі ў спіс не занятых у эканоміцы таму, што я не працую. Але калі я запытаўся, чаму ж мяне выключылі, пачуў у адказ: «Дык вы ж прадалі кватэру!» Якая тут сувязь, я так і не даўмеўся – я ж усё роўна не працую!» – абураецца Раман.

На судзе ў Воршы Кузьмянкоў спрабаваў давесці, што пад выглядам «спрыяння занятасці» адказчык прымушаў яго да працаўладкавання, а гэта ёсць парушэннем арт. 41 Канстытуцыі. Казаў пра «дыскрымінацыю па прыкмеце матэрыяльнай забяспечанасці». Даводзіў, што, будучы спажыўцом, і так удзельнічае ў эканоміцы краіны. Але Аршанскі раённы суд пазоў Рамана Кузьмянкова не задаволіў і ў кампенсацыі адмовіў.

Рамана выключылі са спісу так званых дармаедаў не таму, што ён знайшоў працу, а таму, што прадаў кватэру.
Фота: Belsat.eu

«Маральныя пакуты? Ды гэта фармальнасць!»

Падчас апеляцыі ў Віцебскім абласным судзе 31 кастрычніка Раман заявіў, што вялікая сума маральнай кампенсацыі – гэта толькі нагода сказаць пра больш важнае, а менавіта пра тое, што камісіі парушаюць Асноўны закон і прымушаюць людзей да працы. Прасіў адмяніць рашэнне Аршанскага суду, бо той зусім не разгледзеў ягоныя довады аб парушэнні Канстытуцыі.

«Якія маральныя пакуты я перажыў? Ды гэта чыстая фармальнасць у параўнанні з тым, што парушаецца Канстытуцыя. Яна вышэйшая за любы дэкрэт. І яна забараняе прымус да працы, толькі дае права на яе», – сказаў на судзе Раман Кузьмянкоў.

Раман хацеў адмяніць рашэнне Аршанскага суду.
Фота: Belsat.eu

Разгляд апеляцыйнай справы доўжыўся прыкладна 15 хвілін. Калегія Віцебскага абласнога суду на чале з суддзём Алегам Фёдаравым пастанавіла пакінуць рашэнне Аршанскага суду без змяненняў, а скаргу без задавальнення. Суддзі палічылі, што Кузьмянкоў не прывёў дастатковых доказаў таго, што адказчык парушаў заканадаўства.

«Не спадзяваўся на станоўчае рашэнне. Але буду змагацца далей – падаваць наглядную скаргу, а потым – у Вярхоўны суд і Камітэт па правах чалавека», – паведаміў пасля суду Раман Кузьмянкоў.

Фота: Belsat.eu

Праваабаронца: Суддзі баяцца карыстацца Канстытуцыяй

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік кажа, што суддзі ў Беларусі амаль ніколі не спасылаюцца на Канстытуцыю, таму рашэнне суду, па сутнасці, было прадвызначанае.

«Суддзям прасцей карыстацца нейкімі падзаконнымі актамі, а не Канстытуцыяй, бо яны добра разумеюць, што асноўны закон цяжка будзе абскардзіць», – сказаў Леанід Свецік.

Праваабаронца заўважае, што «дармаедскі дэкрэт» сапраўды зводзіцца да прымусу да працы.

«Чалавек адчувае, што, калі не зробіць таго, чаго патрабуюць камісіі, то будзе пакараны. І пакараны даволі жорстка – давядзецца плаціць па падвышаных тарыфах за камуналку. А гэта ёсць прамое ўздзеянне на чалавека. І гэта ёсць прымусам да працы», – падкрэсліў Леанід Свецік.

Зміцер Казакевіч, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў