Амаль паўтары месячныя нормы ападкаў выпалі ў Менску за два тыдні


За першую палову ліпеня ў сталіцы выпала 120 мм ападкаў. Гэта амаль 140 % месячнай нормы. Такую інфармацыю падае Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Па Менскай, Гарадзенскай, Берасцейскай вобласцях у шмат якіх раёнах за першую палову ліпеня ўжо выпала месячная норма ападкаў, а дзе-нідзе і больш. У рэкардсменах у нас Берасцейскі раён, дзе за 15 дзён выпала 140 мм – гэта 190% месячнай нормы. То бок за паўмесяцы ў гэтым раёне выпала амаль столькі ж ападкаў, колькі ў норме выпадае за два», – паведамілі ў Белгідрамеце карэспандэнту Белта.

Найменш дажджоў было ў некаторых частках Гомельскай вобласці – Гомлі, Васілевічах, Брагіне.

Цягам гэтага тыдня ў асобных раёнах Беларусі варта чакаць моцных залеваў і нават граду, паведамляюць сіноптыкі. Праз гэта абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. Тэмпература паветра складзе 21-26 градусаў.

ЛБ, belsat.eu, на падставе інфармацыі Белта

Стужка навінаў