МЗС Украіны: Да Паўла Грыба ў СІЗА не пусцілі ўкраінскіх консулаў


Украінскія консулы 27 верасня не атрымалі дазвол ад РФ на наведванне ў Краснадарскім СІЗА выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба.

Пра гэта выданню «Украінская праўда» паведаміла прэс-сакратар МЗС Марʼяна Беца.

Паводле яе слоў, адзіны раз украінскія консулы сустракаліся з Грыбам 18 верасня, але тады ім не дазволілі перадаць хлопцу неабходныя лекі і ставіць пытанні, якія тычацца ўмоў яго ўтрымання.

«Нашы дыпламаты звярнуліся ў ФСБ РФ у Краснадарскім краі з просьбай дазволіць сустрэчу з Паўлам 27 верасня. Аднак ніякага адказу не атрымалі», – сказала Беца.

Яна таксама дадала, што ў МЗС не атрымалі дазволу на абследаванне Грыба ўкраінскімі лекарамі.

«Максімальна, што мы можам зрабіць у межах нашых рычагоў на расейскі бок – мы зрабілі. Ізноў будзем пісаць у прадстаўніцтва РФ і па чарговай сустрэчы з консулам, і аб дазволе на абследаванне ўкраінскімі лекарамі. Улічваючы стан яго здароўя, вельмі важна, каб украінскія медыкі мелі магчымасць агледзець Паўла, а таксама, каб ён мог прымаць неабходныя яму лекі », – паведаміла прэс-сакратар.

«Грыба нібыта абследавалі расейскія лекары, але ніякай інфармацыі пра тое, якія ў яго бралі аналізы, менавіта з ім рабілі і якія высновы медыкаў – нам не паведамілі. Хутчэй за ўсё гэта было зроблена з мэтай зняць пытанне аб абследаванне Грыба ўкраінскімі лекарамі», – сказала Беца.

Цяпер ва ўкраінскіх консулаў няма інфармацыі пра стан здароўя Грыба, умовы яго ўтрымання, а таксама інфармацыі аб ходзе следства па нібыта «датычнасці» Паўла да тэрарыстычнага акту.

«Расейскі бок у чарговы раз парушае законы міжнароднага права, у тым ліку забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Украіны на атрыманне менавіта консульскай прававой дапамогі. Улічваючы гэта, мы будзем ініцыяваць чарговы зварот на адрас прадстаўніцтва МЗС Расеі па Краснадарскім краі з патрабаваннем атрымаць дазвол на наведванне Грыба нашымі консуламі», – паведаміла прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.

Таксама яна адзначыла, што ўкраінскі МЗС апелюе да ўсіх міжнародных урадавых і няўрадавых інстанцый, з мэтай уздзеяння на Расею. Беца дадала, што пакуль няма ніякай інфармацыі з боку Беларусі, пра тое, якім чынам украінскі грамадзянін быў выкрадзены ў Гомлі.

Як вядома, Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. Паводле яго слоў, на аўтастанцыі Гомля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за суткі яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт.

Беларусь не прызнае сваёй датычнасці да выкрадання Грыба.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў