ЗША запісалі Беларусь у спіс найгоршых паводле сітуацыі з прымусовай працаю


Беларусь патрапіла ў адну групу з КНДР, Расеяй і Туркменістанам у складзеным вонкавапалітычным ведамствам ЗША рэйтынгу дзяржаў адпаведна іх палітыцы адносна кантрабанды людзей і прымусовай працы.

Нашай краіне закідаюць найперш прымус уласных грамадзянаў да працы, у тым ліку дзяржаўных служачых, студэнтаў, беспрацоўных і, часам, крытыкаў ураду.

Рэйтынг складаецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША згодна інфармацыяй, якая была атрыманая ад сваіх дыпламатаў, іншых дзяржаўных устаноў, міжнародных і недзяржаўных арганізацыяў, на аснове аналізу артыкулаў у прэсе і акадэмічных даследаванняў.

Вокладка дакладу

Рэйтынг складаецца з чатырох спісаў краін. Спіс нумар 1 – гэта краіны, сітуацыя з кантрабандай людзей і прымусовай працай найлепшая, а дзяржаўныя органы прымаюць усе магчымыя захады для мінімізацыі гэтых з’яваў. Далей – ад лепшага да горшага – ідуць спісы 2 (праблемныя краіны), 2WL (праблемныя краіны з магчымасцю пагаршэння сітуацыі да найгоршага) і 3 (найгоршая сітуацыя).

Цяпер наша краіна знаходзіцца ў спісе 3. Акрамя Беларусі, КНДР, Расеі і Туркменістану ў гэтай катэгорыі таксама знаходзяцца Сірыя, Венесуэла, Іран, Кітай.

У чым праблема ў Беларусі?

Да 2015 года наша краіна была ў спісе нумар 2WL, аднак у 2015 годзе апусціцца на ніжнюю прыступку рэйтынга нам «дапамог» дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі аб падатку для непрацуючых». З таго часу, лічыць Дзяржаўны дэпартамент, сітуацыя не палепшылася.

Беларусі ў дакладзе прапануюць адмяніць прымус уласных грамадзянаў да працы, у тым ліку перастаць выкарыстоўваць прымусовую працу як пакаранне палітычнага актывізму. Афіцыйны Менск заклікаюць значна мацней пераследаваць за злачынствы ў сферы прымусу людзей да працы і кантрабанды людзей, зрабіць больш шырокім артыкул за выкарыстанне дзяцей у прастытуцыі, накіраваць больш рэсурсаў на дапамогу ахвярам гэткіх злачынстваў.

«Артыкул 181 Крымінальнага кодэксу («Выкарыстанне нявольніцкай працы») не адпавядае міжнароднаму заканадаўству ў тым, што патрабуе дэманстрацыі прымусу ці падману для доказу злачынства ў сферы сексуальнай эксплуатацыі дзяцей, і таму не крыміналізуе ўсе формы сексуальнай эксплуатацыі дзяцей», – адзначаецца ў дакладзе.

Беларусь зʼяўляецца як крыніцай, гэтак і транзітнай кропкай трафіку людзей, якія выкарыстоўваюцца як нявольнікі, у тым ліку ў сферы прастытуцыі. Беларусы і беларускі трапляюць у нявольніцтва ў Расеі, Польшчы, Турцыі, некаторых іншых краінах Еўразіі і Бліжняга Усходу. У той жа час праз тэрыторыю Беларусі едуць у іншыя краіны, а таксама на тэрыторыі Беларусі змушаныя працаваць у якасці прастытутак жанчыны з Беларусі, Расеі, Украіны, Малдавіі.

Дзяржава як галоўны эксплуататар нявольнікаў

У 2015 годзе Камітэт па правах чалавека ААН адзначыў, што беларускія ўлады самі парушаюць правы працуючых, што даходзіць нават да таго, што дзяржава арганізуе прымусовыя працы для сваіх грамадзянаў.

У прыватнасці ў дакладзе Дзяржаўнага дэпартамента адзначаецца, што хоць прэзідэнцкі дэкрэт пра дармаедаў быў адменены ў 2018, адначасова быў уведзены новы дэкрэт, згодна з якім беспрацоўныя ўсё роўна будуць прымушацца да працы. Дэкрэт набудзе моц у 2019 годзе.

Таксама звяртаецца ўвага на прымус да працы людзей, якія ўтрымліваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях тэрмінам да 18 месяцаў – тыя, хто там адмаўляецца працаваць могуць змяшчацца пад арышт на тэрмін да 10 содняў. Колькасць асобаў у ЛТП ацэньваецца ў 6 700 чалавек.

Беларускія вайскоўцы «дапамагаюць народнай гаспадарцы». Фота Мінабароны Беларусі

Асобна дзяржава змушае да бясплатнай працы зусім здаровых і ні ў чым невінаватых людзей – праз суботнікі, прымусам да бясплатнай працы на калгасных палях студэнтаў і навучэнцаў школ, жаўнераў тэрміновай службы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў