Святочны канцэрт да Дня роднай мовы


У Дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, «Арт Сядзіба», Саюз беларускіх пісьменнікаў, кампаніі «Будзьма беларусамі!», ПЭН-цэнтр, «Белсат» і «Say.by» арганізавалі святочны канцэрт. Імпрэза прайшла ў межах кампаніі «Беларускамоўны».

Падчас імпрэзы, якая прайшла ў кавярні «Грай» у цэнтры Менску, выступілі паэты Стась Карпаў, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч і Усевалад Сцебурака ды музыкі – спявак «Uzari», рэпер «Angst» і гурт «Akute».

Прысутныя ўзялі ўдзел у шоу «Самшазам» – беларускай версіі гульні «Угадай мелодыю».

Каманда «Say.by» прэзентавала на свяце новую версію мабільнага дадатку для размоваў па-беларуску ў сферы абслугоўвання і штодзённым жыцці.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Тэматычныя імпрэзы ў гэты дзень прайшлі па ўсёй краіне.

Мэта тых, хто ладзіць гэтыя імпрэзы, – паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы.

Далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны»!

 

 

Стужка навінаў