У Берасці на Вялікдзень традыцыйна кармілі галубоў, але шэсця не было


Каля 75 асобаў выйшлі 28 красавіка на плошчу Леніна ў Берасці на традыцыйнае кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага заводу. Сярод пратэстоўцаў былі і тыя, каго цягам апошняга тыдня аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – шэсці супраць заводу.

Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, было вельмі шмат міліцыі, як у форме, так і ў цывільным – ён налічыў ня меней за 15 асобаў, піша b-g.by. Людзей зноў папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.

Акрамя таго, на плошчы былі назіральнікі праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і тры прадстаўнікі міжнароднай сеткі назіральнікаў з Расеі.

У адрозненне ад апошніх тыдняў, на плошчы не праводзілася ніякага мерапрыемства. Змагары за экалогію павіншавалі адзін аднаго з Вялікаднем, пагутарылі і разышліся. Падчас і пасля маўклівай акцыі пратэсту затрыманняў не было.

Кармленне галубоў адбываецца ў Берасці кожную нядзелю, пачынаючы з 4 сакавіка мінулага. У розны час на акцыі прыходзіла ад 20 да больш за 300 асобаў.

ВІДЭА
Кармленне галубоў – гэта берасцейскі брэнд. Топ-10 фактаў пра барацьбу супраць акумулятарнага заводу
2019.03.17 15:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў