«Свята» небеларускага абсурду

Адна партыя зрабіла пераварот у сталіцы нейкай краіны. Потым войскі гэтай партыі захапілі Беларусь і залілі яе крывёю. «Цудоўная» нагода для святкавання ў Беларусі, праўда?

Сайт лідара Рэспублікі Беларусь лічыць, што бальшавіцкі пераварот 7 лістапада 1917 года ў Петраградзе беларусам святкаваць сапраўды варта. Давайце паглядзім, чаму ж беларусам прапануюць тут святкаваць падзеі, якія адбыліся за амаль тысячу кіламетраў ад межаў Беларусі.

Бальшавікі як пачатак эры… нацызму?

Спачатку нам заяўляюць, што «восень 1917 года кардынальна змяніла ход сусветнай гісторыі». Вельмі дзіўная заява – як быццам бы камусьці дакладна вядома, як бы ішла сусветная гісторыя без Кастрычніцкай рэвалюцыі.

7 лістапада ў Менску, 2017 год.
Фота: Belsat.eu

Я магу прыгадаць хіба што адзін варыянт – без прыходу бальшавікоў да ўлады ў Расейскай Імперыі… нацысты маглі б не прыйсці да ўлады ў Нямеччыне. Бо менавіта хвалі эмігрантаў і звесткі пра масавы бальшавіцкі тэрор выклікалі ў многіх грамадствах Еўропы, і перш за ўсё ў нямецкім, вельмі моцны страх перад бальшавіцкімі сіламі. У выніку нават іншыя сацыялісты пад чырвонымі сцягамі – нацыянал-сацыялісты – на фоне камуністаў выглядалі для многіх працоўных, сялянаў, інтэлігентаў адносна цярпімымі.

Hавiны
Лукашэнка: «Памяць пра гераічныя падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ўмацоўвае згоду ў грамадстве»
2019.11.07 09:55

Згадаем хаця б тое, што тэрор быў у афіцыйнай ідэалогіі бальшавікоў неад’емным элементам рэвалюцыйнай барацьбы. У сувязі з гэтым даволі дзіўна пісаць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя стала пачаткам «новай эры…, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму». Усім вядомыя факты гісторыі сведчаць, што XX стагоддзе стала значна больш жорсткім і крывавым, чым «рэакцыйна-кансерватыўнае» і «феадальна-буржуазнае» XIX ст.

Хіба што толькі зʼяўленне атамнай зброі і пагроза ўзаемнага татальнага знішчэння ўратавала Зямлю ад 3-й сусветнай вайны. Неяк з «эрай гуманізму» не атрымалася, праўда?

Дыктатура замежнай партыі плюс дыктатура меншасці

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі стала пачаткам грамадзянскай вайны ў гэтай краіне, а таксама вонкавай агрэсіі – акупацыі потым Беларусі, Украіны, іншых краін, якія абвесцілі сваю незалежнасць.

Бальшавікі абвесцілі – цалкам адпаведна са сваёй ідэалогіяй – дыктатуру пралетарыяту. Адпаведна, нават калі лічыць, што расейскім бальшавікам была справа да меркавання беларускіх працоўных (на самой справе – яны на беларускія меркаванні плявалі), гэта была ў Беларусі дыктатура абсалютнай меншасці над сялянскай большасцю. Бо менавіта сяляне складалі большасць беларускага насельніцтва.

А сяляне, згодна з ідэалогіяй марксістаў-ленінцаў, былі перш за ўсё «дробнабуржуазным элементам».

Адмянілі свабоду слова, разагналі дэмакратычна абраны Устаноўчы Сход, які мусіў вырашыць лёс былых земляў Расейскай Імперыі, пачалі пераслед і тэрор усіх, хто «палітычна няправільна» думаў і асмельваўся выказваць свае «непаліткарэктныя» думкі. Прымусам і гвалтам стварылі калгасы, пазбавілі сялянаў іхнай уласнасці – зямлі.

Канешне, бальшавікі натхнілі шмат мільёнаў людзей на «барацьбу за свабоду і раўнапраўе», як напісаў афіцыйны сайт Лукашэнкі. Толькі гэта была пераважна барацьба за свабоду АД бальшавікоў.

Ад бальшавіцкай акупацыі да незалежнасці

Хіба што палова прэзідэнцкага віншавання прысвечаная таму, што праз бальшавіцкі пераварот «упершыню ўзнікла беларуская дзяржава». Добра, давайце нават не звяртаць увагу, што жыхары гэтай зямлі і без бальшавікоў мелі сваю дзяржаўнасць – у выглядзе Полацкага княства, напрыклад, ці Вялікага княства Літоўскага.

Але бальшавікі як раз перашкодзілі спробе стварэння незалежнай беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. І менавіта заключэнне бальшавікамі Берасцейскага міру, які дзяліў тэрыторыю Беларусі папалам, прывёў да адкрыта антыбальшавіцкага кроку беларускіх патрыётаў – абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Берасцейская мірная дамова, згодна якой бальшавікі аддавалі Нямеччыне асноўную частку Беларусі, стала адным з галоўных чыннікаў да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі

Калі ж прэс-служба Лукашэнкі лічыць беларускай дзяржавай БССР, то яна памыляецца, бо гэтая «дзяржава» не кантралявала свае межы – межы БССР, Літ-Бела, ССРБ і іншых фармальных шырмаў для бальшавіцкай акупацыі Беларусі вызначаліся ў Маскве, гэтая «дзяржава» не мела ані сваёй арміі, ані спецслужбаў. Кіраўнікоў гэтай «дзяржавы» таксама прызначала Масква.

Больш за тое, калі лічыць БССР беларускай дзяржавай, то атрымаецца, што БССР не перамагла, а прайграла ў «Вялікай Айчыннай Вайне», бо тэрыторыя БССР у чэрвені 1941 года была значна большай, чым тэрыторыя БССР у траўні 1945-га. Зноў жа, таму што так вырашылі ў Маскве.

Бюст Леніну на станцыі метро пл. Леніна.
Фота: Belsat.eu

Сувярэнную дзяржаву, пра якую згадваецца ў віншаванні, атрымалася пабудаваць толькі ў выніку аслаблення і поўнага краху камуністычнай дыктатуры ў канцы 1980-ых і пачатку 1990-ых гадоў. І гэтым сказана ўсё пра суадносіны беларускай самастойнасці і бальшавіцкага перавароту.

Я разумею, калі ў 1941-1944 гадах немцы святкавалі ў Менску 9 лістапада – Дзень нацыстоўскага піўнога путчу – і беларусы вымушаныя былі ўскосна таксама ўдзельнічаць. Бо гэта была акупацыя.

А зараз чаму беларуская незалежная дзяржава адзначае дзень, калі нейкая тэрарыстычная партыя арганізавала пераварот у нейкай чужой краіне?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў