Супраць беларускіх прадпрыемстваў могуць увесці санкцыі за гандаль з анексаваным Крымам


Пастаянны прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў Крыме Барыс Бабін распавёў карэспандэнтцы belsat.eu, што буйныя беларускія прадпрыемствы падпісваюць наўпроставыя дамовы з кампаніямі на акупаванай тэрыторыі, і за гэта яны трапяць у санкцыйныя спісы, а асобаў, датычных да гэтага бізнесу, найхутчэй чакае крымінальны пераслед.

Ад 2014 года офіс крымскага сталага прадстаўніка прэзідэнта перамешчаны ў Херсон. Пасля анексіі паўвостраву расейскімі войскамі прадстаўніцтва займаецца пытаннямі ўладкавання вымушаных перасяленцаў, забеспячэннем правоў і свабодаў жыхароў Крыму, праблемай рэпрэсіяў у дачыненні крымскататарскага насельніцтва, а таксама шэрагам эканамічных пытанняў.

Падчас святкавання дня народнага адзінства ў Крыме. Фота Sergei Malgavko/TASS

Адказваючы на просьбу belsat.eu пракаментаваць прысутнасць беларускіх тавараў у акупаваным Крыме, Барыс Бабін прызнаў, што гэта праблема, і адзначыў, што большасць такога імпарту ажыццяўляецца не наўпрост.

«У нас ёсць закон аб свабоднай эканамічнай зоне, які не дазваляе замежнікам працаваць у акупацыйнай юрысдыкцыі, але дазваляе працаваць многім нашым (украінскім) кампаніям.

Калі браць непасрэдна пастаўкі тавараў з Беларусі ў Крым, ёсць наступная складанасць: большасць з іх пастаўляецца не наўпрост. Рэдка знойдзецца такі «самазабойца», які падпіша наўпроставы кантракт з Севастопалем. Тавары ідуць на расейскую фірму, а беларускі пастаўшчык умывае рукі. Маўляў, я камерсант, я не ведаю, куды пайшоў тавар, я прадаваў у Растоў і нічога не парушыў».

Разам з тым, пастпрэд украінскага прэзідэнта падкрэслівае: большую цікаўнасць у юрыдычным плане ў яго выклікаюць беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, якія наўпрост імпартуюць у Беларусь прадукцыю з акупаванага Крыму.

«Мы пільна адсочваем пастаўкі крымскіх тавараў у рэспублікі постсавецкай прасторы, асабліва ў краіны-чальцы ЕўрАзЭС, у тым ліку ў Рэспубліку Беларусь.

Хлопчык трымае аўтамат падчас прысягі навабранцаў расейскага вайскова-патрыятычнага клубу «Юнармия» ў Севастопалі, Крым, 27 кастрычніка 2018. Фота REUTERS / Павел Раброў

На сённяшні дзень нам дакладна вядома, што Беларуская чыгунка набывае ў Керчы стрэлкі для чыгуначнага транспарту, на Керчанскім заводзе. Гэта робіцца наўпрост. Такія прыклады цяжка схаваць – іх цэлы стос», – кажа Бабін.

Гаворка вядзецца пра Керчанскі стрэлковы завод. У 2010 годзе ён быў прызнаны лідарам у сваёй галіне. Пасля захопу Крыму РФ завод увайшоў у склад ТАА «Краснадарская стрэлачнай кампанія». Аднак гэта далёка не адзінкавы выпадак, сцвярджае Бабін.

«Паводле афіцыйных дадзеных, на сённяшні дзень Беларусь з’яўляецца асноўным спажыўцом экспартных тавараў з Крыму. Яна займае першае месца. У асноўным, гандлююць вырабамі з металу, сельскагаспадарчай прадукцыяй… З Крыму ў Беларусь ідзе вялікі сэт прамысловых вырабаў, і ідзе наўпрост. У дакументацыі магчыма схаваць пастаўшчыка, але не месца, дзе рэч была зроблена».

Мы таксама пацікавіліся, якія меры ўздзеяння на Менск збіраецца ўжыць афіцыйны Кіеў у гэтай сувязі.

«Як толькі дадзеныя будуць цалкам сабраныя, з’явяцца санкцыйныя спісы. Гаворка вядзецца пра санкцыі не толькі Украіны, але і ЗША, і Еўразвязу. Таксама, калі будзе даказаны зламысны намер канкрэтных асобаў, якія вывозілі тавары праз зачыненыя пункты пропуску, магчымы крымінальны пераслед. Але, на маю думку, санкцыі – найбольш жывы механізм.

Пакуль найбольш яскравы кейс, мы здолелі літаральна схапіць людзей за руку, калі беларускі лікёра-гарэлачны завод узяў удзел у выставе ў Ялце. Вяліся размовы па дыпламатычных каналах, у Беларусі сказалі, што тое была прыватная ініцыятыва. Аднак украінскі МЗС усё адно выступіў з заявай».

У адказ на просьбу карэспандэнткі belsat.eu назваць колькасць беларускіх прадпрыемстваў, што могуць патрапіць пад санкцыі, Барыс Бабін заявіў:

«Санкцыйны спіс пастаянна абнаўляецца, цяпер у ім каля тысячы пазіцый. Беларускіх там – менш за сотню, але мы робім усё магчымае, каб сабраць факты, каб іх там стала болей, бо, паўтару, Беларусь – асноўны экспартна-імпартны партнёр акупаванага Крыму».

Раней мы пісалі, што беларускія дзяржаўныя кампаніі актыўны гандлююць з так званымі «ДНР» і «ЛНР». У расследаванні фігуравалі такія гіганты як «Крыстал-груп» (алкаголь), «Камунарка» (кандытарскія вырабы), Менскі аўтамабільны завод (запчасткі для сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі) ды іншыя.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў