«Спачатку я быў за байкот, але зараз пачаў сумнявацца» #немойпрэзідэнт


Belsat.eu чакае вашыя гісторыі пад гэштэгам #немойпрэзідэнт #мойпрэзідэнт.

«Хачу падзяліцца сваімі асабістымі ўражаннямі пра дзейснага кіраўніка нашай дзяржавы. Калі сп. Лукашэнка з’явіўся ў парламенце ў якасці «барацьбіта з карупцыяй», нам з бацькамі ён адразу не спадабаўся. (…) Ён абвінаваціў Станіслава Шушкевіча ў крадзяжы «трох цвікоў», і гэта было вельмі брыдка, бо я вельмі паважаў і паважаю Станіслава Станіслававіча (дарэчы, я быў асабіста знаёмы з ягоным бацькам – пісьменнікам Станіславам Пятровічам Шушкевічам).

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года мае бацькі і мы з сястрой галасавалі за Зянона Пазняка, бо верылі, што ён зможа адрадзіць дэмакратычную беларускую дзяржаву. Падчас другога тура я быў за мяжой. Калі я вярнуўся і даведаўся, што перамог Лукашэнка, я быў у шоку! Яшчэ было спадзяванне, што гэта ненадоўга.

На жаль, жыццё склалася па-іншаму… Я хадзіў на выбары ў 2001, 2006 і 2010 гадах, і галасаваў адпаведна за Ганчарыка, Мілінкевіча і Кастусёва. На выбары 2015 года я ўжо не хадзіў – вырашыў, што гэта бессэнсоўна. Тры гады таму мае бацькі памерлі, так і не дачакаўшыся пераменаў… Што рабіць у гэтым годзе, я да канца яшчэ не вырашыў. Я пакуль не давяраю цалкам нікому з тых, хто вылучаецца ў кандыдаты.

Спачатку я ўвогуле быў за байкот, але зараз пачаў сумнявацца. Буду назіраць за паводзінамі кожнага з іх [кандыдатаў. – Belsat.eu] і тады прымаць нейкае рашэнне».

***

У сацыяльных сетках актыўна набірае моц флэш-моб пад гэштэгам #немойпрэзідэнт. Мы прапануем вам дасылаць вашыя гісторыі нам. Ананімнасць (у выпадку, калі вы гэтага патрабуеце) гарантуем. Можна пазначыць толькі імя, узрост, горад. Дасылайце вашыя гісторыі пад гэштэгамі #немойпрэзідэнт альбо #мойпрэзідэнт. Чаму Лукашэнка ваш альбо не ваш прэзідэнт? Дасылаць іх можна праз форму зваротнай сувязі на нашым сайце ці праз прыватныя паведамленні да «Белсата» у любых сацыяльных сетках.

Іншыя гісторыі:

Стужка навінаў