Падставаў для правярання з нагоды смерці Міхаіла Рыштоўскага (Куневіча), якога камісавалі з войска з 4-ай стадыяй раку страўніка, няма. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала з Карэліцкага раённага аддзелу Следчага камітэту маці памерлага жаўнера Вольга Куневіч.
У СК заяўляюць, што ранейшыя праверкі паказалі, што «захворванне было атрымана ў перыяд вайсковай службы», паведамляе Радыё «Свабода».
26-гадовы жаўнер праслужыў 11 месяцаў, і камісавалі яго толькі тады, калі хвароба была ўжо невылечная.
Маці хлопца са спасылкай на мясцовых дактароў кажа, што ў яе сына ўвесь час былі дрэнныя аналізы. Але ў дакументах, падпісаных прадстаўніком ваенкамату Канстанцінам Зарубайкам, яны раптам сталі «ідэальнымі».
Вольга Куневіч адзначае, што ў войску яе сыну ўвесь час было дрэнна, балеў страўнік так, што нават не мог есці. Ён нават прысягу прымаў у шпіталі. Пры гэтым кіраўніцтва абвінавачвала жаўнера, які памёр так і не адслужыўшы, у спробе ўхіліцца ад службы.
МГ belsat.eu