Па-беларуску ці па-расейску? Фіналістка дзіцячага «Еўрабачання» пытаецца, на якой мове заспяваць


Маша Ермакова

У Беларусі завяршаецца нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне-2019», якое пройдзе 24 лістапада ў Польшчы. У фінал трапілі дзесяць маладых выканаўцаў, якія пазмагаюцца за права прэзентаваць нашую краіну на міжнародным музычным конкурсе. Адна з іх, Маша Ермакова, прапаноўвае гледачам абраць, на якой мове ёй выканаць сваю песню – беларускай або расейскай.

Спачатку песня «Ветра» аўтарства беларускага музыкі Майкла Соўла была напісаная па-расейску.

«Але мы ўжо на гэтым этапе запісалі яе на славянскіх мовах краінаў-удзельніц», – адзначыў у каментары belsat.eu прадстаўнік маладой спявачкі Сяргей Андрыянаў.

Гэтак, украінскі варыянт быў прэзентаваны тыдзень таму на фестывалі ўкраінскай культуры ў Менску ля Ратушы. Беларускі варыянт прагучаў 23 жніўня на «Symbal.by Fest’е», а прэм’ера польскага адбылася 25 жніўня на «Ракаўскім фэсце».

Маша Ермакова на фестывалі ўкраінскай культуры разам з амбасадарам Украіны Ігарам Кізімам

«Мы аб’ядноўваем наш славянскі свет сваёй песняй. Ёсць жаданне паказаць, што няважна па-польску, па-ўкраінску ці па-беларуску гучыць песня, усё роўна славянскія людзі будуць разумець, аб чым спявае Маша», – расказаў Сяргей Андрыянаў.

У нацыянальным фінале 20 верасня выканаўца выйдзе на сцэну пад дзясятым нумарам. Але на якой мове прагучыць яе кампазіцыя, змогуць вызначыць самі беларусы: ужо ў гэты чацвер на трох інфармацыйных пляцоўках пачнецца галасаванне за мову выступу.

Маша Ермакова на «Ракаўскім фэсце»

«Мы хочам, каб беларусы дапамаглі нам з гэтым выбарам: спяваць гэтую песню альбо па-расейску, альбо па-беларуску», – заявіў прадстаўнік спявачкі.

Назвы пляцовак, на якіх пройдзе галасаванне за мову спеву, пакуль не называюцца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў