Не было б у берасцейцаў шчасця, але «святы» дапамаглі

«Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло,» – казала мая бабуля Каця. У выпадку з Берасцейскім акумулятарным заводам, да сітуацыі вакол якога цяпер прыкавана больш увагі прэсы, чым да Еўрапейскіх гульняў, з дакладнасцю наадварот. Не было б шчасця берасцейцам, ды дапамагло іншае шчасце, агульнанацыянальнага маштабу.

Шэсце па цэнтру Берасця. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Пратэсты вакол будаўніцтва шкоднай вытворчасці жыхары горада над Бугам вядуць ужо даўно. У знак пратэсту яны і на пікеты выходзілі, і мітынгі праводзілі, і нават галубоў кармілі – каб паказаць уладам: не палітыка нас турбуе, а экалогія, стан вады, паветра, выкіды шкодных рэчываў у атмасферу і г.д., і да т.п . Улада не проста не збіралася шукаць выйсце з сітуацыі, якая склалася, але нават учыняла рознага роду правакацыі. Традыцыйныя, зрэшты, дробныя – з яе пункту гледжання. Пратаколы складалі, галубоў разам з пратэстантамі, якія іх кармілі, разганялі. Самая буйная падзея – праверка скаргі, якая паступіла пры дзіўных абставінах ад жыхара Масквы (!!!) на аднаго з лідэраў пратэсту Дзмітрыя Бекалюка, згодна з якой Бекалюк замучыў усе інстанцыі сваімі скаргамі і, таго і глядзі, нанясе шкоду нашай сінявокай радзіме на 4,5 мільярда долараў.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

Праверку гэтай скаргі пачалі ажыццяўляць 26 мая. А 9 чэрвеня – усяго няшмат часу прайшло, пагадзіцеся? – старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук і намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк раптам сустракаюцца з пратэстуючымі і канстатуюць: так, праблема сапраўды ёсць. Перавышэнне выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу зафіксавалі упаўнаважаныя дзяржаўныя структуры, цяпер сітуацыя будзе вывучацца, аж да канфіскацыі дазволу на гэтыя самыя выкіды. І ў сераду, 12 чэрвеня (а камісія па прыёме аб’екта павінна падпісаць – ці не падпісаць – акт аб увядзенні завода ў эксплуатацыю 11 чэрвеня), з прадстаўнікамі пратэстуючых сустрэнецца старшыня аблвыканкама, каб ужо тады…

Hавiны
Праціўнікі будаўніцтва заводу пад Берасцем сустрэліся з кіраўніцтвам гораду
2019.06.09 16:14

Вам зразумела, што адбылося? «Шчасце» дапамагло! Святы, то раптам звальваюцца на галовы ўсіх жыхароў Беларусі, але берасцейцаў у асаблівасці!

Першае свята – славутыя Еўрапейскія гульні. Шуму з імі будзе шмат, так што большасць іншых інфармацыйных падстаў ён відавочна заглушыць. Але, пагадзіцеся, масавы выхад на вуліцы ў знак пратэсту жыхароў аднаго з шасці найбуйнейшых гарадоў краіны ў гэтай сітуацыі вельмі не пажаданы. Ці мала што: так, еўрапейскія журналісты, якія прыехалі да нас, у асноўным будуць пісаць пра спорт, але хтосьці і на экалогію звярнуць увагу можа.

Другое свята – 1000-годдзе Берасця. У час сустрэчы з актывам пратэстуючых Аляксандр Рагачук, што называецца, «прагаварыўся» (цытуем паводле інфірмацыі парталу TUT.BY):

– Няўжо вы думаеце, што я хачу ўвайсці ў гісторыю не як мэр, які горад падрамантаваў да 1000-годдзя, а як будаўнік акумулятарнага завода?

Уласна кажучы, зразумела, што мэр палічыў бы за лепшае сумясціць і тое, і другое. Але складаецца сітуацыя, калі выбіраць даводзіцца нават горадскім начальнікам. Уяўляеце сабе, як бы ён выглядаў, каб пасярод святочных урачыстасцяў, якія здараюцца раз на тысячу гадоў, выйшла калона маніфестантаў з лозунгамі кшталту: «Рагачук, спыні труціць нашых дзяцей!» Дрэнна бы выглядаў. І не толькі таму, што на такіх імпрэзах ніякі спецназ на пратэстуючых не выпусціш, але, перш за ўсё, таму, што труціць чыіхсьці дзяцей у яго і ў думках не было, а значыцца атрымалася б на чужым балі пахмелле.

Hавiны
Акумулятарны завод пад Берасцем зноў не атрымаў афіцыйны дазвол на працу
2019.05.28 20:10

Да таго ж, і трэцяе «свята» неўзабаве падаспее. Выбары ў беларускі парламент. І тут у руках у праціўнікаў будаўніцтва завода застаецца яшчэ адзін козыр – байкот. Або пратэстнае галасаванне. Маўляў, не хочаце вы, улады разгэткія, клапаціцца аб нашым здароўі, дык атрымаеце напоўніцу. Байкот выбараў, арганізаваны ў абласным цэнтры, – ды пра такі ніводная апазіцыя марыць не магла! А тут атрымліваецца, што самі ж улады сітуацыю да яго даводзяць.

Зыходзячы з усіх вышэйзгаданых меркаванняў, улада паступае вельмі мудра, пайшоўшы на перамовы з людзьмі. Бо аж да заканчэння ўсіх трох «святочных» кампаніяў яна залежыць ад іх меркавання і іхняй пазіцыі значна больш, чым яны ад яе.

Hавiны
Праціўнікі берасцейскага акумулятарнага заводу звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН
2019.06.03 19:58

А вось што далей-то будзе? Можа здарыцца і так, што акумулятарны завод ператворыцца ў своеасаблівы «Бульбаш-хол» – той самы рэстаран блізу Курапатаў, які спачатку перайменавалі, потым зрабілі выгляд, што праблема вычарпаная, потым ўсталявалі сціплы мемарыял, і… Рэстаран застаўся, пікетоўцаў перыядычна штрафуюць – усе , як той казаў, пры справе.

Праблема ў тым, што выкіды шкодных рэчываў – гэта не шашлык ля пад’езду да месцаў масавых пахаванняў. Тут гаворка ідзе ўжо не пра мёртвых – пра жывых. І калі ўлада абмяжуецца імітацыяй не мер нават, а паўмер, другі раз берасцейцы, падобна, сіл, каб націснуць на «слуг народа» і запатрабаваць рэальна абараніць свае інтарэсы, не назапасяць. Таму дамагацца рашэння трэба зараз. Да ўсіх святаў. Пакуль шчасце на іх баку.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў