«Мы на месцы не сядзім». TETRIS CHALLENGE з двума мянчанкамі сталага ўзросту


Да 1 кастрычніка – Міжнароднага дня сталага чалавека – мы вырашылі пагуляцца з фарматамі ды спалучыць сучаснасць і класіку.

Праз флэш-моб TETRIS CHALLENGE мы вырашылі паказаць, як можа выглядаць жыццё незвычайнага беларускага чалавека сталага ўзросту. Гераінямі фотапраекту да Міжнароднага дня сталага чалавека сталі спадарыні Ганна і Лілія, якія больш за 40 гадоў працавалі медыкамі. А зараз яны вандруюць, вучацца і атрымліваюцца асалоду ад жыцця.

Tetris challenge да Мжнароднага дня сталага чалавека.
Фота: Сяржук Кавалёў / Belsat.eu

Сяброўства, якому больш за 50 гадоў

Пры першым позірку на спадарыняў Ганну Кручкову і Лілію Шчур цяжка сказаць, што яны пенсіянеркі. Жанчыны элегантна апранутыя, нафарбаваныя, а ў іх руках – iPhone. На пытанне, колькі ім гадоў яны не адказваюць. Але вядома, што сябруюць ужо больш за 50 гадоў – пазнаёміліся яшчэ ў медычным універсітэце і з тых часоў не разлі вада.

– У нас вельмі сяброўская ўніверсітэцкая група. Мы штогод збіраемся на Дзень медыку. Раней збіраліся раз на пяць гадоў, але потым вырашылі часцей – бо хтосьці можа памерці ў любы час. Замаўляем рэстарацыю і святкуем. Дарэчы, уся група засталася працаваць у медыцыне і шмат хто – галоўныя дактары менскіх і не толькі шпіталяў, – зазначае Ганна.

Лілія Шчур.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На пытанне, чаму ў іх атрымалася захаваць такое шчыльнае сяброўства, Ганна і Лілія адказваюць наступным чынам. Справа ў тым, што за савецкім часам у медычны ўніверсітэт раней было вельмі складана паступіць.

– У мяне сёння ідуць дрыжыкі па целу, калі прыгадваю той момант, калі ўбачыла сваё імя ў спісе, – прызнаецца Ганна.

З такіх дробязяў: вясёлых прыгодаў у студэнцкім інтэрнаце, сумесных паходаў, апантанасці вучобай, і склаўся падмурак сяброўства на ўсё жыццё.

Ганна Кручкова.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзве жанчыны, але розны лёс

Нягледзячы на сяброўства і агульную прафесію, у жанчын даволі розны лёс. Ганна нарадзілася ў Барысаве і вельмі гэтым ганарыцца.

– Я так люблю раку Бярэзіну! Шкада, што яна зараз стала такая дробная, – прыгадвае жанчына.

Калі паступіла ва ўніверсітэт, то жыць стала ўжо ў інтэрнаце. Раней усе студэнты з Барысава, якія вучыліся і жылі ў Менску, ездзілі дадому разам. Выбіралі першы ланцуг прыгараднага цягніку. За праезд не плацілі – лішніх грошай не было.

Лілія Шчур.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пасля ўніверсітэту Ганна пачала працаваць неўролагам у паліклініцы. З цягам часу жанчына пачала падпрацоўваць і на хуткай. Было складана, але былі патрэбныя грошы. Яна была настолькі добрая прафесіяналка, што яе запрасілі працаваць у Берлін на 4 гады. А потым арганізацыя «Дактары без межаў» запрасілі на працу ў Грэцыю, дзе яна 6 год працавала ў анкалагічным шпіталі.

Справка
Tetris Challenge – гэта сеткавы флэш-моб. Прадстаўнікі розных прафесіяў выкладаюць на зямлі розныя прадметы з іх працы (напрыклад, пажарныя – вогнетушыцелі, аператары – камеры, лекары – статаскопы і г.д.), кладуцца побач і здымаюць гэта ўсё зверху – часцей, пры дапамозе дрону. Сутнасць у тым, каб пакласці прадметы і людзей пад вуглом 90 градусаў і быць падобнымі на гульню «тэтрыс». Упершыню такое зрабілі паліцэйскія з Новай Зеландыі ў лістападзе 2018 году, але тады флэш-моб не распаўсюдзіўся. 1 верасня 2019 году Tetris Challenge паўтарылі паліцэйскія з Цюрыху. Іхны фотаздымак у сацсетках сабраў больш за 4,5 тысячы лайкаў.

У Ганны ёсць дачка і ўнучка. Яны пайшлі па яе сцежцы і звязалі сваё жыццё з медыцынай. Дынастыя! Бацька Ліліі быў памежнікам, таму сям’я шмат пераязджала. Напрыклад, сама жанчына нарадзілася ў Омску, куды яе з матуляй эвакуявалі з Сахаліну.

– Пачалася Другая сусветная вайна, на Сахалін напалі японцы, і нас эвакуявалі. Тата жа пайшоў на фронт, – кажа Лілія.

Лілія Шчур, Ганна Кручкова і аператар «Белсату» Сяржук Кавалёў глядзяць фота, якое зняў дрон.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У Менску яна апынулася пасля двух гадоў навучання ва ўніверсітэце ў Туркменістане – тату паклікалі ў Беларусь, і ёй давялося пераехаць. Пасля вучобы разам з мужам яны паехалі працаваць у невялічкі шахцёрскі пасёлак на Данбасе. Тады яна была дзіцячым доктарам.

– Было вельмі складана – дзяцей шмат, а я адна. Працавала з 8-ай раніцы да глыбокай ночы, – прыгадвае спадарыня Лілія.

Пасля ў Беларусі яна працавала ў ведамаснай паліклініцы тэрапеўткай. Калі сыходзіла на пенсію, пацыенты нават запусцілі петыцыю – так не хацелі яе адпускаць. І па сёння часта пазнаюць і заўсёды вітаюцца.

Сяржук Кавалёў, аператар «Белсату», робіць здымак для Tetris Challenge на дрон.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пра жыццё на пенсіі

Жанчыны стараюцца не сядзець на месцы. Кажуць, што хоць выйшлі на пенсію, але жыццё ў іх па-ранейшаму вельмі актыўнае.

Ужо шэсць гадоў яны ходзяць ва «Універсітэт трэцяга ўзросту» – некамерцыйны праект, які дапамагае сталым людзям засвоіць сучасныя тэхналогіі, вывучыць замежную мову, навучыцца пісаць і шмат іншага. Жанчыны ня проста наведваюць праект – яны адныя з найбольш яго актыўных удзельніц. У гэтым годзе яны дапамагалі арганізатарам набіраць людзей.

– Тыдзень з панядзелка па пятніцу вельмі хутка праносіцца, – кажа Лілія. – Заўсёды нейкія справы, заўсёды чымсьці занятая. Ну і мы не адзінокія – у нас ёсць сем’і. Раней дапамагалі дзецям гадаваць унукаў. А зараз вось сабака з’явіўся.

Жанчыны аб’ездзілі ўсю Еўропу, былі ў Егіпце, Тайландзе, Турцыі. Бліжэйшы адпачынак плануюць правесці на Маллёрцы. Але прызнаюцца, што вандраваць ужо надакучыла.

– Мая дачка жыве ў Даніі – там ёсць неверагодна прыгожыя белыя скалы. Я туды зайшла: 500 прыступак уніз і столькі ж уверх. Я падумала, што можа ўніз яшчэ спушчуся, але вось наверх ужо не атрымаецца, – смяецца Ганна.

Рэдакцыя ўдзячная праекту «Універсітэту трэцяга ўзросту», і ў прыватнасці Вользе Шышло за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу.

Ксенія Тарасевіч. Фота: Ірына Арахоўская і Сяргей Кавалёў Belsat.eu

Стужка навінаў