Міністр фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што паступлення ў бюджэт Беларусі ад экспарту нафты адсутнічаюць з пачатку 2020 года, аднак неабходнасці ў экстранных мерах бюджэтнай палітыкі цяпер няма.
«Цяпер няма паступленняў у бюджэт ад экспарту нафты. Але пакуль казаць пра змены гадавых аб’ёмаў даходаў у цэлым няма патрэбы. Мы працуем у штатным рэжыме», – сказаў Ермаловіч.
Паводле ягоных словаў, ніякіх рашэнняў, якія б карэктавалі бюджэт на 2020 год, не прымалася».
«Неабходнасці ў экстранных мерах няма», – падкрэсліў міністр.
Ён растлумачыў, што ў бюджэце назапашаныя значныя рэшткі сродкаў у сувязі з прафіцытам леташняга бюджэту.
«Мы лепш, чым планавалася, выканалі бюджэт 2019 года. І мы ўвайшлі ў бюджэт 2020 года даволі падрыхтаванымі і з пункту гледжання наяўнасці валютных рэсурсаў і рублёвых рэшткаў на рахунках банкаў і Нацыянальнага банку. Сітуацыя досыць пазітыўная», – сказаў Ермаловіч.
- З 1 студзеня Расея спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі праз тое, што Масква і Менск не заключылі новыя кантракты. Беларускія НПЗ працягвалі працаваць, але загрузка вытворчых магутнасцяў зніжаная да тэхналагічнага мінімуму. У звязку з адсутнасцю паставак нафты з Расеі з 1 студзеня Беларусь часова прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў.
- 4 студзеня пастаўкі нафты на беларускія НПЗ аднавіліся – дамоўленасць была дасягнутая з кампаніямі алігарха Міхаіла Гуцэрыева, які сябруе з Лукашэнкам. Першая партыя закупаецца па цане, што выключае прэмію расейскім пастаўшчыкам (раней кошт паставак разлічваўся як рынкавы кошт плюс прэмія прыкладна $ 10).
- Дамоўленасць на пастаўкі нафты на дзяржаўным узроўні дасягнуць так і не атрымалася. «У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце. Таму што РФ хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за сусветныя. Дзе такое бачана?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты. І прама заявіў, калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі», – заявіў Лукашэнка.
ІІ belsat.eu