«Не дай бог, няслушны крок – мы згубім усё». Лукашэнка пра незалежнасць і кошты на нафту


Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» заявіў, што цяпер «вельмі востры перыяд існавання нашай дзяржавы» і пракаментаваў перамовы перамовы па нафтавым пытанні з Расеяй.

Свой зварот да прысутных на цырымоніі Лукашэнка пачаў з тэмы суверэнітэту Беларусі.

«Вы заўважылі, што ў апошні час у сваіх выступах я часта кажу пра суверэнітэт і незалежнасць. Паверце, гэта ад душы. Тут няма ніякай хлусні, тут няма нейкага майго ўчынку ва ўгоду камусьці. Я сапраўды прыхільнік гэтай ідэі», – цытуе ягоныя словы тэлеграм-канал «Пул Первого».

Адметна, што пачаў кіраўнік дзяржавы прамаўляць па-беларуску, а працягнуў думку ўжо на расейскай мове.

«Цяпер вельмі востры перыяд існавання нашай дзяржавы. Мы ідзем не проста па тонкімі лёдзе або па лязе. Мы ідзем і хістаемся злева-направа і не дай Бог няправільны крок – мы страцім усё. Трэба спыніць «бадзянні» па мірных вуліцах. Трэба спыніць усялякія размовы пра суверэнітэт і незалежнасць. Трэба спыніць размовы аб тым, што хтось ціхоча здрадзіць і здаць Беларусь. Можа хтосьці і хоча… але не першы прэзідэнт, які гэтую краіну будаваў!», – выказаўся Лукашэнка.

Лукашэнка: Мы знайшлі нафту не ў Расеі

Вядома, што напрыканцы году Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся пра кошты на нафту для Беларусі. Сёння кіраўнік Беларусі заявіў, што знойдзена альтэрнатыва расейскай нафце.

«У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце. Таму што РФ хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за сусветныя. Дзе такое бачана?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты. І прама заявіў, калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Цырымонія ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» прайшла ў Палацы Рэспублікі. За 2019 год прысуджаныя пяць прэміяў «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных абʼяднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў