Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Скарыны Валянціну Матвіенку


Валянціна Матвіенка ў лютым 2019-га. Фота – Sergei Bobylev/TASS/Forum

Старшыня Савету Федэрацыі Федэральнага Сходу Расейскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка стала лаўрэаткай адной з найвышэйшай беларускіх узнагародаў «за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй».

Інфармацыя пра гэта з’явілася на Нацыянальным прававым партале. Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі падпісаў яшчэ ў сераду.

У панядзелак расейскай дыпламатцы і палітыку споўніцца 70 гадоў.

Ордэн Скарыны быў заснаваны ў 1995 годзе як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.

Сярод лаўрэатаў ордэну – спявак Уладзімір Мулявін, актор Расціслаў Янкоўскі, расейскі фізік беларускага паходжання Жарэс Алфёраў, а таксама былы расейскі прэзідэнт Барыс Ельцын, былы мэр Масквы Юрый Лужкоў і расейскі кампазітар і музычны прадзюсар Віктар Дробыш.

Сёлета ордэнам Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўжо ўзнагародзіў спевака Руслана Аляхно і галоўнага рэдактара «Новая Няміга літаратурная» Анатоля Аўруціна.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў