Лукашэнка шукае заменнік дэмакратыі

Калаж belsat.eu

Дадзеныя закрытых сацапытанняў, мяркуючы з усяго, не цешаць нязменнага прэзідэнта Беларусі. Народная незадаволенасць забранзавелаю ўладай нарастае, грамадства перарасло правадыра, які захрас у савецкіх стэрэатыпах. Трэба ж нешта рабіць, тым больш што ў 2020-ым – прэзідэнцкія выбары.

На днях Аляксандр Лукашэнка зладзіў небывалы наганяй праваахоўнікам, заявіўшы, што «некаторыя ў пагонах прыбурэлі ды абарзелі». Раней, прызначаючы міністрам унутраных справаў Юрыя Караева, прэзідэнт параіў яму паважаць людзей. Падкрэсліў: «Той, хто заслугоўвае, каб яго падтрымалі і нават п’янога дадому адвезлі – так трэба і зрабіць». Карацей, да электарату трэба з душой. Гэта ж вам не апазіцыя.

Чыноўнікам загадалі зрабіць чалавечы твар

Наогул тэма павагі да людзей, захавання справядлівасці стала рэфрэнам Лукашэнкі пры кадравых прызначэннях апошняга часу. Ён дае чыноўнікам устаноўку падабрэць.

А яшчэ краіну надзвычай здзівіла паездка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай дзеля выбачэнняў перад магілёўскімі цыганамі, на якіх «наехала» міліцыя. Дарэчы, магчыма, менавіта той інцыдэнт і падштурхнуў прэзідэнта да вырашэння адправіць у адстаўку ранейшага кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, які стаў раздражняльнікам для публікі.

Меркаванні
Званок сябру, або Pussy’чка Наталля Іванаўна
2019.06.19 12:49

Тая ж Качанава прыняла жанчын з руху «Маці 328», якія пратэставалі супраць несправядлівых, на іх думку, прысудаў па антынаркатычным артыкуле. Сам артыкул нядаўна трохі змякчылі. Хоць раней асабіста Лукашэнка заклікаў стварыць для асуджаных за наркотыкі «невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця тэрмінаў».

Яшчэ адзін фінт уладаў датычыць акумулятарнага заводу пад Берасцем, будаўніцтва якога выклікала пратэсты з экалагічных меркаванняў. Калі раней завадзілаў пратэстаў вінцілі і штрафавалі, то цяпер пабудову прадпрыемства прыпынілі, а за кратамі апынуўся ўжо яго гаспадар.

Гэта значыць відавочнае змякчэнне палітыкі ўладаў у тых выпадках, калі пратэсты не носяць палітычнага характару. І гэта прэвентыўная мера, каб патрабаванні не палітызаваліся.

Прасіце, і атрымаеце!

Яшчэ ў 2006 годзе Лукашэнка падпісаў дырэктыву аб дэбюракратызацыі дзяржапарату. Асноўны ўпор быў зроблены на працу з скаргамі і зваротамі.

Фігуральна кнігай скаргаў аўтарытарны лідар вырашыў кампенсаваць дэфіцыт дэмакратыі, абмежаванне правоў чалавека. Вы, маўляў, пішыце чалабітныя, а мудрая ўлада іх уважліва разгледзіць і кожнаму аддасць па справядлівасці.

Але сёння гэтая прымітыўная, па сутнасці сярэднявечная схема шмат якіх беларусаў відавочна не задавальняе. Як адзначаюць у незалежным даследчым цэнтры BISS, у беларускім грамадстве вырас попыт на дэмакратыю.

Высокае беларускае начальства, напэўна, непрыемна здзівілася каласальнаю цікавасцю беларусаў да ўкраінскіх прэзідэнцкіх выбараў, трыумфа Уладзіміра Зяленскага. Па сацсетках адчуваўся настрой: аказваецца, вось як можна!

Іншымі словамі, беларусы хочуць не біць чалом, а ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай, уплываць на яе палітыку, а калі трэба, то і змяняць фігуры ў эшалонах улады. Хочуць быць не прасіцелямі, а грамадзянамі.

Але вось тут для Лукашэнкі і яго атачэння – вялікая закавыка. Улада ў яго разуменні – гэта святое, замахвацца на яе – блюзнерства.

У пастцы сістэмы

Набліжаныя да вярхоў кансультанты відавочна шукаюць нейкія паўмеры. На днях спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што Беларусі варта рухацца да мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы выбараў. Гэтую тэму развівае і кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Верагодна, чыноўнікі ўлавілі нейкія павевы на самым версе.

Hавiны
Лідзія Ярмошына распавяла пра тэрміны і палітычныя ўмовы парламенцкай кампаніі
2019.08.14 17:55

Не выключана, што ў рамках абяцанай Лукашэнкам пераробкі Канстытуцыі сапраўды будуць уведзеныя выбары ў парламент часткова па партыйных спісах. Бо досвед Расеі, Казахстана паказвае, што пры гэтым можна арганізаваць цалкам падкантрольную гульню з кішэннымі партыямі.

Вось толькі ці ўратуюць паўмеры сітуацыю? Качанава перад усімі пакрыўджанымі не навыбачаецца. А чэрствасць начальнікаў мяльчэй, самавольства сілавікоў спараджае сама сістэма.

Бо мясцовая вертыкаль баіцца толькі вокрыку зверху, ад волі народа знаходжанне ў крэсле не залежыць. Праваахоўнікаў жа разбэшчвае падвойная мараль рэжыму: супраць апазіцыі ўсе сродкі добрыя і г.д. Гэтая любоўна сканструяваная машына гвалту ў прынцыпе дрэнна ўмее прытарможваць.

Але архітэктар сістэмы, зразумела, на яе не замахнецца. Лукашэнка асуджаны з упартасцю алхіміка чараваць над сурагатамі, заменнікамі дэмакратыі.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Меркаванні
Беларускае – толькі па адмашцы. Каб стрымліваць «свядомых» і не раззлаваць Маскву
2019.06.24 16:18

Аляксандр Класкоўскі/МВ, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў