Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх стасункаў з Еўрапейскім Звязам. Пра гэта 25 лістапада заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрамі замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ і Фінляндыі Пэкам Хаавістам.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў зацікаўленасць у перадавым досведзе Еўразвязу ў шмат якіх сферах, але для пачатку, дадаў ён, трэба завяршыць фармаванне дамоўна-прававой базы і падпісаць падрыхтаваныя дамовы.Пры гэтым, паводле яго, не трэба ставіць ніякіх папярэдніх умоваў, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
«Калі мы ўжо выпрацавалі адпаведныя дагаворы, прыйшлі да разумення таго, што нам трэба іх падпісваць і рухацца ў гэтым кірунку, то цягнуць з гэтым не варта», – заявіў ён.
Рада Еўрапейскага Звязу можа падпісаць з Беларуссю пагадненне, якое спросціць выдаванне візаў. Пра гэта сведчыць пастанова, апублікаваная ў Афіцыйным часопісе Еўразвязу. У дакуменце гаворыцца, што падпісанне ад імя ЕЗ пагаднення з гэтага моманту дазволена, як толькі будзе завершана падрыхтоўка яго тэксту.
Таксама бакі мусяць падпісаць пагадненні пра рэадмісію і базавыя прынцыпы ўзаемадзеяння.
МГ belsat.eu