Вынікам 20-гадовага працэсу інтэнсіўнай інтэграцыі стаў найглыбейшы крызіс у адносінах паміж Расеяй і Беларуссю. Невыразнае завяршэнне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў у Сочы 7 снежня сведчыць аб тым, што перамовы зайшлі ў тупік. Бакі вычарпалі фармальна-палітычны інструмент, і праца па паглыбленні інтэграцыі, што пакуль «завісла», пяройдзе ў канфрантацыйную стадыю.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна яшчэ раз указала на шэраг важных момантаў і падыходаў з боку Масквы.
Па-першае, адносіны ў рамках Саюзу ўжо перасталі быць сяброўскімі. Беларусь адкрыта разглядаецца як аб’ект для экспансіі і Расея вядзе перамовы ва ультыматыўным тоне. Ускосна гэта пацвярджаюць словы самога Лукашэнкі падчас сустрэчы з «дэпутатамі» беларускага парламента: «Беларусь стала, «як у народзе кажуць, косткай у горле» камусьці.
Па-другое, відавочна, што праграма па паглыбленай інтэграцыі мае дэструктыўны характар для беларускай дзяржаўнасці, яе падпісанне прывядзе да глабальных змяненняў у гістарычным лёсе рэспублікі. У сваю чаргу беларускі бок не ў стане цалкам выйсці з гэтага праекту.
Па-трэцяе, Крэмль цалкам адмовіўся ад умоўнага саюзу з Беларуссю і не мае намеру падпісваць дакументы, якія не будуць рэалізоўвацца і мець ніякай палітычнай сілы. Для Масквы інтэграцыя — гэта не адмова ад Саюзу, гэта інструмент прасоўвання імперскай палітыкі.
Па-чацвёртае, Расея дамагаецца эканамічнага і палітычнага падпарадкавання Беларусі і прамога кіравання ёю.
Вядома, 7-8 снежня мелі для Крамля сімвалічнае значэнне, правал жа перамоваў у некаторай ступені азначае ідэалагічную паразу Пуціна, якому не ўдалося хутка рэалізаваць свае мэты ў рамках інтэграцыі. Гэта азначае, што палітыка ціску на Беларусь стане больш агрэсіўнай. З іншага боку, той факт, што новая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі запланаваная на 20 снежня, кажа пра тое, што інтэграцыйныя перамовы пераходзяць у завяршальную стадыю.
Што да Беларусі, то «інтэграцыя» стала для Лукашэнкі велізарнай праблемай. Цалкам ясна, што прапанаваны варыянт збліжэння непрымальны для Менску, і падыход Масквы да інтэграцыі не зменіцца. Аднак за гэты год беларускім уладам так і не ўдалося выпрацаваць яснай стратэгіі па стрымліванні інтэграцыйнай экспансіі. Палітыка Менску грунтавалася выключна на зацягванні перамоваў.
Разам з тым, на працягу года, калі сітуацыя стала крытычнай, не было зроблена нічога для паслаблення эканамічнай залежнасці ад Расеі, а таксама яе палітычнага і ідэалагічнага ўплыву. Пацяпленне адносінаў з Захадам не ўмацавала пазіцый беларускай улады ў адносінах з Масквой. Для гэтага неабходная сур’ёзная праграма па дэзынтэграцыі.
Таксама важна адзначыць, што ўнутры беларускага кіроўнага класа няма адзінай яснай, кансалідаванай пазіцыі ў адносінах да інтэграцыйных працэсаў і беларускай дзяржаўнасці. З аднаго боку, заяўляецца, што інтэграцыя – гэта добра, і што ніхто ад яе адмаўляцца не збіраецца. З іншага кіраўніцтва робіць заявы пра важнасць незалежнасці. Аднак няма разумення таго, што інтэграцыя з Расеяй у цяперашніх умовах ужо нясе прамую пагрозу незалежнасці для Беларусі. У гэтым плане паказальныя словы амбасадара Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашкі пра перспектывы палітычнай інтэграцыі.
Інтэграцыйная шызафрэнія вярхоў не можа не адбіцца на арыентацыях грамадства і на функцыянаванні сацыяльных інстытутаў, якія не атрымліваюць выразнага сігналу пра пагрозы інтэграцыі.
Сітуацыя пагаршаецца тым, што грамадства цалкам пазбаўленае інфармацыі пра змест перамоваў. Пры гэтым не варта забываць, што, нягледзячы на тупік у перамовах па праграме паглыбленай інтэграцыі, самая Саюзная дзяржава нікуды не знікла. Іншымі словамі, не зніклі ўмовы, якія і становяцца галоўным выклікам для незалежнасці Беларусі.
Нашая краіна апынулася ў інтэграцыйнай пастцы. Далейшае яе паглыбленне павернецца разбурэннем дзяржавы. Дэмантаж ж саюзнага праекту пагражае падрывам аўтарытарнай улады Лукашэнкі. А дэнацыяналізаваная эліта наўрад ці вырашыцца на радыкальныя захады па ўмацаванні беларускай дзяржавы і нацыі.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.