Галоўнай рэдактарцы Tut.by прад'явілі абвінавачанне


Марына Золатава. Фота – Станіслаў Шаршукоў / Tut.by

Марыну Золатаву ў межах «справы БелТА» абвінавачваюць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу). Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Раней Марыну Золатаву падазравалі ў «несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі» (ч.2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу), але потым пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да яе спынілі «ў сувязі з злачынствам, якое не было здзейснена», падае Tut.by.

Такім чынам, на сёння ўсім чатырнаццаці фігурантам «справы БЕЛТА» выставілі абвінавачванні і прад’явілі сумы шкоды (яны вагаюцца ад Br 3 000 да 17 000).

«Расследаванне крымінальнай справы пра несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі РУП «БелТА» знаходзіцца на завяршальнай стадыі», – заявілі сёння ў Следчым камітэце.

З дакументаў вынікае, што абвінавачаныя журналісты і рэдактары нібыта «наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейснілі несанкцыянаваны доступ да кампʼютарнай інфармацыі, якая захоўвалася ў кампʼютарнай сетцы і сетцы УП «БелТА», які суправаджаўся парушэннем сістэмаў абароны, што пацягнула да неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды».

Сёння СК пасля хадайніцтваў дваіх фігурантаў справы – карэспандэнта «Нямецкай хвалі» у Беларусі Паўла Быкоўскага і рэдактара парталу Realt.by Уладзіслава Кулецкага – вызваліў іх ад крымінальнай адказнасці.

7 жніўня ў офісах кампаніяў Tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні, падчас якіх затрымалі галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву, рэдактарак парталу Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік і Ганну Ермачонак, галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і міжнароднага аглядальніцу агенцтва Таццяну Каравянкову, карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактара ​​інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава.

Журналісты правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Нашых калегаў, якія праходзяць па справе, падтрымалі Еўразвяз і Злучаныя Штаты, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

ДД

Стужка навінаў