Брусель патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць пяць незалежных журналістаў, якіх на мінулым тыдні затрымалі і пакаралі адміністратыўным арыштам. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка вонкавапалітычнай службы ЕЗ Пэтэра Стана, піша DW.
Гаворка ідзе пра Змітра Лупача, Аляксандра Буракова-старэйшага, ягонага пляменніка – Аляксандра Буракова-малодшага, Міхаіла Аршынскага і Алеся Асіпцова. Як нагадаў Стана, усе яны асвятлялі грамадскія акцыі ў падтрымку вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, які раней абвесціў пра намер балатавацца на выбарах прэзідэнта Беларусі.
У заяве адзначаецца, што забеспячэнне свабоды СМІ мае асаблівае значэнне ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія запланаваны на 9 жніўня. У звязку з гэтым Еўразвяз настойвае на неадкладным вызваленні рэпарцёраў і патрабуе гарантаваць ім права выконваць сваю працу «без страху» і пагрозы ўмяшання.
Аператары Зміцер Лупач і Міхаіл Аршынскі супрацоўнічаюць з «Белсатам».
ІІ belsat.eu