Джэніфэр Лопэс у 50 зрабілася стрыптызёркай

Калісьці акторцы Дэмі Мур прадракалі, што яна загубіць сваю карʼеру, зняўшыся ў фільме з назвай «Стрыптыз» (1996). Гэтак і адбылося. Цяпер на ролю стрыптызёркі пагадзілася Джэніфэр Лопэс. Прэмʼера фільму адбылася на кінафестывалі ў Таронта. Назіральнікі сышліся ў меркаванні, што ў Лопэс гэта найлепшая роля за доўгія гады, ну а фільм прынёс прыбытак паводле вынікаў пракату ЗША ў першы ўікэнд.

Трэйлер «Стрыптызёрак»

Па сутнасці фільм «Стрыптызёркі» выглядае як журналісцкі нарыс.

Там нікога не хваляць, нікога не лаюць, але распавядаюць гісторыю, якая адбылася ў рэчаіснасці паміж 2007 года і 2015 гадамі. Сцэнар стужкі грунтаваўся на артыкуле ў «Нью-Ёрк Мэгэзін».

Я не сказаў бы, што гэта сацыяльная сатыра. Хоць у фільме праслізгваюць рэплікі накшталт: «Нехта плаціць бабло, а нехта танчыць. Уся Амерыка так жыве». Фільм нельга назваць і складанкай арыгінальных гісторый з жыцця прастытутак. Рэальныя дзяўчаты распавялі б пра больш жорсткія, страшныя або смешныя выпадкі.

Джэніфэр Лопес і паплечніцы, фотасесія на прэмʼеры «Стрыптызёрак». Foto latimes.com

Відовішча хутчэй паказвае сістэму працы стрып-клуба, стасункі дзяўчат і кліентаў, нейкі асексуальны, бясполы канвеер, дзе на першым плане дамінуе формула «тавар-грошы-тавар». Гэткі «сацыялістычны рэалізм» у сучасным амерыканскім кіно.

Ролю стрыптызёркі-навака выконвае Канстанс Ву. Яе ўсходняя прыгажосць арганічна спалучаецца са стылем спякотнай ветэранкі клубаў у выкананні Лопес. Яны сябруюць. Разам «палююць» на багатых кліентаў з Уол Стрыт. Але ў 2008 здараецца фінансавы крызіс. Заахвочаных смяціць грашыма становіцца менш, клуб пусцее.

Джэніфэр Лопес, кадр з фільма

Дзяўчатам даводзіцца зрабіцца «клафеліншчыцамі». Гэта значыць, схема іх працы становіцца жорсткай: пакуль кліент знаходзіцца пад уздзеяннем наркотыку, «сёстры» здымаюць з яго крэдыткі ўсё магчымае. У рэшце рэшт, яны адмаўляюцца ад «працы ў клубе», які забяспечвае ім прыкрыццё і, натуральна, трапляюць у поле зроку паліцыі. Добрых кліентаў мала, апетыты «сястрыц» нічым не абмежаваныя. Падман і крадзеж робіцца нормай у іхнай працы.

Можна было б выказаць здагадку, што фільм скоціцца ў бок фемінісцкіх маніфэстаў, барацьбы за раўнапраўе, помсты жаночага полу мужчынскаму за прыгнёт, але ўсяго гэтага не адбываецца. Ад слова «зусім».

Дызайн касцюма Джэніфэр Лопес у фільме «Стрыптызёркі». Foto vanityfair.com

Джэніфер Лопес цікавіць іншае. Паказ цела ў 50-гадовым узросце, пасля шэрагу ўдалых пластычных аперацый, дыет і трэнаванняў. Яна выглядае на 35! А акрамя таго, сама танчыць у пілона. Вучылася на працягу двух з паловай месяцаў перад здымкамі. І робіць гэта, трэба сказаць, цалкам эфектна. Яна часткова фінансавала праект.

Аповед Джэніфэр Лопес як яна вучылася танчыць стрыптыз

Можна ўспомніць, што яшчэ ў 90-я – нулявыя быў перыяд, калі Джэніфер Лопес выглядала не вельмі дагледжанай, нават мажнай. Зараз яна ў выдатнай форме, паказваць такое цела зусім не сорамна, наадварот. Асабліва ў фільме, які выглядае на сурʼёзную драму, а не як пусты забаўляльны баевічок. Мая ацэнка 5, 5 з 10.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў