Для музею палацава-паркавага комплексу Сапегаў у Ружанах набудуць аўдыягіды

Пружанскі раён Берасцейшчыны і гміна Боцькі Бельскага павету Польшчы рэалізуюць супольны праект па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны роду Сапегаў у беларуска-польскім памежжы. Супольна прадстаўніцтвы раёну і гміны перамаглі ў другім конкурсе мікрапраектаў на тэматычныя мэты «Спадчына», якія рэалізуюцца па праграме «Польшча – Беларусь – Украіна – 2014-2020», паведамляе БелТА.

Сума гранта ЕЗ складае 60 тысячаў еўраў. Гэтыя сродкі будуць падзеленыя пароўну. Па 3 тысячы еўраў на рэалізацыю ініцыятывы выдаткуюць і з мясцовых бюджэтаў. У прыватнасці, для музею палацава-паркавага комплексу Сапегаў у Ружанах плануецца закупіць аўдыягіды. У дапамогу экскурсаводам набудуць 10 прыладаў.

Партнёры арганізуюць сумесныя мерапрыемствы. У Ружанах правядуць тэатралізаванае свята «Сапегі запрашаюць да свайго двара», падобны – «На імяніны да Яну Сапегі» – адбудзецца ў Польшчы. Будуць апублікаваныя выдання для турыстаў, створаны фільм на беларускай, польскай і ангельскай мовах пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў знатнага роду.

«Гісторыя роду Сапегаў – агульная для Беларусі і Польшчы. Гарадскі пасёлак Ружаны атрымаў вядомасць дзякуючы дзейнасці канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Для развіцця гміны Боцькі многае зрабіў маршалак і сакратар ВКЛ Ян Сапега. Сумесным праектам, які разлічаны на 2020 год, хочам пазнаёміць турыстаў з нашай спадчынай », – адзначыла Таццяна Пура, намеснік начальніка аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама.

Цяпер працягваецца рэстаўрацыя ўсходняга (тэатральнага) корпусу Ружанскага палацу. За кошт рэспубліканскага і раённага бюджэтаў выкананыя працы па ўзмацненні падмурка, аднаўленню цаглянага мура вонкавых сценаў, вертыкальная гідраізаляцыя. Праект прадугледжвае стварэнне шматфункцыянальнага культурнага комплексу, дзе ў перспектыве будзе адноўлена ўнутранае ўбранне ў барочным стылі. Рэстаўрацыйныя працы ў старадаўняй рэзідэнцыі Сапегаў пачаліся ў 2008 годзе. Абноўленая цэнтральная ўязная – брама, адноўлены бакавыя флігелі, у якіх размяшчаецца музей.

Мір. Невядомы палац Радзівілаў

СК belsat.eu

Hавiны