Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі 55 патэнцыйных кандыдатаў. Галоўнае


Агулам 55 чалавек падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Пра гэта сведчаць дадзеныя на сайце Цэнтрвыбаркаму.

Каля 30 з 55 – гэта «кандыдаты пратэсту», якія вылучаюцца ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Стратэгія Статкевіча прадугледжвае выкарыстанне выбарчай кампаніі для арганізацыі акцыяў пратэсту. Дзевяці «кандыдатам пратэсту» Цэнтрвыбаркам 15 траўня ўжо адмовіў у рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што склад іх групаў часткова супадае. Статкевіч і ягоныя паплечнікі з гэтым рашэннем не згодныя і не збіраюцца адмаўляцца ад сваёй стратэгіі.

Мікалай Статкевіч каля ЦВК, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Сярод «кандыдатаў пратэсту», якія падалі дакументы ў ЦВК, – сам Статкевіч і ягоная жонка Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч каля ЦВК, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Цэнтрвыбаркам 15 траўня таксама адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер адбывае адміністратыўны арышт. У ЦВК спаслаліся на тое, што ў заяве аб рэгістрацыі не было подпісу самога блогера. У гэтых умовах замест Сяргея ў прэзідэнты будзе балатавацца ягоная жонкаСвятлана Ціханоўская. Яна перадала дакументы ў ЦВК увечары 15 траўня, узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей.

Святлана Ціханоўская. Фота – VK.com

Сёння ж падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы блогер Павел Спірын.

Павел Спірын. Фота са старонкі “Вконтакте”

15 траўня дакументы ў ЦВК занеслі экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка і былы дырэктар Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала. У Цапкалы ў ініцыятыўнай групе 555 чалавек, у Бабарыкі – каля 5600.

Віктар Бабарыка. Фота – belgazprombank.by

Кіраўніком адміністратыўнай групы Бабарыкі будзе ягоны сын Эдуард. Ініцыятыўную групу Цапкалы ўзначальвае Андрэй Ланкін.

Валер Цапкала.
Фота: facebook.com/tsepkalo

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў сёння падалі сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачань. Кіраўніцай ініцыятыўнай групы Канапацкай будзе яе сястра Дарʼя Трухановіч, Дзмітрыева – кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяна Караткевіч, Чэрачаня – Мікалай Лысёнкаў.

Занеслі дакументы ў Цэнтрвыбаркам і ўдзельнікі праймерыз апазіцыі Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў.

Юрась Губарэвіч перад ЦВК. Скрыншот з відэа у Фэйсбуку

Пры гэтым Губарэвіч сказаў, што выбары падчас эпідэміі праводзіць нельга і ўдзельнікі праймерыз абяцаюць не накіроўваць сваіх актывістаў збіраць подпісы па кватэрах, бо ва ўмовах каронавіруса «гэта злачынства». Адначасова яны збіраюцца выкарыстоўваць магчымасці выбарчай кампаніі, каб распаўсюджваць інфармацыю пра неабходнасць зменаў у Беларусі і адстаўкі Лукашэнкі.

Падаў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы таксама Андрэй Іваноў – сябра Камуністычнай партыі Беларусі, прыхільнік «рускага свету» і СССР. 55-м і апошнім патэнцыйным кандыдатам стаў адзін з каардынатараў «Бессмяротнага палка» ў Беларусі Валерый Перавошчыкаў.

Сёння ж Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча і актывіста Уладзіміра Няпомняшчых.

Hавiны
У склад ініцыятыўнай групы Лукашэнкі запісалі рэкордную колькасць людзей
2020.05.14 14:52

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў мусіць адбыцца цягам 5 дзён пасля падачы заявы ў ЦВК. Паводле календара выбараў-2020, з 21 траўня пачнецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня.

Hавiны
«Кандыдаты пратэсту» правялі прэс-канферэнцыю перад ЦВК. «Белсат» ладзіў стрым
2020.05.15 16:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў