Замест блогера Сяргея Ціханоўскага балатавацца ў прэзідэнты будзе ягоная жонка

Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» паведамляе, што Святлана Ціханоўская – жонка гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага – падала дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.

Нагадаем, Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня і накіравалі адбываць 15 содняў адміністратыўнага арышту за акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня (снежаньскія пратэсты ён асвятляў для свайго блогу). Ціханоўскі аформіў на жонку даверанасць, каб тая магла занесці ў ЦВК дакументы ў той час, калі ён знаходзіцца за кратамі.

Дакументы былі перададзеныя раніцай 14 траўня, але 15 траўня ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, спаслаўшыся на тое, што ў заяве аб рэгістрацыі не было подпісу самога блогера.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Краіна для жыцця», у гэтых умовах прынятае рашэнне падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты жонкі Сяргея – Святланы Ціханоўскай.

«Падчас кампаніі яна будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх, хто хоча жыць у «Краіне для жыцця» і падтрымліваў вылучэнне ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей», – адзначаецца ў паведамленні.

Блогер Ціханоўскі заявіў, што ідзе ў прэзідэнты

Нагадаем, сёння апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Усяго на момант напісання артыкулу дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у ЦВК перадалі 47 патэнцыйных кандыдатаў.

«Кандыдаты пратэсту» правялі прэс-канферэнцыю перад ЦВК. «Белсат» ладзіў стрым

ІІ belsat.eu

Hавiны