«Будзе экалагічная катастрофа». У Наваполацку пратэстуюць супраць будаўніцтва трасы ля жылых дамоў


Напрыканцы верасня ўлады Наваполацку абвесцілі, што збіраюцца пракласці новую трасу ў межах гораду і пабудаваць мост праз Заходнюю Дзвіну. Жыхары густанаселенага мікрараёну абурыліся: аўтамагістраль рэспубліканскага значэння будзе праходзіць проста ў іх пад вокнамі. Трэцяга кастрычніка адбылося грамадскае абмеркаванне, дзе большасць прысутных выказалася супраць будаўніцтва. Чыноўнікі ж адказваюць, што праект ужо ўнесены ў гарадскі генплан і не нашкодзіць экалогіі. Карэспандэнты belsat.eu сустрэліся з жыхарамі Наваполацку і пагутарылі з мясцовымі чыноўнікамі.

Праект называецца «Узвядзенне абходу Полацку». Ён прадугледжвае будаўніцтва дарогі, якая стане часткай аўтамагістралі, што спалучае Менск і Санкт-Пецярбург, але пры гэтым не будзе закранаць вуліцаў Полацку, каб знізіць там транспартавую нагрузку. Акрамя таго, абходная траса створыць зручнае спалучэнне паміж Полацкам і Наваполацкам, мяркуе заказчык – «Віцебскаўтадар».

Працы павінны былі распачацца ўжо сёлета, аднак у дзяржавы ўласных сродкаў не знайшлося. Перамовы аб вылучэнні крэдыту вяліся на ўзроўні прэм’ера Сяргея Румаса і кіраўніцтва Азіяцкага банку інфраструктурных інвестыцыяў. Цяпер чакаецца, што будаўніцтва адбудзецца ў 2021–2023 гадах.
Месца, дзе плануецца пракласці аўтамагістраль. Фота belsat.eu

Супраць яшчэ аднаго мосту (два ўжо існуюць у Полацку і Наваполацку) мясцовыя жыхары нічога не маюць. Аднак перспектыва атрымаць ля сваіх дамоў трасу, па якой паедуць фуры, іх катэгарычна не задавальняе. Справа ў тым, што паводле праекту яна закранае самы густанаселены мікрараён Наваполацку. «Чаму дарогу будуюць у абыход Полацку, а пра нас ніхто не падумаў?», – у адзін голас абураюцца нашыя суразмоўцы.

Актывісты стварылі ў «вайберы» суполку, дзе дзеляцца сваім меркаваннем наконт будаўніцтва аўтамагістралі і вызначаюцца з далейшымі дзеяннямі. Пасля грамадскага абмеркавання, ад якога ў людзе засталося адчуванне нібыта «усё ўжо вырашана», яны даслалі звароты ў гарвыканкам і мясцовым дэпутатам, а таксама ў Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя.

«У Наваполацку жудасная сітуацыя з анкалагічнымі і іншымі захворваннямі праз шкодныя выкіды ад прадпрыемстваў («Нафтан», «Палімір» – заўв. belsat.eu). Нам і так няма чым дыхаць, а яны збіраюцца пусціць паток фур ля нашых дамоў! Гэта ж будзе проста экалагічная катастрофа», – кажа Алена, якая жыве ў катэджы непадалёк ад будучай трасы.

Алена абураецца планам уладаў пабудаваць дароогу ля ейнага катэджу. Фота belsat.eu

Жанчына мяркуе, што ўлады маглі б пачуць скаргі жыхароў і перанесці будаўніцтва далей ад гэтага густанаселенага раёну. Сапраўды, з аднаго боку тут – кампактны катэджны пасёлак, з іншага – шчыльныя шэрагі шматпавярховікаў. Пасярэдзіне – зялёная зона з дрэвамі і невялікай сажалкай, дзе плаваюць качкі.

«Раней мы прасілі гарадскія ўлады, каб гэты кавалак зямлі добраўпарадкавалі, зрабілі тут пляцоўку для адпачынку, але на гэта чамусьці грошай няма. Затое на магістраль ёсць. Канешне, галоўная праблема – экалогія, але перанесці трасу важна яшчэ і з меркаванняў бяспекі. Тут вельмі шмат дзяцей, якім хочацца гуляць на вуліцы. Уявіце, што можа здарыцца, калі побач будуць імчаць машыны», – дадае Святлана, жыхарка суседняга дому.

Жылая забудова ля будучай трасы. Фота belsat.eu

«Шмат хто чуе пра новы мост і думае, што гэта добра, але некаторыя не звяртаюць увагу на планы наконт магістралі. Тым больш у назве праекту не гаворыцца нічога пра Наваполацк, а проста «абыход Полацку». Думаю, калі нам не ўдасца гэта спыніць і пачнуцца працы, прыедзе тэхніка, людзі будуць больш актыўна выказвацца супраць.

Пакуль мы робім першыя спробы пераканаць улады, грукаемся ва ўсе інстанцыі. Я, напрыклад, даслаў зварот у «адно вакно» у выканкам на пачатку месяца – адказу няма дагэтуль», – скардзіцца Аляксей.

Аляксей, які таксама жыае непадалёк, не хоча, каб з’явілася магістраль. Фота belsat.eu

Неабыякавыя навапалачане самі збіралі подпісы: яны хадзілі па кватэрах, гутарылі з суседзямі, распавядалі, у чым небяспека. Паводле іхных словаў, удалося сабраць некалькі тысяч подпісаў. Іх перадалі ў гарвыканкам падчас грамадскага абмеркавання.

«Мы ні ад каго не закрываемся, праводзілі грамадскае абмеркаванне. Ёсць розныя меркаванні: хто за, хто супраць… Мы ў курсе, што паступіў зварот грамадзян і далі ім адказ. Уся інфармацыя прадстаўлена на афіцыйным сайце гораду», – сказаў у каментары belsat.eu начальнік аддзелу ідэалагічнай працы Наваполацкага гарвыканкаму Мікалай Раманоўскі.

Подпісы, якія сабралі актывісты. Фота belsat.eu

На калектыўны зварот чыноўнікі адказалі, што пры выбары месца для будаўніцтва была ўлічана жылая забудова, а генеральны план гораду, распрацаваны яшчэ 7 гадоў таму, прадугледжвае будаўніцтва дарогі менавіта ў гэтым месцы.

Неабходнасць тлумачаць у тым ліку «забеспячэннем транспартных сувязяў, накіраваных на рэалізацыю поўнага аб’ёму патрэбаў насельніцтва». Цяпер актывісты рыхтуюць для перадачы ў выканкам і Мінпрыроды чарговую партыю подпісаў.

У дакуменце таксама гаворыцца, што шырыня будучай трасы складзе каля 29 метраў, а адлегласць да жылых дамоў – каля 60 метраў. Паводле тэхнічнага кодэксу (ТКП, гэтая адлегласць не павінна менш за 10 метраў, то бок усё нібыта адпавядае норме. Але, знаходзячыся на месцы будучага будаўніцтва, разумееш, што з вокнаў шматпавярховікаў людзям насамрэч будзе бачна толькі трасу.

Адказ Наваполацкага гарвыканкаму актывістам.

Што датычыць праблемы экалогіі, якая гэтак непакоіць жыхароў мікрараёну, была праведзеная ацэнка ўздзеяння аб’екту на навакольнае асяроддзе. З яе вынікае, што праект «не прывядзе да неспрыяльных наступстваў для здароўя насельніцтва» і не пашкодзіць наваколлю. Узвядзенне аб’екту не прывядзе да змены клімату, рэльефу, грунтоў, а сумарны паказнік забруджвання паветра будзе адпавядаць норме. Узровень рызыкі для прыроды (флоры, фауны) і здароўя людзей ацэньваецца як дапушчальны.

З такімі высновамі не згодныя жыхары раёну. «Гэта каштуе грошай, але было б выдатна запрасіць незалежную камісію, якая б зрабіла сваю ацэнку», – кажуць яны.

Акрамя звароту ў Мінпрыроды і далейшага збору подпісаў, яны збіраюцца звярнуцца да дэпутата мясцовага савету, імя якога пакуль не хочуць называць.

«Мы разумеем, што калі пачнуцца працы, змяніць сітуацыю будзе ўжо нерэальна, таму варта дзейнічаць зараз» – мяркуюць актывісты.

КА, фота АЛ belsat.eu

Стужка навінаў