МозгON: Блогеры нібыта санітаркі на вайне, дзе забілі салдатаў, – адзіныя, хто можа несці сцяг


25 лютага каля офісу канцэрну «Белнафтахім» у Менску некалькі дзясяткаў чалавек патрабавалі ад кіраўніцтва канцэрну тлумачэнняў у справе росту коштаў на паліва. Ініцыятарам акцыі выступіў YouTube-блогер Уладзімір Цыгановіч (МозгON). У размове з карэспандэнтам «Белсату» МозгON падзяліўся ўражаннямі ад сходу на ганку «Белнафтахіму» і паведаміў, што акцыі такога кшталту працягнуцца на наступным тыдні.

Уладзімір Цыгановіч распавёў, што не планаваў акцыі, акрамя таго, спадзяваўся, што размова з прадстаўнікамі канцэрну будзе адбывацца не на прыступках будынку, але ў кабінеце.

Блогер MozgON.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Прыйшлі больш за 50 чалавек, атрымалася даволі добра, бо да гэтага канцэрн наагул адмаўляўся размаўляць. Цяпер мы рыхтуем пытанні да іх. Пытанні кшталту, наколькі разглядаецца павышэнне коштаў на паліва, так, каб ужо яны наеліся цалкам. Хочам пачуць адказ на гэтае пытанне. Акрамя таго, патрабуем справаздачу, якая павінна публікавацца на іх сайце. Хочам пабачыць статут арганізацыі. Можа ў іх там прапісана, што атрыманне прыбытку прадугледжваецца любым коштам. Яны хваляцца, што глыбіня перапрацоўкі высокая і новае абсталяванне. Але абсталяванне прадугледжвае скарачэнне колькасці працаўнікоў. Таму хочам даведацца, колькі людзей скарацілі. Шмат пытанняў.

«Наагул сустрэча не з’яўляецца нейкім пратэстным мерапрыемствам. Людзі якія прыйшлі, сабраліся не на акцыю, бо яна ж не анансавалася. Я проста паведаміў, што іду на сустрэчу і любы ахвочы можа далучыцца і падтрымаць мяне. Трэба быць асцярожным і не падстаўляць людзей. У нас нават калі паводле закону ідзеш роўна, людзей пачынаюць прэсаваць. Таму няма сэнсу рабіць заклікі на правядзенне акцыі».

У любым выпадку, мы прыйшлі не дзеля таго, каб крычаць на вуліцы, а каб пачуць адказы на нашыя пытанні. Мяркую, што літаральна ў бліжэйшы час задамо ім публічныя пытанні. А ў аўторак на наступным тыдні запросім усіх прыйсці і пачуць адказы з боку канцэрну. Гэта цывілізаваны дыялог.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Блогер мае намер даведацца, колькі зарабляе «Белнафтахім»

«Я падазраю, што яны не агучваюць дакладна, бо зарабляюць на гэтым досыць шмат. Пасля перапрацоўкі тоны нафты застаецца мазут, парафін. А пра гэта ніхто не кажа. Таму мы просім даць калькуляцыю, колькі выдаткавана на тону нафты і колькі атрымана з сыравіны сродкаў».

Хочацца прапанаваць у інфармацыйным полі, каб «Белнафтахім» супольна з беларускім тэлебачаннем і стварылі рэпартаж. Каб паказалі, што канцэрн набывае нафту ў пэўных кампаніяў, хто бенефіцыяр кампаніяў. Потым цікава, праз каго прадаюцца нафтапрадукты за мяжу. Верагодна, што там есць кампаніі, якія належаць вядомым людзям. Усе пралічыць даволі проста, калі гэтым займацца. Цікавае таксама пытанне, а калі быў апошні раз аўдыт у «Белнафтахіме», хто яго рабіў, якія вынікі? Але выглядае, што ў іх няма на гэта адказаў.

Дыялог мінака і супрацоўніка «Белнафтахіма».
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Чаго ў блогера МозгON болей: палітычнай ці журналісцкай дзейнасці?

– Прывяду такі прыклад: ідзе вайна і ўсіх камандзіраў і салдатаў забілі. У такіх варунках санітарка бярэ сцяг і рухаецца наперад. У нас прыкладна тое ж самае.

«Палітычнае поле ў нас цяпер зачышчанае, медыі таксама не маюць асабліва магчымасцяў. Праваахоўнікі не выконваюць свае функцыі, судовая сістэма таксама не працуе. Застаюцца толькі некалькі блогераў, якія нешта робяць, але сабе на шкоду».

У фінансавым плане – гэта праца, якая не аплочваецца. Палітычных нейкіх мэтаў таксама няма. Блогеры проста змагаюцца за сваю працу. Таму гэта не канкурэнцыя палітыкам, але новая сіла і мэты ў кожнага свае. Але ў мяне асабіста няма мэты прыйсці да ўлады, заняць месца ў кабінеце. Мая задача, каб нармалізавалася сітуацыя ў тых аспектах, якія мяне хвалююць. Калі вырашыцца пытанне, то буду займацца сваймі справамі. А цяпер гэтым заняцца мяне прымусіла тое, што ў вырашэнні маіх праблемаў няма на каго спадзявацца, акрамя як на сябе.

– Але часам з вашых вуснаў гучаць палітычныя заявы.

– У палітыку я не хачу дакладна. Што да заяваў, то тут проста. Калі робіцца нейкая подласць, а мы маўчым, то атрымліваецца, што мы з гэтым пагаджаемся. Таму, калі я агучваю нешта, то толькі дзеля таго, каб зафіксаваць, што мы, людзі, бачым іх крокі і лічым іх несправядлівымі. Вось, напрыклад, у Беларусі кіраўніцтва краіны рыхтуецца да чэмпіянату па біятлоне. У нас жа снегу няма. Але вайскоўцы цягаюць яго з Вяснянкі. Працуюць пушкі. А колькі на гэта выдаткоўваецца паліва? Прычым снег не трымаецца доўга і яго трэба шмат. І на гэты выдаткоўваюцца проста вялізныя грошы, а я канечне, не згодзен з гэтым.

Hавiны
Давыдзька назваў блогера NEXTA «дыверсантам»
2019.11.04 20:47

– Апазіцыя цяпер ладзіць праймарыз і абірае адзінага кандыдата. На вашу думку, у існых умовах што неабходна рабіць апазіцыі?

– Пра выбары адзінага я не ведаю асабліва. На маю думку праблема не ў тым, каб абраць адзінага кандыдата. А ў тым, каб апазіцыя адмовілася ад удзелу ў выбарах. Гэта маё меркаванне. Калі цяпер нічога не мяняць, то ў нас кампанія выбарчая пройдзе гэтак жа сама, як лістападаўская ў 2019 годзе.

Мусіць весціся актыўнасць не на кандыдата, а на тое, каб змяніць выбарчы працэс, зрабіць яго празрыстым. І вось як раз у гэтым кірунку апазіцыя не працуе.

Таму я не разумею, чаму не агучваюцца такога кшталту заявы. Да выбараў неабходна змяніць выбарчае заканадаўства. Прымусіць улады гэта зрабіць. Неабходна, каб назіральнікі апячатвалі скрыні для галасавання, каб была відэафіксаванне на ўчастку. Таму барацьба за адзінага кандыдата проста без сэнсу, бо правілы гульні трэба мяняць.

– Улады пераследуюць апазіцыю, ціснуць на журналістаў. Ці ёсць пераслед блогераў?

– Ужо пачынаецца пераслед. Спрабуюць правакаваць. Некаторых блогераў выклікаюць у суды. У мяне, напрыклад, арыштаваны рахунак. Але яны пакуль спрабуюць гуляць такім чынам, каб справакаваць нас на нешта. Таму мы спрабуем не падстаўляцца, не ўцягвацца ў правакацыі, бо яны толькі і чакаюць няправільнага кроку, ці адказу.

Hавiны
Відэаблогеру далі суткі за снежаньскія пратэсты восьмы раз запар. Агулам ён адсядзіць 120 дзён
2020.01.27 15:40

– Чаму ваш рахунак заблакаваны?

–Я як ІП пачаў перамовы з падаткавікамі. На маю думку, праца падаткавікоў вядзецца не зусім у прававым полі. Мала таго, мае падаткі ідуць на фінансаванне невядома чаго. Я катэгарычна з гэтым не пагаджаюся. Таму паведаміў, што прыпыняю аплату падаткаў. Але ў адказ рахунак мой заблакавалі. На дыялог яны не хочуць ісці, а дзейнічаюць толькі такім чынам.

СК belsat.eu

Стужка навінаў