Бітва экстрасэнсаў. Пра экранізацыю раману Стывэна Кінга «Доктар Сон»

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Кнігі караля жахаў Стывэна Кінга экранізавалі дзясяткі разоў. Аматары чытання рэдка ўхваляюць фільмы, знятыя паводле твораў гэтага пісьменніка. Асабіста я лічу, што раманы «Мізэры» і «Неабходныя рэчы» былі ўдала перанесеныя на экран. Аднак я ніколі не быў прыхільнікам фільму Стэнлі Кубрыка «Ззянне». «Доктар Сон» – гэта непасрэдны працяг культавага «Ззяння». Шмат гадоў таму герой Джэка Нікалсана спрабаваў забіць сваю сям’ю ў гатэлі «Overlook». Цяпер ягоны сын вырас і працягвае змагацца з прывідамі ў сваёй галаве.

Джэк Нікалсан у «Ззянні» і Юан МакГрэгар у фільме «Доктар Сон». Фота: Warner Bros

Адмоўны варыянт рэцэнзіі

У фільме занадта шмат драмы. Аднак, акторскі склад падабраны ідэальна: Юан МакГрэгар, Рэбэка Фэргусан і дзяўчынка Кайлі Кёрран. Ім ёсць у што гуляць. Фільм атмасферны. Але рэжысура тонкая, і не пакутуе празмернасцямі. Можа здацца, што дзеянне занадта расцягнутае (2,5 гадзіны). Але гэты факт не спадабаецца толькі што аматарам хорар-экшн, якія любяць назіраць за феерверкамі жанравых спец эфектаў. Магчыма, што прыхільнікі культавага «Ззяння» будуць незадаволеныя такім працягам. Аднак, мяне «Доктар Сон» пераканаў у сваім праве на існаванне. Асабіста мне новы фільм спадабаўся больш, чым стары.

Падчас прэм’еры. Фота: Jon Kopaloff/Getty Images

Станоўчая рэцэнзія

Свет экстрасэнсаў дзеліцца на часткі. Злыя экстрасэнсы-вампіры групамі палююць на дзяцей, якія праяўляюць звышнатуральныя здольнасці. Вампіры сілкуюцца страхам, болем і душамі злоўленых ахвяр. А добрыя экстрасэнсы падзеленыя паміж сабой, не вельмі падрыхтаваныя да барацьбы і часта прайграюць сутычкі. Роўна так, як гэта бывае ў жыцці звычайных людзей, дзе зло нярэдка перамагае.

Дарослы Дэні (МакГрэгар) улоўлівае сігнал ад дзяўчынкі з імем Абра. Тая просіць дапамогі, калі скрозь астрал бачыць забойства вампірамі чарговай ахвяры. Героі сустракаюцца і прыходзяць да высновы, што трэба знішчыць выяўлены імі злы гурт. Тым больш, што галоўная вядзьмарка (Фэргусан) таксама знайшла дзяўчынку і пастанавіла, што Абра зробіцца добрым абедам для яе паплечнікаў.

У рэжысёра Майка Флэнэгана былі дзве сурʼёзныя задачы: экранізаваць «Доктар Сон» якасна, а таксама не расчараваць фанаў «Ззяння». На мой погляд, яны абедзве выкананы добра. Гатэль з «Ззяння» і большасць яго насельнікаў ажываюць у фінале гэтага фільма, каб удзельнічаць у апошняй сутычцы. «Доктар сон» забяспечвае сюжэт сэнсам і напружанасцю як пошукаў, так і пагоні. МакГрэгар цікавейшы за Нікалсана. Ветэран граў шумна і вычварна, а МакГрэгар працуе перад камерай тонка, у паўтонах.

Кадр з фільма. Фота: Warner Bros

Прысуд: 8 з 10

Рэдкі выпадак, калі Стывэну Кінгу вельмі спадабалася экранізацыя яго рамана. Аўтар кнігі ўзяўся сам нахвальваць паўсюль працу рэжысёра. Фільм зацікавіць усіх аматараў містыкі, гісторый з удзелам экстрасэнсаў і падарожжаў у астрал. Мая ацэнка 8 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў