Арышты ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай і адарваны гузік Аляксандра Лукашэнкі

Міхаіл Орда зладзіў свайму кандыдату «свята душы»: у Менску прайшоў дэманстратыўны пікет па зборы подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Да яго вышыхтавалася чарга, хоць людзі, мяркуючы паводле рэпартажаў з пікету, і адмаўляліся растлумачыць, чаму яны падтрымліваюць менавіта гэтага кандыдата. Праўда, на дапамогу журналістам (імаверна, таму, што яны не былі прастытуткамі) не прыходзілі міліцыянты: ніхто не хапаў тых, хто адмовіўся адказваць, за рукаў, як гэта здарылася тыдзень таму з Сяргеем Ціханоўскім у Горадні, і тым больш не выклікаў АМАП.

Арыштоўвалі іншых. Затрыманні доўжыліся ўвесь папярэдні тыдзень. Пераважна «вязалі» сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Чаму?

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Выкажу здагадку. Людзі, якія аддаюць адпаведны загад, упэўненыя ў тым, што калі і адбудзецца які-небудзь пратэст супраць магчымай фальсіфікацыі выбараў, то яго арганізуюць якія-небудзь «радыкалы». І лепш зрабіць так, каб не было каму арганізоўваць. Напрыклад, не дапусціць рэгістрацыі Ціханоўскай. «Выбіць» падчас гарачай пары збору подпісаў сябраў яе ініцыятыўнай групы – вось і падстава для нерэгістрацыі. Не вінаватая Лідзія Ярмошына ў тым, што Сяргея Ціханоўскага «пасадзілі на суткі» у тыя дні, калі ён мусіў падаваць дакументы ў ЦВК? Вось і цяпер усе, апроч яе, будуць вінаватыя ў тым, што Святлана Ціханоўская не сабрала подпісаў: няма чаго было набіраць у ініцыятыўную групу людзей, па якіх міліцэйскія СІЗА не тое што плачуць – галосяць! Лічыце, заадно і Статкевіча і Севярынца з Вольгай Мікалайчык «замялі». Каб не парушалі.

На пікеце ў Гомелі, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Людзі ў «вялікіх пагонах», якія аддаюць указанні, – тыя ж генералы, якія рыхтуюцца да мінулых войнаў, а ў нашым выпадку – да мінулых «плошчаў». Яны не разумеюць (на наш погляд, вядома): людзі, якія стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс, раззлаваныя да крайнасці не таму, што наслухаліся прамоваў Статкевіча з Севярынцам і наглядзеліся відэаблогаў Ціханоўскага. Самыя відэаблогі з’явіліся як рэакцыя людзей на хлусню, што ішла ўсе апошнія гады з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў. Людзей запэўнівалі, што «эх, добра ў краіне беларускай жыць!». Прычым запэўнівалі акурат тады, калі яны ездзілі за мяжу зарабляць грошы для сваіх семʼяў (у краіне больш-менш прыстойную зарплату атрымлівалі хіба што сілавікі і айцішнікі) і адпраўлялі туды вучыцца сваіх дзяцей са строгім наказам – стварыць сямʼю і не вяртацца. Але паколькі заўсёды знаходзіўся ўзорна-паказальны аграгарадок з яшчэ больш узорным Шкловам, людзі гатовыя былі спісаць сваё няшчасце на мясцовую ўладу, на адсутнасць працы менавіта ў іх раёне, на недастатковую зарплату менавіта на іх прадпрыемстве або ў калгасе.

На пикете в Бресте, 7 июня. Фото belsat.eu

Прыйшоў каронавірус – і стала відавочна, што адгаворкі скончыліся. Па-першае, «схлопнуліся» заробкі: беларусы вярнуліся з Расеі, дзе працавалі на будоўлях ледзь не цэлымі раёнамі; закрыла межы Еўропа, куды вазілі пачкамі і блокамі кантрабандныя цыгарэты і танную гарэлку. Невялікія грашовыя запасы пачалі раставаць, таму што замест двух дарослых у сям’і застаўся працаваць у лепшым выпадку адзін.

Новости
КГБ собрал досье на 81-летнюю пенсионерку, которая поддержала Тихановского
2020.06.07 16:50

Па-другое, выявілася прорва паміж тым, што казала дзяржаўнае тэлебачанне – і што бачылі самі жыхары канкрэтных гарадоў і пасёлкаў. А відовішча было не для людзей са слабымі нервамі. У пятнаццацітысячным мястэчку бяруць у «каранцін» дом састарэлых або дом-інтэрнат для дзяцей. Гарадок маленькі, інфармацыю схаваць немагчыма. Але ўся дзяржаўная прапагандысцкая машына сцвярджае:

– Спакойна! Нічога страшнага! Нічога не здарылася!

І галоўны ўрач раённай паліклінікі, хаваючы вочы, паўтарае ўслед за тэлевізарам:

– Ды няма ў нас гэтай заразы! Няма!

Але самае галоўнае: вярхоўны угаворшчык пачынае лаяцца на адрас занепакоеных суграмадзян. Маўляў, гэта не пандэмія – гэта псіхоз!

– Мы, стала быць, – псіхапаты? – кажуць сабе тыя, хто яшчэ ўчора і пазаўчора быў апорай гэтай улады. – Мы?!

Гэта не Менск і не абласныя гарады. Гэта раённыя цэнтры адчулі сябе абражанымі. Для іх жыхароў Ціханоўскі стаў аддушынай у эфіры хлусні, якая перастала закалыхваць. Але не таму, што ён белы і пухнаты. Проста людзей давялі да таго, што яны перасталі верыць тэлебачанню. Вы яго лаеце? Тым лепш! Значыць, ён кажа праўду!

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Дзіўна, што гэтага не адчувае Лукашэнку. Так у 1994 годзе, што б там ні казала тэлебачанне, якое кантралявалася ўрадам Вячаслава Кебіча, як бы ні хапалі яго за рукавы пінжака міліцыянты, нішто не дзейнічала. І менавіта таму, што ўсё гэта перастала ў той момант дзейнічаць на выбаршчыкаў, выбар стаў магчымым.

Цяпер-прыкладна тая ж сітуацыя. Не зарэгіструюць Ціханоўскую – у бюлетэні застануцца Бабарыка і Цапкала. Выкінуць з бюлетэні гэтых – народ пойдзе галасаваць за таго, за каго яны заклічуць. Хоць за Канапацкую. Хоць за Кісель. Хоць за Казлова.

Новости
Наталья Кисель: спарринг-партнер Александра Григорьевича? Это высокая оценка!
2020.05.30 12:21

І што тады рабіць? Паўтараць «фокус» з меркаваным атручваннем маркоўным фрэшам спадара Цярэшчанкі пяцігадовай даўнасці? Ну, Канапацкую, дапусцім, могуць угаварыць «выпіць» гэты злашчасны фрэш. А як быць з мацёрым міліцыянтам Казловым? Гэты ж можа былых калег ператварыць у «падзенышаў» пры спробе «атруціць» яго.

Улада адарвалася ад народа, як адарваўся гузік ад пінжака народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі пры спробе ўвайсці ў яго кабінет у Доме Урада. Была справа ў 1994 годзе, шмат хто памятае…

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў