Апатыя і цынізм як формы існавання. Вольга Шпарага аб трагедыі беларускай супольнасці


Грамадства верыць, што ўдасканальваецца і не паўторыць памылак мінулага, і часта проста не заўважае праблемаў сучаснасці, лічыць іх нормай. 21 лістапада адбудзецца прэзентацыя кнігі Вольгі Шпарагі «Супольнасьць-пасля-Галакосту». Ці актуальныя высновы з Галакосту для сучаснай супольнасці, пра гэта «Белсату» распавяла аўтарка Вольга Шпарага.

Вольга Шпарага – філосаф, кандыдатка філасофскіх навук. Вывучала філасофію ў Беларусі ды Нямеччыне. Выкладала ў ЕГУ ў Менску і Вільні з 2001 да 2014 г. Аўтарка шматлікіх артыкулаў, а таксама манаграфіі «Абуджэнне палітычнага жыцця: Эсэ пра філасофію публічнасці» (Вільня: ЕГУ, 2010); навуковая сурэдактарка сямі калектыўных манаграфіяў. Сузаснавальніца ECLAB (Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі).

– Вольга, як вы увогуле прыйшлi да тэмы Галакосту – хто падштурхнуў вас да напісання гэтай працы?

– Па-першае, як я пішу ў кнізе, філосафы з іншых краінаў ужо дастаткова шмат напісалі пра тое, што Галакост утварае цывілізацыйны зрух, стварыў новы кантэкст для разумення чалавечай годнасці і правоў чалавека. Па-другое, гэта не толькі агульначалавечая, але і нашая, лакальная трагедыя – бо на тэрыторыі Беларусі было забіта 800 тысяч габрэяў. Аднак цэнтральнае паняцце кнігі ўсё ж – гэта супольнасць пасля Галакосту. Мая галоўная думка, што пасля Галакосту мы мусім асэнсоўваць і будаваць нашыя супольнасці па-іншаму, я ўвесь час думаю пра тое, як прадухіліць паўтарэнне гэтай гранічнай трагедыі.

Тэарэтыкі Галакосту, на якіх я спасылалася ў сваёй кнізе, лічаць, што Галакост – зʼява менавіта сучасных грамадстваў. Сярод іх – бюракратычная рацыянальнасць, якая робіць з людзей марыянетак ды стварае дыстанцыю паміж асобамі. Іерархія паміж начальнікамі ды падначаленымі, якія не крытычна ставяцца да загадаў зверху, замоўчванне маральнага боку праблемаў, – усё гэта ў аснове Галакосту.

Асаблівую ўвагу ў сваёй кнізе я надавала практыкам сістэматычнай знявагі чалавечай годнасці менавіта ў Беларусі, вынік якіх – апатыя і цынізм. А практыкі гэтыя паўсюль – у павышаным на дзяцей голасе і «нявінных» плескачах, у зневажальным стаўленні чыноўнікаў да грамадзянаў, паводзінах міліцыі, ды нават у шмат якіх НДА, дзе жанчыны разносяць мужчынам каву і мыюць посуд пасля імпрэзаў. Як толькі зʼяўляюцца людзі ды групы людзей, да якіх можна ставіцца грэбліва, гэта першая прыкмета, што дэгуманізацыя ўступіла ў дзеянне і будзе набіраць абароты, апагеем чаго гістарычна і стаў Галакост.

– Вы пішаце, што ў нашае жыццё ўжо ўкаранёная ўлада, якая робіць усё, каб не дазволіць нам самім кіраваць сваім жыццём, пазбаўляе нас магчымасці дзеянняў як у публічнай, гэтак і ў прававой прасторы. Вы можаце прывесці прыклады магчымага супрацьстаяння?

– У сваёй кнізе я кажу не столькі аб прыкладах, колькі аб прынцыпах і практыках, якія дапамагаюць супрацьстаяць дэгуманізацыі. Гэта рознага роду гарызантальныя, а не іерархічна арганізаваныя дачыненні паміж людзьмі. Напрыклад, для салідарнасці вырашальныя не ідэі, а стаўленне да іншых людзей як да роўных, то бок як да асобаў, якія не заслугоўваюць ганьбы.

Праект «Імёны» спрыяе стварэнню грамадства, у якім людзям ёсць справа адзін да аднаго, і дзе людзі гатовыя браць адказнасць не толькі за сябе, але і за іншых. Рознага роду падтрыманне праз краўдфандынг, праз супольнасці, якія перасякаюцца, і ініцыятывы – урбаністычныя, фемінісцкія і экалагічныя.

Міхаіл Мінакоў, філосаф, Інстытут Кенана (Украіна – ЗША)

У сваёй бліскучай кнізе Вольга Шпарага кідае выклік духу нашага часу. Яна прымушае вярнуцца да праблемаў маралі, эмпатыі ды ўзаемапавагі ў нашых постсавецкіх (і, магчыма, перадваенных) грамадствах. Яе філасофская думка выбудоўвае новую аргументацыю дзеля абароны чалавечай годнасці, справядлівага грамадства і жыццесцвярджальнай палітыкі. Вольга Шпарага вяртае магчымасць маральна думаць і салідарна дзеяць у нашых супольнасцях-пасля-Галакосту.

– Як на змены ў грамадстве могуць паўплываць не толькі лідары супольнасцяў, але, напрыклад, наведнікі belsat.eu?

– Падумаць, як будуюцца яе або яго дачыненні з іншымі людзьмі, ці ёсць у іх месца эмпатыі, даверу і ўзаемадапамозе. Але таксама гэта пытанне аб тым, якім мы бачым нашае грамадства: як кіраванае толькі адною дзяржаваю або адным толькі рынкам, ці як такое, дзе ёсць месца розным стылям жыцця, супольнасцям, відам эканомікі ды інстытутам. На мой погляд, нам у Беларусі вельмі не хапае дыскусіяў пра тое, як суіснаваць адзін з адным вельмі розным людзям і суполкам. Таму я адстойваю паняцце інклюзіўнага грамадства, а не нацыі, абаронцы якой найчасцей ужо ведаюць, хто такія сапраўдныя беларусы і ў якой краіне яны хочуць жыць.

– Вы пішаце пра самапавагу, якую немагчыма адарваць ад узаемапавагі. Вы адчуваеце, як у паветры вісіць агрэсія, ад немагчымасці ўплываць на палітычныя падзеі?

– Мне здаецца, што галоўны настрой у нашым грамадстве – не агрэсія, а апатыя. Крыніцаю апатыі ёсць сістэматычнае прыніжэнне пачуцця ўласнай годнасці, калі грамадзянаў пераконваюць у тым, што яны нічога не ведаюць і нічога не могуць, бо за іх усё ведае і можа прэзідэнт. Справіцца з гэтым можна толькі супольна – ствараючы гарызантальныя, ўзаемапаважлівыя дачыненні, дзе і калі гэта толькі магчыма.

– Як вы ацэньваеце тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца ў краінах ліберальнай дэмакратыі – напрыклад, у краінах Еўрапейскага Звязу?

– Адбываюцца няпростыя працэсы. Даследчыкі глабальнай няроўнасці паказваюць, што за апошнія 25 гадоў, так званага неалібералізму, адбылося размыванне сярэдняга класу ў развітых краінах. У ЗША ён скараціўся на пятую частку, напрыклад. Затое адзін адсотак найбагацейшых людзей расквітнеў у дзесяткі разоў. Вось гэты збяднелы сярэдні клас і падняў бунт супраць палітычнага істэблішменту – і мы атрымалі папулістаў ва ўладзе, у парламентах і вядучых партыях.

Зноў узнікае падзел на сваіх і чужых, грамадства палярызаванае. Аднак практычна ўсюды мы бачым і іншую карціну – эмансіпаваныя супольнасці ды людзі думаюць, як ім абʼядноўвацца, і не толькі ў сваіх інтарэсах, але і ў інтарэсах тых, хто прайграў ад глабалізацыі. Як і ў Беларусі, у іншых краінах патрэбныя новыя формы салідарызацыі, грамадскага і палітычнага ўдзелу, гатоўнасці слухаць адзін аднаго і абʼядноўвацца вакол агульных праблемаў.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў