Апакаліпсіс Масея Сяднёва


Свядома ці не, але пісьменнік Масей Сяднёў, якому сёння спаўняецца 105 гадоў, заўсёды жыў у адкрытым канфлікце з акаляючым светам.

У сваім фатальна-нігілістычным непрыняцці рэчаіснасці Масей Сяднёў пайшоў нават далей за свайго «хроснага бацьку» Янку Купалу. Бо калі ў фінале «Адвечнай песні» чытаем: «Не міла мне слухаць, не міла / 3 зямлі маёй гэткі прывет. / Раскрыйся нанова, магіла: / Страшней цябе людзі і свет». Дык лірычны герой Сяднёва не хаваецца пад зямлю, а з рызыкоўнай зухаватасцю выклікае новы апакаліпсіс: «Глядзіш як пакляты двуногі ідзе – / і хочаца выцяць у цемя. / О, лепш-бы ты вымерла ў страшнай бядзе, / Адамава, дзікае племя! / З таемным ударам грымот агнявых / прыдзі час другога патопу! Каб загінулі, зьнікла ў момант, у міг / і Азія ўся і Эўропа» (верш «Абнаўленьне» з кнігі «У акіяне ночы», 1947).

У творчасці любіў правакаваць, дражніць, ісці на ражон

Калі вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце (1933-36) і актыўна друкаваўся, то дазваляў сабе хуліганскія «контррэвалюцыйныя» выпады супраць сістэмы. Напрыклад, у сваім першым празаічным творы «Вораг злоўлены» («Работніца і калгасніца Беларусі» 1933, № 35) выступае супраць даносаў. Паводле 20-гадовага Масея Сяднёва непераадальна-заалагічнае жаданне патапіць бліжняга, каб выплыць і захавацца самому, уласціва любому жыхару сталінскай дзяржавы, бо ў тагачасным таталітарным дыскурсе «дзейнічаць заўсёды цішком, каб як-небудзь адпомсціць…». – ператварылася для многіх у закон. У цудоўным вершы «З пісьма дзяўчыны» (Полымя рэвалюцыі 1934, № 6) заклікаў беларускіх хлапцоў не ехаць вучыцца ў Расею, бо там іх чакаюць спакусы ў выглядзе сексуальных дзяўчат з Тамбова, якія разаб’юць іх сапраўднае, праўдзівае каханне, што засталося на Беларусі. Калі ж 31 кастрычніка 1936 года Сяднёва арыштавалі, здзіўляў паэтаў-аднакамернікаў (большасць з якіх былі атэісты) такімі радкамі: «Як зачыніліся за мною дзверы / турмы, душой, як занямог, / усёй сардэчнай сілай верыць / Я стаў, што ёсць на свеце Бог…». Некаторыя (напрыклад, паэт Зяма Півавараў) думалі, што Сяднёў зварʼяцеў.

Так, Масея Сяднёва не разумелі, а яго творчасць раздражняла. Змітрок Бядуля (яшчэ да арышту паэта) не раіў друкаваць яго вершы, бо яны «нейкія паганскія». Аркадзь Куляшоў, праслухаўшы новыя вершы Сяднёва, «даў… рэцэпт: «Табе, братка, трэба лячыцца! Ты захварэў на небяспечную хваробу». Як бачым і «вораг народа» Зяма Півавараў і «паэт-камсамолец» Аркадзь Куляшоў былі адной думкі пра героя нашага артыкула.

У 1967 годзе Сяднёў склаў верш «Вызваленьне», які вельмі моцна абурыў савецкіх крытыкаў, бо ў ім паэт «вітаў» наступ нямецкага войска на Менск. Там былі такія радкі: «Збамбілі ля турмы ўвесь квартал, / і я пайшоў у сьвет раскутым. / Як радасьць для сябе, вайну я прывітаў / радкоў маіх лірычнейшым салютам…» (Масей Сяднёў. Патушаныя зоры. 1975). У лісце Янку Запрудніку (21.03.89) тлумачыў: «А што тычыцца вершу «Вызваленьне» /…/ дык /…/ у ім выказаная ня што іншае, як радасць з нагоды вызваленьня зь Менскай турмы, вайна тут «прывітаная» толькі як выпадак, дзякуючы якому я апынуўся за варотамі… турмы» (Масей Сяднёў: Pro et contra. Аўтар-укладальнік Лявон Юрэвіч. 2018).

Для савецкай крытыкі Масей Сяднёў бы калабарантам і нацыяналістам, а ў той жа час большасць эмігрантаў лічылі паэта «русафілам», які… прадаўся савецкай Расеі. Асабліва вялікую крытыку ад сваіх калегаў займеў, калі працаваў з 1968 па 1983 гг. галоўным рэдактарам радыё «Свабода».

Ну, і сапраўды якое ж «нацыяналістычнае» сэрца вытрымае, напрыклад, калі Масей Сяднёў забараняў крытыкаваць беларускі савецкі часопіс «Работніца і сялянка», бо «там можна знайсьці і нешта карыснае й цікавае для сябе /…/ аж да матэрыялаў, у якіх выказваецца любасьць да нашай бацькаўшчыны» (ліст да Я. Запрудніка 3.01.75. / там жа). Не пускаў у эфір матэрыялы, дзе былі спробы зрабіць з Васіля Быкава антысавецкага пісьменніка: »…караценька пра скрыпт Станкевіча [Станіслава] /…/ у такім выглядзе ён не можа пайсьці: «…вінавачаньні (Быкава) савецкай сыстэме» аніяк не падмацоўваюцца цытатамі, прыведзенымі ў скрыпце на даказ такога «вінавачаньня».

Выступаў супраць таго, каб агулам яго супрацоўнікі лаялі Савецкую армію: «…нельга забывацца, што ў гэтай арміі служыць тры мільёны ні ў чым не вінаватых хлопцаў, у тым ліку і беларускіх хлопцаў, і звальваць іх у адну кучу «жандараў» – не палітычна, не далікатна, не справядліва» (ліст да Я. Запрудніка 4.08.76. / там жа).

На яго жаліліся: «…наш цэнзар Сяднёў /…/ далей русыфікуе мову. /…/ гадамі ўжываем слова «блёк», /…/ аднаго прыгожага дня Сяднёў яго ператварае на «блок» /…/, «балянс» – замяняе на «баланс». /…/ У гэтага «філолага» і «прафэсара» адна…» (ліст Юркі Сенькоўскага да Я. Запрудніка 26.05.69. / там жа).

А што на гэта Масей Сяднёў? Магчыма, каб залагодзіць нервы, чытаў свой жа даўнейшы (1953 г.) верш «Патрыёты», дзе ёсць такія радкі: «Я ня любіў ніколі патрыётаў, / бязгрэшных, новых фарысееў. / Як зерне посьле абмалоту, іх душы я на сіце дзён прасеяў. / Кусьлівая і здрадлівая заядзь…» (Масей Сяднёў. Патушаныя зоры. 1975). А можа быць, згадваў элегічнае чатырохрадкоўе Якуба Коласа: «Няхай сабе людзі кажуць, што хочуць, / І назавуць мяне белай варонай, / Я ж праўду скажу ім, скажу ім у вочы, / – Мілыя людзі, вы трошкі шалёны».

Ніколі і нідзе не быў сваім

Магчыма, самую вялікую спагаду да сябе займеў у Мінскай турме ў 1937 годзе, калі пасадзілі ў адну камеру з былым прэмʼер-міністрам БНР Аляксандрам Цвікевічам, з якім юнак стаў лепшым сябрам, а Цвікевіч захаляўся яго вершамі. Ні ў перыяд акупацыі, ні пад час далейшага эмігранцкага жыцьця такога сябра-настаўніка, які б непадманна яго любіў, Масей Сяднёў не знайшоў.

Яго творы ўважліва не чыталіся імі па-сапраўднаму глыбока не цікавіліся (іначай бы у кнігазбораўскім «Выбраным» за 2014 год, апублікавалі б поўны, а не пакалечана-скарочаны, варыянт рамана «Раман Корзюк», знайшлі б месца для яго містэрыі «Цень Янкі Купалы»).

У сваёй памяркоўнай абыякавасці прапусцілі два незвычайныя для нашай літаратуры раманы (згаданы ўжо «Раман Корзюк» і «І той дзень надышоў»). Не, вядома, пра іх нешта пісалі, часткова хвалілі, бянтэжыліся з-за непрыхаванага эратызму, але не ўбачылі галоўнага, не зразумелі, што Масей Сяднёў першы сярод нашых пісьменнікаў, хто напісаў абсалютна незалежныя, пазбаўленыя ўсялякай самацэнзуры творы, дзе, пазбягаючы самашкадавальна-ахвярнага пафаса, стварыў востры, парадаксальна-гратэскны, выразна-кінематаграфічны свет беларускага дыскурсу 30-40-х гадоў, поўны жарсцяў, вялікай энергіі і ўнутранай-эратычай сілы.

Масей Сяднёў трагічная асоба, бо раней чым хто выразна адчуў, што сама беларуская літаратура, культура нікому на самай справе не была і не будзе патрэбная, і ў першую чаргу, кажучы словамі Мікіты Зносака «кіхаць на яе хацелі» «патрыёты», «змагары», «творцы-песняры», ды іншая правая ці левая інтэлігенцыя, якая навучыла сваіх дзяцей, што філасофія страўніка куды важней за філасофію нацыянальнага адраджэння.

А калі так, то і сапраўды, чаму б Сяднёву па-купалаўску востра не пажадаць, каб у гэты свет: «Хутчэй-жа пагібель і мор, / сусьветнай прыходзь спусташэньне! / У вечнае йдзі на шырокі прастор, / другое прыходзь пакаленьне!»

Масей Сяднёў марыў пра такі апакаліпсіс. Жадаў яго прыходу, але не дачакаўся.

Ці дачакаемся мы?

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў