«Лукашэнка перахітрыў сам сябе». Як прайшоў 2022 год для Беларусі і на што звярнуць увагу ў 2023-м


Падыходзіць да заканчэння 2022 год. Год, у якім у Еўропе пачалася поўнамаштабная вайна з дзясяткамі тысяч забітых і мільёнамі ўцекачоў. Год, у якім рэжым у Беларусі стаў суўдзельнікам у расейскай агрэсіі. Карэспандэнты «Белсату» распыталі экспертаў пра палітычныя вынікі года: наколькі беларускім дэмакратычным сілам удаецца набліжацца да сваіх мэтаў, а рэжыму – утрымліваць уладу.

АБСЕ Шрэдынгера

Пачаўся год з пратэстаў у Казахстане, падчас якіх другі прэзідэнт здолеў канчаткова адхіліць ад улады першага. З ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі краіны АДКБ паслалі ў Казахстан супольныя сілы для здушэння пратэстаў, але неўзабаве старыя новыя ўлады выгналі чужыя войскі са сваёй краіны. Больш поспехаў у АДКБ не было. Чальцы арганізацыі канфліктавалі між сабою ды з суседзямі, але ніхто не збіраўся іх падтрымоўваць. А скончылася ўсё скандальным самітам у Ерэване, дзе Арменія адмовілася падпісаць супольныя дакументы.

Жанчына праходзіць міма будынку мэрыі Алматы, які быў пашкоджаны падчас масавых беспарадкаў. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Як адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч, вайна Расея супраць Украіны вядзе да дэзынтэграцыі ўсёй постсавецкай прасторы. І ў выніку інтэграцыйныя арганізацыі (АДКБ, СНД, ЕАЭС) атрымоўваюць праблему далейшага развіцця і «хутчэй стагнацыю ці нават рух назад».

«Сэнс гэтых інтэграцыйных аб’яднанняў быў у тым, што Расея з’яўляецца крыніцай падтрымкі і дапамогі іншым постсавецкім краінам. А цяпер, з пачаткам вайны ва Украіне, яна робіцца не крыніцай падтрымкі, а хутчэй крыніцай праблемаў постсавецкіх дзяржаваў, нават пагрозай», – падкрэсліў Валер Карбалевіч і прадказаў надалей змяншэнне ролі гэтых аб’яднанняў і ролю Расеі ў іх.

Тым не менш, палітолаг Кацярына Шмаціна не выключае, што сітуацыя можа змяняцца ў будучыні, калі Расеі будзе што прапанаваць сваім «саюзнікам».

На Кіеў! На Ла-Манш!

24 лютага Лукашэнка стаў суўдзельнікам вайны Расеі супраць Украіны, даўшы для нападу тэрыторыю Беларусі. Перад гэтым ён хваліўся, што разам з расейскімі войскамі здолее ўзяць Кіеў «за 3–4 дні» і нават дайсці да Ла-Маншу. Але пасля правалу расейскага бліцкрыгу ўжо паказваў, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». Суўдзел прывёў да шырокіх санкцыяў, сыходу шматлікіх бізнесаў і ізаляцыі. І хоць беларускія войскі непасрэдна ў вайне не ўдзельнічаюць, такая пагроза застаецца.

Валер Карбалевіч мяркуе, што гэта вайна не прынесла аніякай карысці Лукашэнку. А сама сітуацыя для яго «дыскамфортная, вымушаная». І хоць Лукашэнка спрабуе знайсці новыя крыніцы выжывання рэжыму, «пакуль гэта атрымоўваецца дрэнна». Агулам ў яго няма рэцэптаў, як выйсці з «незайздроснай сітуацыі суагрэсара», заявіў эксперт.

«Гэта плата за расейскую падтрымку ў 2020 годзе. І Лукашэнка проста вымушаны быў апынуцца ў адным акопе з Пуціным», – адзначыў Валер Карбалевіч.

Падобнай думкі трымаецца і Кацярына Шмаціна. Пры гэтым яна не верыць у тое, што Лукашэнка можа адмовіць Пуціну ў інфраструктуры для расейскіх вайскоўцаў:

«Расейская армія можа зазнаваць паразы ва Украіне, але беларускі рэжым наўрад ці зможа ёй супрацьстаяць, у тым ліку ўлічваючы ўплыў расейскіх спецслужбаў на атачэнне Лукашэнкі».

Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у кіеўскім раёне Асакаркі. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Усебеларускі народны што?

27 лютага ў Беларусі прайшоў канстытуцыйны рэферэндум. Ён даў новыя паўнамоцтвы прадстаўнікам рэжыму і абмежаваў ягоных праціўнікаў. Але абноўленая Канстытуцыя была адразу ж парушаная, бо ў ёй адмыслова прапісалі забарону нападаць з беларускай тэрыторыі на іншыя краіны. Таксама асноўны закон надаў канстытуцыйныя паўнамоцтвы Усебеларускаму народнаму сходу. Але што з ім канкрэтна рабіць, так дагэтуль і не прыдумалі.

Кацярына Шмаціна адзначыла, што перадумоваў для гэтых зменаў магло быць некалькі: ад спробаў урэгулявання палітычнага крызісу і дадатковых гарантыяў Лукашэнку да жадання Крамля павысіць уплыў прарасейскіх сілаў у Беларусі. Але, падкрэсліла палітолаг, усе абгрунтаванні «гэтага фарсу» згубілі сэнс з пачаткам вайны, бо ўнутрыпалітычная сітуацыя ў краіне «залежыць ад дынамікі вайны і непасрэднага ціску Крамля на Беларусь, а не столькі ад уласных намаганняў рэжыму».

У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

На думку Валера Карбалевіча, прыняцце новай Канстытуцыі – «гэта самая малазразумелая, самая нелагічная, самая пустая задума Лукашэнкі». Палітолаг адзначыў, што ўсё гэта было прыдумана на выпадак, калі б Лукашэнка сыходзіў з улады. А паколькі ён нікуды не сыходзіць, «то сэнсу ў гэтай новай Канстытуцыі няма ніякага».

«Лукашэнка перахітрыў сам сябе і цяпер з цяжкасцю разумее, навошта гэта ўсё было і дзеля чаго. І пачынае ламаць галаву над тым, што цяпер з гэтым рабіць», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Патэнцыял захаваўся

Вайна і рэферэндум справакавалі новую хвалю пратэстаў у, здавалася б, цалкам задушаным беларускім грамадстве. Паводле праваабаронцаў, акцыі прайшлі ў 25 гарадах, на іх затрымалі каля 1500 асобаў. Таксама беларусы згадалі час Другой сусветнай і пайшлі ў рэйкавыя партызаны, сапсаваўшы планы пуцінскай арміі на бесклапотную пастаўку ўзбраення на фронт.

Гэты супраціў сведчыць пра тое, што патэнцыял для пратэсту ў Беларусі захаваўся, а ўдзел у гэтай вайне непапулярны ў беларускім грамадстве, мяркуе Валер Карбалевіч. На ягоную думку, улады даволі моцна занепакоеныя такімі настроямі. Але, падкрэсліў палітолаг, у цяперашніх умовах сур’ёзны пратэст маларэальны і магчымы толькі ў выглядзе партызанскіх дзеянняў, а не адкрытага супрацьстаяння.

Кацярына Шмаціна мяркуе, што пратэставы рух мае шанец на новы ўздым, калі будзе новы імпульс і новае «акно магчымасцяў». Пакуль жа наўпроставае супрацьстаянне з рэжымам «заведама пройгрышнае». Пры гэтым палітолаг заклікала не мець «залішніх ілюзіяў», бо беларускае грамадства палярызаванае – «паміж тымі, хто выступае за перамены, і ў тым ліку за сілавы сцэнар, і тымі, хто хутчэй падтрымлівае статус-кво, нават успрымаючы Лукашэнку як гаранта «міру» ў кантэксце вайны па суседстве».

Беларускія легіёны

З самага пачатку вайны ва Украіне пачалі стварацца беларускія добраахвотніцкія фармаванні. Сёння гэта полк імя Кастуся Каліноўскага, полк «Пагоня», батальён «Тэрор», і гэта не лічачы харугваў паспалітага рушэння ў Польшчы і Літве. Каля двух дзясяткаў беларусаў ужо загінулі «за нашу і вашу свабоду», у гонар іх называюць вуліцы. А самыя добраахвотнікі заяўляюць, што пасля перамогі Украіны пойдуць вызваляць Беларусь. Прадстаўнікі рэжыму настроі адчулі і нават называюць кірункі, на якіх «джыпы будуць прарываць мяжу» гэтым разам, ды ствараюць свае фармаванні для абароны ад народу «крыштальнага сасуду».

На думку Кацярыны Шмацінай, беларускія добраахвотнікі даюць «нейкую сімвалічную надзею, што ў час Х гэтыя фармаванні могуць спрыяць вызваленню Беларусі». Але, дадала яна, цяпер сілы няроўныя. Тым не менш, «рэжым асцерагаецца такога сцэнара, баючыся, што нават частка беларускай арміі і добраахвотнікі захочуць далучыцца да гэтых падраздзяленняў, калі б яны зайшлі на тэрыторыю Беларусі», падкрэсліла палітолаг.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі байца. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Тым не менш, Валер Карбалевіч мяркуе, што беларускіх добраахвотнікаў цяжка назваць падзеяй менавіта беларускага пратэставага руху, бо яны дзейнічаюць за межамі Беларусі.

«Гэта вялікая праблема існавання ўсіх эмігранцкіх арганізацыяў. Яны не так моцна ўплываюць на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі. Яна спрабуюць пазіцыянаваць сябе як новы цэнтр пратэсту, канкураваць з Пераходным кабінетам, але гэта ўсё рухі эмігранцкага асяроддзя. На сітуацыю ўнутры Беларусі гэта мала ўплывае», – заявіў палітолаг.

Аб’яднаны (?) пераходны (?) кабінет

У жніўні Офіс абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай здолеў аб’яднаць вакол сябе шэраг розных ініцыятываў (НАУ, BYPOL, «Пагоня») і стварыць Аб’яднаны пераходны кабінет, у якім галоўныя пазіцыі занялі дыпламаты і сілавікі. Тым самым атрымалася пераадолець унутраныя спрэчкі, але месца апазіцыі ўнутры апазіцыі неўзабаве заняў полк Каліноўскага. Дый сам Кабінет страсалі скандалы то з пашпартамі, то са стартапамі.

Валер Карбалевіч адзначыў, што стварэнне Пераходнага кабінету было рэакцыяй на патрабаванні грамадства: «трэба ж нешта рабіць». У гэтым жа ключы ідуць і размовы пра сілавы варыянт развязання сітуацыі ў Беларусі. Але, заявіў палітолаг, гэта наўрад ці паўплывала на міжнародную дзейнасць Ціханоўскай, якая «як была актыўнай, так і засталася». А вось на ўнутрыпалітычную сітуацыю Кабінет пакуль мала ўплывае.

У сваю чаргу Кацярына Шмаціна параўнала стварэнне Кабінету з «перастаноўкай крэслаў на «Тытаніку». Паводле яе, дадатковага даверу ў вачах беларусаў, асабліва ўнутры краіны, а не толькі найбольш лаяльных прыхільнікаў у дыяспарах, гэта не дадае.

«Хочацца пажадаць ім распрацоўваць рэалістычныя стратэгіі выратавання Беларусі, працы з беларусамі ў Беларусі і разумення, што нават параза Расеі ў вайне не азначае светлых перспектыў для нашай краіны – аслабленая Расея можа згубіць іншыя сферы ўплыву, але Беларусь можа стацца прадметам гандлю з Украінай і краінамі Захаду падчас мірных перамоваў», – мяркуе палітолаг.

Аб’яднаны пераходны кабінет. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Крычко

Лепш, чым у расейцаў, але…

Кажуць, што расейскія дэмакраты зайздросцяць беларусам, што ў нас быў 2020 год і ёсць свой абраны прэзідэнт, які можа паказаць, што ў Беларусь не тое самае, што Лукашэнка. І за гэты год Офіс і Кабінет здолелі адкрыць свае прадстаўніцтвы ў шэрагах краінаў (у тым ліку ў Бруселі і Кіеве), замяніць рэжым у стасунках з Радай Еўропы, выступіць на шэрагу буйных міжнародных канферэнцыяў разам з заходнімі лідарамі і зрабіць важныя візіты. Атрымліваецца, хоць і са скрыпам, адстойваць візавыя правы беларусаў. Але стасункі з украінскімі ўладамі застаюцца замарожанымі.

Галоўным дасягненнем дэмакратычных сілаў на гэтым кірунку Валер Карбалевіч лічыць тое, што Беларусь «застаецца на міжнародным парадку дня, цікавасць да беларускай тэмы з боку заходняй супольнасці падтрымліваецца».

«Гэта важна, гэтую функцыю Святлана выконвае. І чакаць нечага большага ад яе ў гэтым плане наўрад ці можна», – адзначыў палітолаг.

Прызнаючы карысць ад сустрэчаў з замежнымі палітыкамі, Кацярына Шмаціна, тым не менш, адзначыла, што «на гэтым іх дасягненні, на жаль, сканчаюцца».

«За два гады была згубленая сувязь з беларусамі ўнутры краіны, дзейснай стратэгіі выхаду з крызісу, акрамя спадзеваў на Захад і тое, што перамога «супраць усяго кепскага» ўжо блізкая і адбудзецца сама па сабе – іншых, рэалістычных стратэгіяў у іх, на жаль, няма. Гэта варта хаця б прызнаваць і быць адкрытымі да фідбэку і супрацы з іншымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадскасці. З маіх назіранняў, Офіс, на жаль, адарваўся ад рэчаіснасці і працуе з выключна лаяльнымі сабе структурамі», – падкрэсліла палітолаг.

Арыштавалі ўсіх чалавек…

Тым часам рэжым у Беларусі працягвае ўтрымліваць свае пазіцыі. І пакуль выбары адкладзеныя да лепшых часоў, а рэпрэсіі нарастаюць, трон з-пад сініх пальцаў не сыходзіць. Цяпер сесці можна не толькі за няправільны колер валасоў, але і за няправільны цэннік у краме. Дый запрацавала ноу-хау – суды над апанентамі, якія жывуць за мяжой ды могуць згубіць не толькі беларускую маёмасць, але і сінюю кніжачку з постсавецкім гербам. Нават «Жыве Беларусь!» – гэта цяпер не што іншае, як «нацызм».

Разбураныя жылыя дамы ў Марыупалю. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Але Кацярына Шмаціна адзначыла, што рэжыму хапае рэсурсаў толькі на рэпрэсіі супраць уласнага насельніцтва, а не на супрацьстаянне пагрозам суверэнітэту з Масквы.

«Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што грамадства падзеленае прыкладна напалову, і рэйтынг Лукашэнкі нават павялічыўся за апошні год – але дасягнуў сваіх межаў. Рэжым разумее, што пратэставы настрой не знік», – заявіла палітолаг.

Пакуль жа Валер Карбалевіч не прагназуе ў агляднай перспектыве нейкіх сур’ёзных пагрозаў існаванню ўлады Лукашэнкі, бо «рэжым стабільны, рэжым кансалідаваўся, рэжым ачысціўся ад усіх нядобранадзейных элементаў». Не бачыць палітолаг у ім і ўнутраных канфліктаў, бо «канфлікты нейкіх кланаў калі і ёсць, то вельмі глыбока і нябачныя на паверхні».

Гонка на лафетах?

Але nil novi sub luna, або няма нічога новага пад месяцам, і затрымаць разам з апанентамі час пакуль не атрымліваецца. І вось прыходзяць непрыемныя сігналы пра тое, што чалавек раптам смяротны. Гэтак, на 65-м годзе жыцця памёр міністр замежных справаў Уладзімір Макей, які да таго ж на чатыры гады маладзейшы за дзейнага кіраўніка. Дый старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, кажуць, у рэанімацыі. 1980-я гады, калі састарэлыя савецкія лідары паміралі адзін за адным, атрымалі назву «гонкі на лафетах».

Тым не менш, Кацярына Шмаціна не лічыць, што страта Макея мае пазітыўны ўплыў на прадэмакратычную барацьбу ў Беларусі, бо, па-першае, не на ім «трымаўся рэжым», а па-другое, ён мог быць «адносна прымальнай фігурай для Захаду для нефармальных кантактаў, калі б адкрылася акно магчымасцяў». Агулам жа суразмоўца заклікала дачакацца вынікаў расследавання «Bellingcat» адносна прычынаў смерці міністра.

У польскім горадзе Лодзь стартавала 29-е пасяджэнне міністраў замежных спраў краін-членаў АБСЕ. На паседжанні замест памерлага 26 лістапада Уладзіміра Макея прысутнічаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас. 1 снежня 2022.
Фота: Pasha Kritchko / kritchko.com

У сваю чаргу Валер Карбалевіч адзначыў, што смерць Макея высвеціла тое, што «калі адбываецца нейкая незвычайная, нестандартная падзея, то яна вядзе да пэўных збояў у сістэме». Гэтак, ані ўлады, ані іхныя медыі не ведалі, як рэагаваць на смерць міністра, «калі не было нейкага зразумелага ўказання зверху». У выніку не мог ніяк з’явіцца афіцыйны некралог ды не было нават рэакцыі на сайце МЗС.

«У гэтай сістэме ўсё завязана на аднаго чалавека, і ён галоўны стрыжань гэтай сістэмы, і калі гэты стрыжань раптам вынуць, то сістэма можа пасыпацца», – падкрэсліў палітолаг.

Перагарнуць нельга памятаць

А беларусы, як сведчаць пастаянныя арышты і рэпрэсіі, дагэтуль не перагарнулі старонкі. І то тут, то там прыходзяць паведамленні пра акты супраціву і сабатажу, якія не даюць рэжыму супакоіцца нават праз два гады пасля жніўня 2020-га. А пастаянныя згадкі з самога верху тых падзеяў толькі пацвярджаюць, што нішто не забытае і ніхто не забыты.

Валер Карбалевіч мяркуе, што ў 2023 годзе «вельмі шмат што будзе залежыць ад вынікаў вайны ва Украіне»:

«Менавіта вайна ва Украіне задае тую новую дынаміку, якая будзе ўплываць на падзеі ў нашым рэгіёне і свеце. А значыць, і на нашыя краіны. Таму трэба сачыць за вайной».

У сваю чаргу Кацярына Шмаціна галоўнымі пытаннямі на наступны год бачыць тое, «ці будзе Беларусь поўнамаштабна ўцягнутая ў расейскую агрэсію супраць Украіны і ў якім аб’ёме Крэмль будзе кантраляваць Беларусь ва ўмовах, калі Пуціну патрэбна прадстаўляць свайму электарату нейкі сэнс ад стратаў у вайне». На яе думку, «сцэнар здачы суверэнітэту Беларусі ўжо не выглядае алармісцкім».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў