У Расеі затрымалі жанчыну, якая трымала ў рабстве шасцярых беларусаў. Хто яна і якое пакаранне ёй пагражае


У Расеі ў Падмаскоўі затрымалі жанчыну, якая трымала ў рабстве шасцярых грамадзян Беларусі. Яна прымушала іх працаваць прафесійнымі жабракамі. Як паведамляе ТАСС, затрыманая – жыхарка Балашыхі.

Затрыманая рабаўладальніца.
Фота: МУС РФ

Жанчына ўтрымлівала беларусаў у кватэры, забрала ў іх дакументы і мабільныя тэлефоны, ужывала ў дачыненні да людзей фізічны і псіхалагічны гвалт, кантралявала, як яны просяць міласціну.

Падчас ператрусаў паліцыяй канфіскаваныя шыльды, на якіх напісаныя просьбы аб дапамозе, грашовыя сродкі, пашпарты, смартфоны, банкаўскія карты. Па дадзеных паліцыі, жанчына прымушала нелегальных працаўнікоў прасіць міласціну на вуліцах. Яна прыводзіла мігрантаў на месца «заробкаў», дзе кантралявала іх.

Супраць зламысніцы распачатая крымінальная справа, ёй пагражае да 10 гадоў калоніі.

Пра тое, што ў Падмаскоўі з працоўнага рабства вызвалілі грамадзян Беларусі, стала вядома ў красавіку. Ім дапамаглі валанцёры, якія прыйшлі з паліцыяй. Але справу аб выкарыстанні рабскай працы пачалі толькі цяпер.

Раней мы распавядалі гісторыю 63-гадовага Віктара Чыкунова, які прыехаў з Беларусі на заробкі ў Расею. Дома ў мужчыны, прызнанага інвалідам, нікога і нічога не засталося, а ў Маскве яму прапанавалі падзарабіць. Ён трымаў сувязь з расяянкай па імені Наталля, яна запрасіла яго ў кватэру ў Балашысе. Калі Віктар прыехаў, у яго адразу ж забралі пашпарт. Апроч яго, у кватэры было яшчэ пяць чалавек. Так Віктар патрапіў у рабства: кожны дзень яго адвозілі да розных кропак і прымушалі прасіць міласціну.

Паводле яго слоў, «змена» доўжылася да позняга вечара, а штодзённы даход кожнага чалавека складаў ад 6000 да 8000 расейскіх рублёў (каля 200-300 долараў), якія адразу ж адбіраліся.

Hавiны
У Расеі з рабства вызвалілі двух беларусаў, якіх трымала «ўцякачка з Украіны»
2024.04.26 12:00

Гэта далёка не першы падобны выпадак, калі беларусаў вызваляюць з расейскага рабства. Так, у лютым з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расеі вызвалілі 33-гадовага беларуса Вадзіма Жалезкага. У зняволенні ён быў дзесяць месяцаў. Таксама сёлета вызвалілі беларуса Дзмітрыя, якога падманам змусілі працаваць на цагельні ў Дагестане.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў