«Мы на гэтым узроўні ніколі не былі». Як беларускія дэмсілы замянілі рэжым у стасунках з Радай Еўропы


Рада Еўропы пачынае афіцыйную супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Раней яна ўзаемадзейнічала з уладамі ў Менску, але саўдзел рэжыму ў расейскай агрэсіі супраць Украіны дапамог арганізацыі адмовіцца ад такой супрацы і перавесці сваю ўвагу на тых, хто выступае супраць вайны і рэпрэсіяў.

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланай Ціханоўскай у Радзе Еўропы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

7 лістапада пачалася афіцыйная супраца беларускіх дэмакратычных сілаў з Радай Еўропы. У кантактную групу з беларускага боку ўвайшлі 10 чалавек, у тым ліку чальцы праваабарончых арганізацыяў, журналісты, прадстаўнікі моладзі, дзеячы культуры, дыяспары, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, з боку Рады Еўропы – прадстаўнікі ўсіх ключавых палітычных арганізацыяў РЕ, уключаючы ПАРЕ і Офіс камісара ў правах чалавека.

«Рада Еўропы прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Я рада, што цяпер створаная Кантактная група. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносін такога роду», – сказала генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыярытэты супрацы, сярод якіх правы чалавека, палітвязні, інстытуты дэмакратыі і вяршэнства права. Асабліва адзначылі важнасць накіравання ўсіх дзеянняў на беларусаў унутры Беларусі.

Стварэнне групы – першы крок для ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы, заявіла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская.

Як Макей пужаў Раду Еўропу і што з гэтага выйшла

Рада Еўропы ўключае 46 дзяржаваў еўрапейскага рэгіёну ад Скандынавіі і да Каўказу. Мэта арганізацыі – садзейнічаць супрацы паміж краінамі Еўропы ў галіне стандартаў права, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння.

Беларусь ніколі не была чальцом Рады Еўропы, але актыўна з ёй супрацоўнічала. У 1993 годзе Менск падаў заяўку на ўступленне ў арганізацыю, але пасля дзяржаўнага перавароту 1996 года разгляд беларускай заяўкі быў адкладзены. Адной з галоўных умоваў для ўступу нашай краіны ў Раду Еўропу было ўвядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне, якое і дагэтуль працягвае дзейнічаць.

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланай Ціханоўскай у Радзе Еўропы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Тым не менш, усё гэта не перашкаджала афіцыйнаму Менску актыўна супрацоўнічаць з арганізацыяй, у тым ліку ў такіх сферах, як: медыцына, ахова прыроды, судовая сістэма, барацьба з карупцыяй, злачынствамі ў сферы ІТ. Са свайго боку Беларусь падпісала 12 нарматыўна-прававых актаў Рады Еўропы, у прыватнасці, Еўрапейскую культурную канвенцыю, Канвенцыю аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, Дадатковы пратакол да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю, Канвенцыю па кантрафактнай медычнай прадукцыі і аналагічнай злачыннай дзейнасці, што пагражае ахове здароўя.

Але 26 лістапада 2020 года міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей выставіў Радзе Еўропы ўмовы для далейшай супрацы – узаемадзейнічаць толькі з прадстаўнікамі рэжыму:

«Калі справа пойдзе далей такім чынам, што Рада Еўропы будзе без узгаднення з Беларуссю прымаць нейкія рашэнні пра праграмы супрацы з нашай краінай, дык мы проста спынім любое ўзаемадзеянне з гэтай арганізацыяй».

Але з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне, у якой дапамогу РФ аказвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, Рада Еўропы сама спыніла стасункі з уладамі ў Менску. У тым ліку ўдзел Беларусі ў пасяджэннях і іншых падзеях арганізацыі, Еўрапейскай фармакапеі, пагадненні ў спорце, антыкарупцыйнай арганізацыі і іншых ініцыятывах. Пры гэтым Рада Еўропы паабяцала ўмацоўваць стасункі з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, праваабарончымі арганізацыямі і незалежнымі медыямі.

Паседжанне ў Радзе Еўропы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У чэрвені, падчас выступу ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Святлана Ціханоўскай заклікала арганізацыю заснаваць працоўны камітэт для стасункаў з беларускай грамадзянскай супольнасцю. І 7 верасня Рада Еўропы вырашыла стварыць Кантактную групу для супрацы з беларускім грамадствам.

Як заяўляецца, кантактная група будзе дапамагаць Радзе Еўропы выпрацоўваць пазіцыі адносна Беларусі, каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў рамках розных праграмаў арганізацыі, рыхтаваць праекты рэформаў і дэмакратычных пераўтварэнняў для новай Беларусі. І ўсе гэта без прадстаўнікоў рэжыму ў Менску.

Што нам ад гэтага?

Сябра Прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ў каментары «Белсату» адзначыла важнасць таго, што ўпершыню на такім узроўні – узроўні Рады Еўропы – ёсць прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Раней Рада Еўропы падтрымлівала сувязі з рэжымам. Мы на гэтым узроўні ніколі не былі прадстаўленыя, бо не былі ўключаныя ў працу арганізацыі. Для Рады Еўропы гэта таксама такі першы досвед. Будзем глядзець, як мы зможам гэта развіць», – заявіла суразмоўца.

Сама сустрэча, паводле яе, была больш азнаямляльнай, абмяркоўвалася, што і як рабіць, у якіх кірунках развіваць супрацу. Было дамоўлена падрыхтаваць супольныя прапановы, каб на наступнай сустрэчы сфармаваць план, як рухацца далей.

У прыватнасці, у Рады Еўропы ёсць свае праекты для краінаў, якія сярод іншага ўключаюць экспертызу і рэсурсы, якія таксама мог вылучыць для іх.

«Думаю, што будуць рэалізоўвацца разам таксама пэўныя праекты. Для нас гэта добры кейс кантактаў, стасункаў, досведу, каб у тым ліку ўплываць на прыняцце рашэнняў», – адзначыла Вольга Кавалькова.

«Беспрэцэдэнтнае развіццё падзеяў»

Як «беспрэцэдэнтнае развіццё падзеяў» ахарактарызаваў утварэнне кантактнай групы ў эфіры «Студыі Белсат» Аляксандр Шлык, адмысловы прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у выбарах.

«Гэта першы прыклад, калі міжурадавая арганізацыя супрацоўнічае з народам краіны, які прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць, а не, тэхнічна кажучы, урад, які кантралюе зараз сітуацыю ў краіне».

Паводле Аляксандра Шлыка, «уся праца кантактнай групы будзе скіраваная на тое, каб рэалізоўваць праекты праграмаў падтрымання грамадзянскай супольнасці, будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў як на будучыню, так і, хочацца спадзявацца, на цяперашнія часы таксама».

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай адзначыў, што ўжо неўзабаве пачнецца падрыхтоўка канкрэтных праектаў.

«Нам трэба будаваць не проста дэмакратыю, а дэмакратыю, якая будзе існаваць працяглы час, якая будзе ўстойлівай. І менавіта для гэтага нам трэба карыстацца ведамі і рэсурсамі Рады Еўропы», – падкрэсліў Аляксандр Шлык.

Асаблівая ўвагу пры гэтым надаецца таксама пытанням ідэнтычнасці, мовы і культурных правоў. Раней, падчас супрацы Рады Еўропы з рэжымам у Менску, гэтым пытанням не надавалася шмат увагі.

На паседжанні кантактнай групы абмяркоўвалася і тое, што яе праца мусіць быць скіраваная перадусім на тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі і гатовы чуць парады Рады Еўропы. А вось звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека беларусы пакуль яшчэ не змогуць, бо для гэтага трэба яшчэ ратыфікаваць Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека і «стаць падсуднымі гэтаму суду».

«Гэта доўгі шлях наперадзе, але нашая стратэгічная мэта, і мы гэта падкрэсліваем штораз, – гэта ўступленне Беларусі ў Раду Еўропы. І праз стварэнне гэтай нефармальнай кантактнай групы мы зрабілі першы крок у гэтым кірунку», – заключыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў